Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна на паўночных межах з Расеяй і Беларусьсю ўсталявала больш за паўмільёна супрацьтанкавых мін

абноўлена

Камандуючы Аб’яднанымі сіламі Ўкраіны Сяргей Наеў, які адказвае за паўночны апэрацыйны кірунак. Архіўнае фота
Камандуючы Аб’яднанымі сіламі Ўкраіны Сяргей Наеў, які адказвае за паўночны апэрацыйны кірунак. Архіўнае фота

Сяргей Наеў паведаміў, што Расея на сваёй тэрыторыі з паўночнага кірунку Ўкраіны сканцэнтравала каля 19 тысяч сваіх вайскоўцаў. У той жа час, паводле яго, украінскі бок пакуль ня бачыць прыкметаў фармаваньня ўдарных груповак войскаў.

Камандуючы Аб’яднанымі сіламі Ўкраіны Сяргей Наеў, які адказвае за паўночны апэрацыйны кірунак, заявіў, што шчыльнасьць усталяваных мін на памежнай з Расеяй і Беларусьсю тэрыторыі з чэрвеня 2022 году павялічылі ў 16 разоў.

«На асноўных кірунках імавернага наступу праціўніка з чэрвеня 2022 году да цяперашняга часу ўсталявалі больш за 500 тысяч супрацьтанкавых мін. У прыватнасьці, супрацьтанкавыя мінныя палі, супрацьтанкавыя групы мін, камплекты супрацьпяхотных выбуховых прыладаў, фугасаў, замінаваных завалаў і гэтак далей. Шчыльнасьць мінна-выбуховага агароджваньня павялічылі ў 16 разоў», — паведаміў Сяргей Наеў у інтэрвію інфармацыйнаму агенцтву Укрінформ.

Апроч таго, паводле яго, мясцовыя ўлады таксама працягваюць ствараць і ўмацоўваць фартыфікацыйныя аб’екты.

«Мы разам ствараем такія ўмовы, каб дзяржаўная мяжа Ўкраіны ў Паўночнай апэрацыйнай зоне была цалкам непраходная для варожых сіл», — падкрэсьліў ён.

Сяргей Наеў паведаміў, што Расея на сваёй тэрыторыі з паўночнага кірунку Ўкраіны сканцэнтравала каля 19 тысяч сваіх вайскоўцаў. У той жа час, паводле яго, украінскі бок пакуль ня бачыць прыкметаў фармаваньня ўдарных груповак войскаў. «Сытуацыю стала маніторым і адсочваем», — падкрэсьліў камандуючы Аб’яднанымі сіламі Ўкраіны Сяргей Наеў, які адказвае за паўночны апэрацыйны кірунак.

Сяргей Наеў паведаміў, што з кастрычніка 2022 да ліпеня 2023 году на палігонах Беларусі прайшлі навучаньне каля 24 тысяч мабілізаваных расейцаў, а на аэрадромах Беларусі застаюцца толькі тры баявыя самалёты (Су-30СМ) і два самалёты-выведнікі (Су-24МР), якія залучаюць да выкананьня задач Адзінай рэгіянальнай сыстэмы СПА.

Аляксандар Лукашэнка падтрымаў агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіў з 24 лютага 2022 году скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

Пэўны час ва Ўкраіне не выключалі новага наступу з тэрыторыі Беларусі, а пасьля адыходу расейскіх войскаў з Чарнігаўскай і Кіеўскай абласьцей пачалі ўмацоўваць мяжу зь Беларусьсю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG