Справу журналісткі Ларысы Шчыраковай у Гомельскім абласным судзе разглядаў Мікалай Доля. Працэс быў закрыты.
Палітзьняволеную, затрыманую 6 сьнежня 2023 году, абвінавачваюць паводле крамінальных артыкулаў 361-4 ч. 1 і 2 («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») і 369-1 («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»).
Паводле матэрыялаў справы, Ларыса Шчыракова нібыта зьмясьціла ў інтэрнэце зьвесткі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь. Яе вінавацяць таксама ў «зборы, стварэньні, апрацоўцы, захоўваньні і перадачы інфармацыі для „Вясны“ і „Белсату“».
У выніку 31 жніўня журналістцы прысудзілі 3 з паловай года зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму і штраф 3500 рублёў. Вядома, што яна не зьбіраецца абскарджваць прысуд.
30 траўня Ларыса Шчыракова мела першае спатканьне з сынам у гомельскім СІЗА. У пачатку чэрвеня ў яе памерла маці.
Камітэт правоў чалавека ААН разгледзеў звароты чацьвярых беларускіх журналістаў, у тым ліку Шчыраковай, і прызнаў Беларусь вінаватай у парушэньні іхных правоў на законнае права зьбіраць і распаўсюджваць інфармацыю, замацаванае артыкулам 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Як паведамляе БАЖ, у Камітэт правоў чалавека ААН праз сваіх прававых адвакатаў колькі часу таму зьвярталіся Тацяна Смоткіна, Зьміцер Лупач, Тамара Шчапёткіна і Ларыса Шчыракова.
Сутнасьць іх скаргі была ў тым, што ўлады Беларусі парушылі правы журналістаў на свабоду выказваньня думкі. Улады прыцягнулі гэтых журналістаў да адказнасьці і наклалі на ўсіх адміністрацыйныя штрафы быццам за распаўсюд прадукцыі СМІ без адпаведнай акрэдытацыі.
14 сакавіка 2023 году Камітэт ААН разгледзеў іх скаргі па сутнасьці.
У Камітэце ААН адзначылі, што частка 3-я артыкулу 19 Пакту дазваляе абмежаваньні свабоды выказваньня думак, у тым ліку свабоды выказваць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі толькі ў той ступені, у якой гэта прадугледжана законам, і толькі калі яны неабходныя для павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў; або для абароны нацыянальнай бясьпекі або грамадзкага парадку, або здароўя і маральнасьці насельніцтва.
БАЖ: Вырак Ларысе Шчыраковай — чарговая расправа і помста журналістам
З заявай адносна прысуду Ларысе Шчыраковай выступіла Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Арганізацыя назвала вырак журналістцы «помстай», бо «манаполія на інфармацыю — гэта тое, без чаго аніводныя дыктатарскія рэжымы ня могуць трымацца ля ўлады. Таму яны і перасьледуюць мэдыя і журналістаў».
Сёньня ў Беларусі 33 журналісты знаходзяцца за кратамі.
«Ларыса Шчыракова — прафэсійная журналістка са шматгадовым стажам, праваабаронца, дзяячка культуры. Такіх людзей ва ўсім сьвеце ўзнагароджваюць, а ў Беларусі яны доўгія гады перасьледуюцца за сваю дзейнасьць. Але ж журналісты — не злачынцы! Патрабуем скасаваньня прысуду Ларысе Шчыраковай і вызваленьня ўсіх нашых калег, якія апынуліся за кратамі за сваю прафэсійную дзейнасьць».