Глядзець размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты
- Пасьля таго як мы апублікавалі наша расьсьледаваньне пра абыход праз Казахстан і Кіргізстан санкцый на экспарт беларускай драўніны ў Эўразьвяз, пастаўкі ў Літву драўніны зь нібыта Кіргізстану практычна абнуліліся. Але пры гэтым на падобныя ж аб’ёмы павялічыліся пастаўкі нібыта кіргіскай драўніны ў Польшчу. У самім Кіргізстане лесу практычна няма.
- Пытаньне абыходу санкцый Эўразьвяз пачынае вырашаць сыстэмна толькі цяпер. Дагэтуль ёсьць разыходжаньні ў трактоўках — напрыклад, для Літвы любы істотны ўдзел падсанкцыйнай асобы ў фірме значыць, што актывы фірмы павінны быць замарожаныя, а ў Нямеччыне лічаць, што гэта павінна быць 50% плюс адна акцыя.
- І так выходзіць, што нямецкай фірмай, якая па-ранейшаму імпартуе ў Беларусь эўрапейскую тэхніку, валодае літоўская фірма, актывы якой замарожаныя. А літоўскай фірмай 50 на 50 валодаюць Аляксандар Шакуцін і Ігар Субоцін. Тут падвойны абсурд. Па-першае, 50% Шакуціна, які пад санкцыямі, — гэта вельмі шмат. Але галоўнае, што Субоцін — гэта ягоны бізнэс-партнэр яшчэ з 1980-х, і ўсё тое, за што пад санкцыямі Шакуцін, тычыцца і Субоціна.
- Калі ідзе гаворка пра супрацоўніцтва беларускага бізнэсу з рэжымам, дык галоўнае пытаньне — ці атрымлівае бізнэсовец неапраўданыя льготы. Настолькі неапраўданыя, што ён, па-першае, атрымлівае істотную выгаду ад рэжыму, а па-другое, можа быць сыстэмным разьмеркавальнікам «карупцыйнай рэнты».
- У нашым расьсьледаваньні пра дзейнасьць Аляксандра Машэнскага, уладальніка «Санта Брэмар» і «Савушкін прадукт», мы паказалі, што кармушка сапраўды ёсьць. Ён вызвалены ад многіх падаткаў, якія плацяць ягоныя канкурэнты, і за кошт гэтага атрымлівае звышпрыбыткі.
- У Беларусі найвышэйшыя чыноўнікі, міністры зарабляюць да 2 тысяч даляраў у месяц, але пры гэтым жывуць у дамах за мільён даляраў і езьдзяць на дарагіх машынах.
Мы вельмі часта бачым былых, зусім нядаўніх найвышэйшых чыноўнікаў, сілавікоў у структурах так званых «гаманцоў» Лукашэнкі. Да прыкладу, Bremino Group, якую як мінімум расейцы лавілі на кантрабандзе на дзясяткі мільёнаў даляраў. Доўгі час яе кіраўніком быў Васіль Дземянцей, да таго намесьнік старшыні КДБ і намесьнік кіраўніка беларускай мытні.
Як мы разумеем, менавіта праз гэтых экс-чыноўнікаў у бізнэс-структурах адбываецца шчодрае «змазваньне» іх былых калегаў у дзяржаўнай сыстэме, каб тыя забясьпечвалі выключэньне для гэтых кампаній з законаў, якія працуюць для іншых.
Такіх былых чыноўнікаў мы бачым шмат. Да прыкладу, былога старшыню Памежнага камітэту Ігара Рачкоўскага мы знайшлі ў нечаканай для яго галіне зь некаторымі з «гаманцоў» Аляксандра Лукашэнкі. Гэтае расьсьледаваньне пакуль не апублікаванае, але зьявіцца ў найбліжэйшыя месяцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд прызнаў «Беларускі расьсьледніцкі цэнтар», які выкрывае злачынствы чыноўнікаў, «экстрэмісцкай арганізацыяй»