Больш як год за кратамі да суду правялі ўдзельнікі вядомага беларускага гурту Tor Band. Іх затрымалі 28 кастрычніка 2022 году. Сёлета 14 кастрычніка ў Гомлі ў закрытым рэжыме над музыкамі пачаўся суд.
31 кастрычніка абвінавачаным агучылі вырак. Дзьмітрый Галавач атрымаў 9 гадоў узмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу. Яўген Бурло — 8 гадоў узмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу. Андрэя Ярэмчыка асудзілі на 7,5 года ўзмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 9 гадоў калёніі. У Гомлі агучылі прысуд музыкам Tor BandПрысуд ім вынес судзьдзя Гомельскага абласнога суду Сяргей Салоўскі.
Абвінаваўцамі былі прадстаўнікі пракуратуры Ларыса Кучынская і Іван Мончанка.
Свабода сабрала ўсё, што вядома пра судзьдзю.
Адзіны сын у маці-інжынэра і бацькі-міліцыянта
Сяргей Салоўскі нарадзіўся ў сям’і інжынэра і міліцыянта. Ягоны бацька служыў у міліцыі, начальнікам упраўленьня па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі УУС Гомельскага аблвыканкаму. У сям’і Сяргей быў адзіным сынам. Пасьля школы будучы судзьдзя паступіў на юрыдычны факультэт. Калі быў студэнтам, ягоны тата расказваў пра сына для газэты «Гомельская праўда».
«Ён ужо абазначае сур'ёзнае жаданьне працаваць у сыстэме МУС. Сын ніколі не разьлічвае ў нейкіх пытаньнях на мяне, ён ведае, што толькі сваёй працай, сваім стаўленьнем можна нечага дабіцца ў жыцьці. Ён жыва цікавіцца юрыспрудэнцыяй», — апавядаў Аляксандар Салоўскі.
Цяпер Сяргею Салоўскаму 38 гадоў, ён 1985 году нараджэньня. Кар’еру судзьдзі пачаў будаваць у Ветцы. Там займаўся ў асноўным «побытавым» крыміналам. Напрыклад, адпраўляў вяскоўцаў у ЛПП (лячэбна-працоўны прафілякторый).
«Карэктаваньнем жыцьцёвага шляху веткаўчан з прымяненьнем сэансаў працатэрапіі ў хуткім часе зоймуцца спэцыялісты Сьветлагорскага ЛПП. Аб гэтым стала вядома пасьля выязных судовых паседжаньняў, якія прайшлі ў Веткаўскім РАУС пад старшынствам судзьдзі Сяргея Салоўскага», — пісала ў 2017 годзе выданьне «Голас Веткаўшчыны».
У лютым 2020 году Сяргея Салоўскага прызначылі судзьдзём у Гомель. Ягоным новым месцам працы стаў суд Цэнтральнага раёну Гомля. Ужо ў сакавіку 2020 году Сяргей Салоўскі «праславіўся шматлікімі палітычнымі прысудамі».
Любіў пазьдзекавацца з тых, каго адпраўляў на суткі
Увесну 2020 году, яшчэ да пратэстаў, судзьдзя адзначыўся некалькімі рашэньнямі ў дачыненьні да журналістаў і актывістаў. Некалькі разоў ён судзіў вядомую журналістку (цяпер яна ў калёніі па крымінальнай справе. — РС) Ларысу Шчыракову.
За супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат» Салоўскі выпісваў журналістцы штрафы.
Ён адпраўляў на «суткі» актывістаў, якія ўдзельнічалі ў акцыях Сяргея Ціханоўскага «Кармленьне галубоў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі журналістаў-фрылансэраў пакаралі штрафамі за апытаньне студэнтаў пра каранавірусУвесну 2020 году ён быў адным з самых актыўных судзьдзяў, хто праводзіў палітычныя суды.
Пасьля жнівеньскіх падзей Салоўскі пачаў прысуджаць актывістам ня толькі «суткі», але і зьняволеньне ў калёніі.
«Маю прыяцельку ён судзіў па адміністрацыйным артыкуле за ўдзел у акцыі. Гэта быў жнівень 2020 году. Ён ня проста выносіў рашэньне — стараўся максымальна пазьдзекавацца з чалавека. Прыяцельку адкрыта ў судзе абвінавачваў, што „вы ўсе праплачаныя, колькі табе заплацілі, я ведаю, што вам даюць за стаяньне каля цырку па 60 рублёў“. Я была і на іншых працэсах зь яго ўдзелам. Склалася адчуваньне, што ён проста кайфуе ад сваёй ролі судзьдзі», — расказала Свабодзе адна з жыхарак Гомля, якая ў 2020-м прысутнічала на палітычных судах як валянтэрка.
За тыдзень — дзясяткі прысудаў проста ў ізалятары часовага ўтрыманьня
У жніўні-верасьні 2020 году Сяргей Салоўскі «адзначыўся» тым, што рашэньні пра «суткі» для ўдзельнікаў акцый выносіў проста ў будынку ізалятара часовага ўтрыманьня. За тыдзень ён вынес дзясяткі такіх пастаноў. Людзей выводзілі з камэр і празь некалькі хвілін вярталі назад, з рашэньнем арыштаваць на 10–20 сутак.
Увосень 2020-га Сяргей Салоўскі пачаў караць людзей тэрмінамі на «хіміі» і ў калёніі. Два гады «хіміі» ад Салоўскага атрымаў 26-гадовы Рыгор Васіленка. 16 жніўня 2020 году на масавай акцыі пратэсту ў Гомлі ён разам зь іншымі людзьмі зьняў чырвона-зялёны сьцяг з мачты на плошчы Леніна і замяніў яго на бел-чырвона-белы.
Абвінавачаньне гучала так, што Рыгор Васіленка, «наўмысна парушаючы грамадзкі парадак, дэманстратыўна выказваючы сваю ўсёдазволенасьць і выключны цынізм, праяўляючы непавагу да грамадзтва, пагарджаючы агульнапрынятымі нормамі маралі, супрацьпастаўляючы сваю асобу грамадзтву і дзяржаве», зьняў чырвона-зялёны сьцяг і падняў бел-чырвона-белы, які «не зьяўляецца атрыбутам дзяржаўнай улады».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дэманстратыўна выказваючы выключны цынізм». Жыхара Гомля судзяць за замену чырвона-зялёнага сьцягаУ 2021 годзе Салоўскі судзіў жыхарку Гомля Ларысу Кузьменку. У яе псыхічнае захворваньне, сындром кляўстрафобіі. Тым ня менш Ларысу Кузьменку трымалі ў СІЗА. Затым судзьдзя Салоўскі даў ёй 2 гады калёніі за ўдзел у маршы 27 верасьня 2020 году.
Адпраўляў ён у калёнію і іншых удзельнікаў маршаў. Так, зьняволеньне атрымаў жыхар Рэчыцы Максім Ялканаў.
Увосень 2021 году Сяргей Салоўскі судзіў праваабаронцу Леаніда Судаленку. Заклікі праваабаронцы ў Facebook сустрэць жыхарку Гомля з ІЧУ, прапанова дапамагчы шматдзетнай сям’і купіць дровы на зіму, правядзеньне сэмінару зь бясьпекі суд расцаніў як «арганізацыю і падрыхтоўку да дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (артыкул 342 КК). Праваабаронца атрымаў 3 гады зьняволеньня.
«Фанабэрысты чалавек»
«Што адразу кінулася ў вочы — фанабэрысты чалавек», — так Леанід Судаленка ахарактарызаваў Свабодзе судзьдзю Сяргея Салоўскага.
На судзе праваабаронца заяўляў 11 адводаў судзьдзі, але ўсе адхілілі. Калі Судаленка папрасіў судзьдзю аб спатканьні з жонкай, то на сваю заяву атрымаў адказ: «Няма прававых падстаў». Тады праваабаронца абскардзіў гэты адказ у старшыні суду, і яму дазволілі спатканьне.
«На судзе быў такі момант, што мяне абвінавачвалі ў правядзеньні сэмінару па бясьпецы. Пасьля сэмінару ягоныя ўдзельнікі былі ў рэстаране. Да крымінальнай справы далучылі нават мэню! І вось судзьдзя Салоўскі, вывучаючы гэтае мэню на судзе, сказаў зьедліва: „Праваабаронцы качку ў вяршковым соўсе есьці сабе дазволілі“. Я заявіў тады, што гэта ж ня мае ніякага дачыненьня да справы, трэба было яшчэ ў крымінальную справу запісаць — на якім менавіта тралейбусе мы ехалі ў рэстаран», — заўважыў Судаленка.
Ён дадаў, што праз «наяўнасьць» малалетняга на той момант сына судзьдзя па законе мусіў бы «скінуць мне хоць адзін дзень, але не — даў тэрмін па поўнай».
«Калі Салоўскі абвясьціў прысуд і спытаўся, ці ўсё мне зразумела, я сказаў: «Мне зразумела, што са сваім сумленьнем вы дамовіліся, але не зразумела, як вы дамовіліся з законам», — кажа праваабаронца.
Ён лічыць, што судзьдзя зьдзейсьніў крымінальнае злачынства, калі адправіў у турму як яго, так і гурт Tor Band.
«Я нават з калёніі спрабаваў накіраваць заяву ў пракуратуру на судзьдзю Салоўскага. Але опэр мне сказаў, што злачынца — я, а ня ён. Бо я маю прысуд, які ўступіў у сілу, а Салоўскі — не. Опэр сказаў, што калі яшчэ раз паспрабую напісаць заяву на судзьдзю, то магу атрымаць крымінальную справу за паклёп на судзьдзю», — дадаў Судаленка.
Ён кажа, што калі ў Беларусь вернецца закон і Канстытуцыя, то зоймецца тым, каб прыцягнуць судзьдзю да крымінальнай адказнасьці.
«Каб мне сказалі даць расстрэл, думаю, судзьдзя Салоўскі знайшоў бы спосаб, каб даць мне яго», — дадаў Судаленка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Такога ў гісторыі Беларусі яшчэ не было». Як у сеціве адрэагавалі на прысуд Тоr BandШто вядома пра пракурораў, якія абвінавацілі Tor Band
Абвінаваўцамі на судзе выступалі прадстаўнікі пракуратуры Іван Мончанка і Ларыса Кучынская.
Іван Мончанка цяпер служыць у абласной пракуратуры і часам расказвае моладзі пра «гістарычную памяць» і «генацыд беларускага народу».
Кар’еру пракурора ён пачынаў у Сьветлагорску, затым працаваў у райцэнтры Карма ў Гомельскай вобласьці.
«Праблемы выбару прафэсіі ў Івана Мончанкі не было. Ён ведаў, што стане юрыстам. Маці — адвакат, старэйшая сястра — працаўнік пракуратуры», — пісала раённая газэта «Зара над Сожам».
Пра Ларысу Кучынскую з пракуратуры, якая працуе ў аддзеле нагляду за адпаведнасьцю закону судовых рашэньняў па крымінальных справах, вядома, што яна мае мэдаль «За бездакорную службу 3 ступені», якую атрымала ў 2019 годзе.
За што менавіта музыкі атрымалі тэрміны?
Суд праходзіў у закрытым рэжыме, а адвакаты мелі падпіску аб неразгалошваньні. Фактычна невядома, за што менавіта пакаралі музыкаў. Немагчыма цяпер даведацца, хто праводзіў экспэртызу іх песень, якія словы там «распальвалі варожасьць», а якія — «абражалі Лукашэнку».
Свабодзе стала вядома, колькі гадоў далі музыкам і па якіх артыкулах.
За «распальваньне варожасьці» групай асобаў (частка 3 артыкула 130 КК) Галавачу прызначылі 7 гадоў, Бурло — 6 гадоў і 6 месяцаў, Ярэмчыку — 6 гадоў.
За «абразу Лукашэнкі» (артыкул 368 КК) Галавач і Бурло атрымалі па паўтары года калёніі, Ярэмчык — 1 год.
За «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь» (артыкул 369-1 КК) усе атрымалі па паўтара года калёніі і штраф 100 базавых велічынь.
За «стварэньне і кіраваньне экстрэмісцкім фармаваньнем» (артыкул 361-1 КК) Галавач і Бурло атрымалі 5 і 4 гады адпаведна.
За «ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні» Ярэмчык атрымаў 3 гады.
Шляхам частковага складаньня тэрмінаў канчаткова музыкі атрымалі 9, 8 і 7,5 года зьняволеньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Музыкам TOR BAND пагражае да 12 гадоў. Сяброўка ўдзельнікаў гурту ўпершыню расказвае пра іхную справу