Беларус па балотах перасек мяжу з Украінай, каб уладкавацца там на працу. Яго затрымалі

Ахова ўкраінскай мяжы пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну. Ілюстрацыйнае фота

Ён змог прайсьці ад беларускай мяжы па ўкраінскай тэрыторыі ўсяго 800 мэтраў, калі яго заўважылі ўкраінскія памежнікі і затрымалі.

Грамадзянін Беларусі праз балоты незаконна перасек беларуска-ўкраінскую мяжу, каб трапіць да знаёмых і ўладкавацца на працу ва Ўкраіне.

Ён змог прайсьці ад беларускай мяжы па ўкраінскай тэрыторыі ўсяго 800 мэтраў, калі яго заўважылі ўкраінскія памежнікі і затрымалі. Гэта адбылося 24 кастрычніка на кірунку Парэ (Пінскі раён, Берасьцейская вобласьць) — Ненькавічы (Ровенская вобласьць).

У судзе, які яго аштрафаваў на 8,5 тысячы грыўняў (прыблізна 240 даляраў у эквіваленце) за незаконнае перасячэньне мяжы, беларус паведаміў, што працаваў токарам на рачным порце ў Пінску і выступае супраць «палітычнага рэжыму ў Беларусі».

Пакуль невядома, дзе цяпер знаходзіцца беларус. Свабода зьвярнулася ў суд, каб высьветліць яго далейшы лёс.

«У судовым пасяджэньні ад паслуг перакладчыка і адваката беларус адмовіўся. Па стане на 30 кастрычніка пастанова суда (аб адміністрацыйным пакараньні. – РС) яшчэ не набыла законную моц. Пытаньне выдварэньня або знаходжаньня ва Ўкраіне такой асобы не зьяўляецца паўнамоцтвам суда ў гэтай справе», – адзначылі ў судзе на запыт Свабоды.

Згодна з заканадаўствам Украіны, беларус можа абскардзіць пастанову аб адміністрацыйным пакараньні цягам 10 дзён. Таму цалкам магчыма, што пакуль гэты беларус застаецца на тэрыторыі Ўкраіны.

Беларуская вёска Парэ ўваходзіць у памежную зону, аднак памежнага пераходу ў вёсцы няма. Вёска знаходзіцца на правым беразе ракі Прастыр, ад Парэ ў кірунку Ўкраіны — вялікая забалочаная тэрыторыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна на паўночных межах з Расеяй і Беларусьсю ўсталявала больш за паўмільёна супрацьтанкавых мін

Раней камандуючы Аб’яднанымі сіламі Ўкраіны Сяргей Наеў, які адказвае за паўночны апэрацыйны кірунак, заявіў, што на паўночных межах Украіны вайскоўцы паставілі больш за 500 тысяч супрацьтанкавых мін.