Хроніка перасьледу 1 лістапада: затрымалі экс-кіраўніка АГП Васіля Палякова; затрыманьні ў Шчучыне

Васіль Палякоў, архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Затрыманьне ў Горадні

Сілавікі апублікавалі «пакаяльнае відэа» з гарадзенцам Сяргеем Чэкелем, дзе яго прымушаюць гаварыць пра сваё затрыманьне за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Таксама затрыманы нібыта браў удзел у акцыях пратэсту, піша @Grodno_grab.

У Гомлі затрымалі Васіля Палякова

Пра гэта на сваёй старонцы паведаміў прадстаўнік Офісу Ціханоўскай Анатоль Лябедзька.

«Выклікалі па позьве, у якой быў указаны артыкул па адміністрацыйнай справе. Праз пару гадзін прывезьлі ў кайданках дахаты. Правялі вобшук, забралі тэхніку, паперы. І, натуральна, Васіля», — напісаў ён.

Васіль — былы настаўнік гісторыі, звольнены з палітычных матываў. Шматразова ўдзельнічаў у розных палітычных кампаніях, пэўны час узначальваў Аб’яднаную грамадзянскую партыю.

Сілавікі зладзілі аблаву на дзяржаўным прадпрыемстве ў Шчучыне

У Шчучыне прайшлі масавыя затрыманьні супрацоўнікаў філіялу «Гроднааблаўтатранса» — аўтапарка № 12. «Хапун» доўжыўся два дні, паведамляе Hrodna.life.

Прычынай аблавы на дзяржаўным прадпрыемстве стала «распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў» у інтэрнэце. Колькі ўсяго чалавек затрымалі, невядома. На мінулым тыдні работнікам аўтапарка распавялі пра Рэспубліканскі пералік экстрэмісцкіх матэрыялаў, адзначае выданьне.

На мінулым тыдні прапагандысты паведамілі аб «зачыстцы» ў Горадзенскім занальным інстытуце расьлінаводзтва Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, які таксама знаходзіцца ў Шчучыне. Некаторых супрацоўнікаў установы прыцягнулі да адказнасьці за тое ж «распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 31 кастрычніка: 3 гады «хатняй хіміі» дзьвюм выкладчыцам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рамесьніцтва, чаканьне прытулку, вывучэньне францускай. Чым займаюцца лідэры ліквідаваных апазыцыйных партый