Паводле статыстыкі, «сярэдні беларус», пачынаючы з 15 гадоў, выпівае больш за 10 літраў алькаголю на год .
З 1994 году ў Беларусі вытворчасьць гарэлкі вырасла на 23%. Вытворчасьць вінаграднага віна за гэты час вырасла ў 4,6 раза. У 2021 годзе ў Беларусі вырабілі 19 літраў гарэлкі на кожнага жыхара рэспублікі.
З прыходам да ўлады Лукашэнкі вытворчасьць алькаголю ўвесь час расьце. Паступова амаль увесь алькаголь пачала вырабляць дзяржава.
У Беларусі пасьлядоўна расьце як колькасьць людзей, якія трапляюць на прымусовае лячэньне ў ЛПП (лячэбна-працоўныя прафілякторыі), так і колькасьць саміх установаў. У 2014 годзе ў Беларусі было шэсьць ЛПП, цяпер іх дзевяць. Дзясяты плянуюць адкрыць на базе калёніі ў Івацэвічах.
Са студзеня 2024 году хопіць двух «пʼяных» правапарушэньняў, каб адправіцца ў прафілякторый
Пра тое, ці можна вылечыцца ад алькагалізму ў ЛПП, чаму па вызваленьні былыя пацыенты часта бягуць адразу ў краму па бутэльку і зь якой мэтай зьмяняецца закон, Свабода пагутарыла з былым пацыентам прафілякторыю Віталём Жуком і лекарам, праваабаронцам Васілём Завадзкім.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 27 гадоў віна сталі рабіць у 4,6 раза больш. Як дзяржава зарабляе на алькаголі ў Беларусі. ВІДЭАШто такое ЛПП і як дзяржава аблягчыла сабе задачу адпраўляць туды беларусаў
Лячэбна-працоўныя прафілякторыі прыдумалі ў СССР у 1967 годзе. Пасьля развалу Савецкага Саюзу такія ўстановы засталіся толькі ў Беларусі, Туркмэністане і непрызнанай Прыднястроўскай рэспубліцы.
Беларусаў у ЛПП трапляе год ад году ўсё больш. Калі ў 2006 годзе ў ЛПП накіравалі 3998 чалавек, у 2008-м — 5035, у 2010-м — 5950, то за апошнія тры гады туды трапляюць у сярэднім 7 тысяч чалавек штогод.
На ўліку ў нарколягаў стаіць каля 160 тысяч чалавек. Гэта патэнцыйныя кандыдаты ў ЛПП.
Парадак зьмяшчэньня ў ЛПП і знаходжаньня там зьмяняецца амаль штогод. У 2021 годзе ўлады павялічылі тэрмін, на які чалавека можна адправіць у прафілякторый. Раней гэта быў год, пасьля 2021 — два гады. Пры гэтым адміністрацыя ЛПП можа працягнуць гэты тэрмін яшчэ на шэсьць месяцаў.
Новым заканадаўствам прадугледжана спрошчаная працэдура зьмяшчэньня ў прафілякторый. Дастаткова будзе двух правапарушэньняў за год у стане алькагольнага апʼяненьня — і чалавек можа трапіць на прымусовае лячэньне. Да новага заканадаўства трэба было мець чатыры «пʼяныя» правапарушэньні.
Зьмены пагоршылі і сытуацыю людзей, залежных ад наркотыкаў. Цяпер грамадзяне, якія зьвернуцца ці паступяць у ўстановы аховы здароўя з атручэньнем, зьвязаным з ужываньнем наркатычных сродкаў, атрымаюць афіцыйнае папярэджаньне аб накіраваньні ў ЛПП.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У мяне рак і панкрэатыт, яны што — зусім ужо?» Былога палітвязьня міліцыя абавязала палячыцца ад алькагалізму«Мэта ў рэжыму тут адна — патрэбная бясплатная працоўная сіла»
Былога палітвязьня Віталя Жука затрымлівалі ў 2021 годзе, неўзабаве пасьля гэтага Жук трапіў у ЛПП.
Жук кажа, што ў прафілякторый трапіў праз даўні канфлікт зь міліцыяй у Кобрыні.
«Плюс паўплываў мой удзел у палітычных падзеях у 2020 годзе. Гэты 2020 год даў поўны карт-блянш міліцыянтам. Так у 2021 годзе я апынуўся ў прафілякторыі», — тлумачыў Віталь.
Ён чытаў пра новаўвядзеньне, «паскораную працэдуру» зьмяшчэньня ў ЛПП, і лічыць, што «рэжыму патрэбная бясплатная працоўная сіла».
«ЛПП — гэта канцлягер, гэта ўзаконенае рабства. З гэтай назвы трэба прыбраць „лячэбны“ і „прафілякторый“. Бо там ніхто ня лечыць. Толькі перад вызваленьнем цябе вядуць да начальства, каб ты падпісаў паперкі, што „прайшоў лячэньне“. Людзі выходзяць з такой „лячэбнай установы“ і адразу бягуць у краму па бутэльку. Таму што ўвесь тэрмін яны пад неймаверным псыхалягічным ціскам і цяжка працуюць», — кажа былы вязень.
Ён узгадвае, што за два месяцы цяжкай працы атрымаў 7 рублёў. Кажа, што іншыя могуць атрымаць і 50 капеек. Грошы вылічваюць за камунальныя, утрыманьне ў прафілякторыі, харчаваньне. Плюс некаторыя мусяць плаціць алімэнты.
«Гэта проста рабства. За адмову працаваць пойдзеш у ШЫЗА. У ЛПП яно нашмат горшае, чым у калёніі. Я быў там і там, таму магу параўнаць. Гэта проста беларускі ГУЛАГ», — кажа Віталь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы палітвязень расказаў пра шэсьць месяцаў у лячэбна-працоўным прафілякторыі. Сьцьвярджае, што там рабілі прадукцыю для краін ЭЗ«Праблему алькагалізму ў рэпрэсіўным полі ніяк ня вырашыць»
Праваабаронца і лекар Васіль Завадзкі ў мінулым узначальваў мэдычную службу Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. Да гэтай пасады ён працаваў лекарам у розных калёніях, быў начальнікам Рэспубліканскай бальніцы для зьняволеных.
Пра новае «алькагольнае» заканадаўства ён кажа, што, з аднаго боку, гэта сьведчаньне праблемы. З другога — укладаецца ў кантэкст узмацненьня атмасфэры страху ў грамадзтве.
«Каб людзі баяліся, што будуць пакараныя за што заўгодна. Два правапарушэньні, нейкія нядобрыя стасункі з участковым — і вялікія шанцы трапіць у ЛПП. Безумоўна, слова „лячэбны“ не адпавядае сэнсу. Бо каб быў лячэбны, то гэтым бы займалася Міністэрства аховы здароўя і былі б іншыя падыходы», — лічыць праваабаронца.
Ён згаджаецца, што для людзей з залежнасьцямі можа быць патрэбная ахова, бо такі кантынгент. Але лячэбны падыход дыктаваў бы зусім іншую канцэпцыю такіх установаў.
«Маглі б быць працоўныя майстэрні, дзе добраахвотна, за пазытыўную матывацыю людзі працавалі б. Але тут гаворка ідзе пра прымусовую працу, і назва зусім супярэчыць таму, што ёсьць насамрэч. Калі гаварыць пра імкненьне вырашыць праблему алькагалізацыі, то рашэньне палягае не ў рэпрэсіўным полі», — тлумачыць Васіль Завадзкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зь вітамінаў — адзін нясьпелы яблык за лета». Былыя турэмны лекар і палітвязень пра хваробы і мэдыцыну за кратамі