Данія і ЗША выдзяляюць Украіне новыя пакеты вайсковай дапамогі

Будынак Міністэрства абароны ЗША (Пэнтагон), Вашынгтон.

Злучаныя Штаты выдзяляюць Украіне дадатковую дапамогу на 150 мільёнаў даляраў, абвясьціў 26 кастрычніка амэрыканскі ўрад. Пазьней у той жа дзень ўрад Даніі паведамі пра дапамогу прыкладна на 520 мільёнаў даляраў.

Амэрыканская дапамога — гэта сорак дзявяты транш абсталяваньня, якое адміністрацыя Байдэна прадастаўляе Ўкраіне з запасаў Міністэрства абароны са жніўня 2021 году.

Пакет уключае:

  • дадатковыя боепрыпасы для комплексаў NASAMS
  • ракеты СПА AIM-9M
  • зэнітныя ракеты Stinger
  • дадатковыя боепрыпасы для сыстэмаў HIMARS
  • артылерыйскія снарады калібру 155 мілімэтраў і 105 мілімэтраў
  • ракеты TOW
  • сыстэмы Javelin
  • больш за 2 млн. патронаў да стралковай зброі
  • прыборы начнога бачаньня
  • выбуховыя боепрыпасы для ліквідацыі перашкодаў
  • абсталяваньне для халоднага надвор’я
  • запасныя часткі, тэхнічнае абслугоўваньне і іншае дапаможнае абсталяваньне


Міністэрства абароны ЗША назвала пакет «яшчэ адным бачным сыгналам» падтрымкі Ўкраіны Вашынгтонам.

«Дапамога Украіне ў галіне бясьпекі — разумная інвэстыцыя ў нашу нацыянальную бясьпеку. Гэта дапамагае прадухіліць большы канфлікт у рэгіёне і стрымаць патэнцыйную агрэсію ў іншых месцах, адначасова ўмацоўваючы нашу абаронна-прамысловую базу і ствараючы высокакваліфікаваныя працоўныя месцы для амэрыканскага народу», — гаворыцца ў заяве.

Днямі прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьвярнуўся да амэрыканскага народу з адмысловым зваротам, у якім гаварыў пра неабходнасьць далейшай падтрымкі Ўкраіны ў барацьбе з расейскай агрэсіяй і салідарнасьці з Ізраілем у адказ на напад групоўкі ХАМАС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн запрасіў у Кангрэсу 106 млрд даляраў для Ўкраіны, Ізраіля і нацыянальнай бясьпекі ЗША

Тым часам, Данія выдаткавала Ўкраіне вайсковую дапамогу ў памеры 3,7 мільярда крон, што складае прыкладна 520 мільёнаў даляраў. Пра гэта 26 кастрычніка паведаміла дацкае Міністэрства абароны.

Пакет дапамогі ўключае танкі Т-72, БМП-2, артылерыйскія боепрыпасы, бясьпілотныя лятальныя апараты і стралковую зброю, а таксама бранятанкавую інжынэрную і эвакуацыйную тэхніку (дадзены від тэхнікі прадставіць Данія сумесна зь Нямеччынай).

«Я сустрэўся са сваім украінскім калегам у аўторак (24 кастрычніка) у Кіеве і атрымаў новую інфармацыю аб сытуацыі ва Ўкраіне, часткова аб патрэбах Украіны ў барацьбе з расейскім уварваньнем. Менавіта на падставе перамоваў з украінцамі быў сабраны трынаццаты і поўны пакет ахвяраваньняў Даніі», — сказаў міністар абароны Тролс Лунд Поўлсэн.

Трынаццаты пакет дапамогі фінансуецца Ўкраінскім фондам, які быў створаны ўрадам Даніі ў сакавіку 2023 года, адразу пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Белым доме афіцыйна пацьвердзілі перадачу Ўкраіне ракет ATACMS. Экспэрты расказалі, як гэта паўплывае на баявыя дзеяньні

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.