Суд Цэнтральнага раёну Гомля 19 траўня разгледзеў адміністрацыйныя справы журналістаў-фрылансэраў Ларысы Шчыраковай і Андрэя Толчына, паведамляе БелаПАН.
Пратаколы былі складзеныя на іх міліцыяй паводле артыкулу 22.9 КаАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ). Судзьдзя Сяргей Салоўскі ўгледзеў у іхных дзеяньнях парушэньне артыкулу 22.9 КаАП і пакараў штрафам у 945 рублёў (35 базавых велічынь) кожнага.
Журналісты здымалі на відэа апытаньне гомельскіх студэнтаў аб неабходнасьці карантыну ў Беларусі ў сувязі з каранавірусам. Гэтае відэа было паказана на тэлеканале «Белсат». Фрылансэраў абвінавацілі ў працы на замежны СМІ без акрэдытацыі ў МЗС.
«Прычым у сюжэт „Белсату“ з нашага апытаньня трапілі тры сказы па 15 сэкундаў», — паведаміла БелаПАН Ларыса Шчыракова.
«Амаль два гады мяне не судзілі, — расказала яна. — Потым у красавіку 2020 году зноў узяліся — судзілі ў дзень майго нараджэньня, 13 красавіка, за сюжэт пра акцыю, арганізаваную блогерам Ціханоўскім у Гомлі. Таксама далі штраф 35 базавых».
«Я расцэньваю гэтыя суды як запалохваньне перад выбарамі прэзыдэнта. Яшчэ прыйшоў пратакол за здымкі ў Камунары Буда-Кашалёўскага раёну аб каранавірусе. Суд паводле гэтага пратаколу яшчэ наперадзе. Гэта каб адпомсьціць і напалохаць, каб не асьвятлялі эпідэмію», — лічыць журналістка.
Яна нагадала словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што «трэба разабрацца з ананімнымі тэлеграм-каналамі».
«А навошта міліцыі напружвацца і шукаць аўтараў тэлеграм-каналаў, прасьцей дастаць сьпіс »нядобранадзейных« журналістаў, цягаць іх па судах і напісаць справаздачу, што яны змагаюцца», — дадала Шчыракова.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.