Улады спынілі ліцэнзію на дзейнасьць менскага мэдцэнтру «Ўнукі Гіпакрата»

Бальніца. Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства аховы здароўя Беларусі 25 кастрычніка прыняло рашэньне аб спыненьні ліцэнзіі на мэдычную дзейнасьць менскага ТАА «Ўнукі Гіпакрата».

Прычынамі такога кроку называюцца грубыя парушэньні ліцэнзійных патрабаваньняў і ўмоў у частцы адсутнасьці дамоваў на тэхнічнае абслугоўваньне мэдычнай тэхнікі, невыкананьне зацьверджаных Міністэрствам аховы здароўя клінічных пратаколаў дыягностыкі і лячэньня, а таксама парушэньні ў правядзеньні мэдаглядаў, экспэртызе часовай непрацаздольнасьці, аказаньні неадкладнай мэддапамогі.

Акрамя таго, кампаніі ставяцца ў віну неналежнае захоўваньне лекавых сродкаў, парушэньне санітарна-эпідэміялягічных патрабаваньняў, санітарных нормаў, правілаў і гігіенічных нарматываў і недакладнасьць прадстаўленых у Міністэрства аховы здароўя зьвестак, неабходных для прыняцьця рашэньня аб прадастаўленьні ліцэнзіі.

Мэдычны цэнтар «Унукі Гіпакрата» працуе ў Менску.

  • У 2022 годзе ведамства актыўна правярала прыватныя мэдцэнтры ў Беларусі.
  • Прыпынялася праца ня менш як дзевяці зь іх: «Кравіра», «Доктар Нэма», «ПлеядаМед», «Тры Дантысты Плюс», Dental Clinic, «Нардын», «ЛОДЭ», «Клініка А1», а таксама «Клініка „Мэрсі“», будаўніцтва якой фінансавалася з удзелам Сусьветнага банку.
  • Большасьць мэдцэнтраў аднавілі аказаньне паслуг.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Можа зьмяніцца якасьць паслуг». Што значыць для беларусаў сыход з краіны швэдзкага інвэстара Synevo
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польская прыватная клініка бярэ на працу беларускіх лекараў. Пагаварылі зь яе дырэктарам