У судзе Бабруйскага раёну і горада Бабруйску 24 кастрычніка вынесьлі прысуд Яўгену Хачатураву ў крымінальнай справе аб зьдзеку зь дзяржаўных сымбаляў (арт. 370 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядала судзьдзя Вольга Серакова.
Паведамляецца, што ў жніўні 2023 года Хачатураў наўмысна сарваў з будынка аднаго з гандлёвых аб'ектаў Бабруйску дзяржаўны сьцяг, зламаўшы пры гэтым дрэўка сьцяга, пасьля чаго трымаў яго ў руках і размахваў ім над сабой.
Суд прызнаў яго вінаватым і прызначыў пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі тэрмінам на 1 год і 6 месяцаў з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 25 кастрычніка: на Гомельшчыне затрымалі 9 чалавек за «экстрэмісцкія» падпіскіМужчыну асудзілі на 2,5 гады «хатняй хіміі» за стаяньне ў счэпцы на менскай акцыі пратэсту
У судзе Заводзкага раёну Менск дзясятага кастрычніка асудзілі Кірыла Ахрэмчыка паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса. Судзьдзя Алена Капцэвіч прызначыла Кірылу 2 гады і 6 месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).
Кірыла абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў Менску ў 2020 годзе, выхадзе на праезную частку і перакрыцьці руху грамадзкага транспарту. Таксама мужчыну паставілі ў віну знаходжаньне ў счэпцы ў першых шэрагах пратэстоўцаў на вуліцы Максіма Багдановіча ў Менску. Фотаздымкі з гэтым эпізодам сілавкі знайшлі ў адным з тэлеграм-каналаў. Кірыл цалкам прызнаў віну.
Пасьля абвяшчэньня прысуду Кірыла вызвалілі з-пад варты ў зале суда.
Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманьні ў Ваўкавыску і Наваградку
«Медиазона» паведамляе, што ў Ваўкавыску за падпіскі на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы сілавікі затрымалі работнікаў Ваўкавыскай цэнтральнай раённай лякарні і аддзяленьня «Белтэлекам», відэа зь імі зьявілася ў блізкім да сілавікоў тэлеграм-канале.
Адзін з затрыманых на камэру кажа, што працуе ў Ваўкавыскай ЦРБ. Мяркуючы па сацсетках, мужчыну завуць Аляксандар Скіруха. Ён кажа, што ў сацсетках распаўсюджваў «экстрэмісцкія» матэрыялы. Другі затрыманы кажа, што працуе ў «Белтэлекаме». Мяркуючы па сацсетках, яго завуць Ігар Палікша. Затрыманы кажа, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у «незаконных» мітынгах і таксама быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы. Па якім артыкуле затрыманыя мужчыны і дзе яны цяпер знаходзяцца — невядома.
Тэлеграм-канал «Право имеют» піша пра аблавы ў Наваградку. Паводле інфармацыі яго крыніц, затрыманьні адбыліся на Навагрудзкім масларобным камбінаце, а таксама на Навагрудзкім заводзе газавай апаратуры, дзе, паводле інфармацыі канала, затрымалі ня менш за тры чалавекі. Падрабязнасьці і прычын затрыманьняў невядомыя.
Затрыманьні ў Шчучыне: сілавікі прыйшлі ў інстытут расьлінаводзтва НАН
Затрыманьні прайшлі ў Горадзенскім занальным інстытуце расьлінаводзтва Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў Шчучыне. Пра гэта паведамілі ў мясцовым Telegram-канале сілавікоў, заўважыла Hrodna.Life.
Цягам двух дзён там затрымалі некалькі супрацоўнікаў. Іх прыцягнулі да адказнасьці за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у інтэрнэце.
Гэта навукова-дасьледчая ўстанова займаецца пошукам найбольш эфэктыўных спосабаў і прыёмаў гаспадараньня на зямлі, укараняе дасягненьні навукі і практыкі ў вытворчасьць і рыхтуе кадры. Бярэ пачатак ад Віленскай батанічна-сельска-гаспадарчай досьледнай станцыі.