Угода па продажы холдынгам Medicover доляў у кампаніях «Сінэво» і «Нерухомасьць Усход», як чакаецца, будзе закрыта ў IV квартале 2022 году. Пра гэта швэды паведамілі ў сваёй справаздачы за III квартал, піша Office Life.
Беларускія актывы Medicover ацэньвае ў €14,5 мільёна. Выручка холдынгу ў Беларусі склала ў мінулым годзе €21,7 мільёна, за дзевяць месяцаў гэтага году — €15,3 мільёна.
Synevo — самая буйная на сёньняшні дзень дыягнастычная сетка Беларусі, у яе ўваходзяць лябараторыя і каля 60 пунктаў здачы аналізаў у 25 гарадах краіны. Працуюць тут больш за 500 чалавек. Першы дыягнастычны цэнтар адкрыўся ў Менску ў 2009 годзе.
Уладальнік сеткі і брэнду — швэдзкі холдынг Medicover, якому належаць мэдцэнтры і лябараторыі ў Польшчы, Нямеччыне, Румыніі, Украіне, Грузіі, Малдове, Сэрбіі і Баўгарыі. Заснавальнік Medicover — Ёнас аф Йокнік, вядомы беларусам па сваім іншым праекце — Oriflame.
«Пытаньне ў якасьці рэагентаў»
На думку былой загадчыцы аддзяленьня эндаскапіі ў РНПЦ анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі, гастраэнтэроляга і эндаскапіста Лідзіі Тарасенкі, ад зьмены ўладальнікаў кампаніі можа зьмяніцца і якасьць паслуг.
«Пытаньне сапраўды ў якасьці. Ня сэрвісу, а якасьці рэагентаў, абсталяваньня, расходнікаў — ці будзе гэта ўсё наогул у наяўнасьці, ці не адбудзецца замена на „сапраўды такія ж, але айчынныя“. Нават калі з гэтым адбудуцца кардынальныя зьмены, зьнешняму назіральніку гэта будзе заўважна горш і далёка не адразу», — мяркуе доктарка.
Як расказаў Свабодзе біёляг, знаёмы з сытуацыяй, у Synevo заўжды сачылі за якасьцю рэагентаў.
«За якасьцю і найменьнямі рэагентаў заўжды сачылі. Раней нават накіроўвалі некаторыя аналізы ў Нямеччыну, у адпаведнасьці з правіламі. Часта зь дзяржаўных клінік адпраўлялі на аналізы ў Synevo, бо там аналізы робяцца хутчэй. У дзяржаўнай клініцы можна было чакаць вынікаў тыдзень, у Synevo ж вынікі былі за два дні», — кажа спэцыялістка.
Ці закрыецца сетка лябараторый
Сыход інвэстара не азначае закрыцьця дыягнастычных лябараторый, тым больш гаворка ідзе аб продажы сваёй долі — значыць, яе нехта набудзе. «Наша Ніва» са спасылкай на свае крыніцы паведамляе, што новым уладальнікам стане Helix — расейская дыягнастычная сетка.
На сайце сеткі Helix пазначана, што яна працуе на рынку лябараторных паслуг з 1998 году. Карані кампаніі ў Санкт-Пецярбургу. Цяпер у Расеі пад гэтым брэндам працуе больш за 450 дыягнастычных цэнтраў і лябараторных пунктаў.
Сетка лябараторнай дыягностыкі выконвае замовы для 1800 прыватных і больш як 300 дзяржаўных мэдычных устаноў.
Заснавальнік і генэральны дырэктар Helix — Юрый Андрайчук, выпускнік біяфаку Пецярбурскага ўнівэрсытэту. Кампанія пачала значны рост пасьля пачатку эпідэміі ковіду, тады яны аднымі зь першых запусьцілі масавыя ПЦР-тэсты.
У Беларусі, дарэчы, прыватным кампаніям на некаторы час проста забаранілі рабіць ПЦР-тэсты. Мела абмежаваньні і Synevo.
Якія яшчэ лябараторыі засталіся ў Беларусі
Другая буйная дыягнастычная лябараторыя, якая працуе ў Беларусі, — Invitro. Яна прысутнічае ў 20 гарадах, мае 55 мэдычных офісаў і 1 лябараторны комплекс.
Гэта міжнародная кампанія, якая працуе ў 5 краінах: Беларусь, Расея, Казахстан, Кіргізстан, Армэнія.
Яшчэ адна кампанія, якая займаецца лябараторнай дыягностыкай у Беларусі, — Synlab. Гэта міжнародная кампанія, якая працуе ў 36 краінах, сярод іх краіны Эўропы, Лацінскай Амэрыкі, Азіі і Афрыкі.
Кампанія мае 16 аддзяленьняў у розных беларускіх гарадах, сярод іх шэсьць у Менску. Таксама ў Беларусі, вядома, існуюць дзяржаўныя лябараторыі.
У якія мэдычныя цэнтры апошнім часам прыходзілі сілавікі
У буйны прыватны мэдычны цэнтар «Нардзін» сілавікі прыйшлі 13 траўня. У кампаніі вынялі дакумэнтацыю, а заснавальніка доктара Сайкова затрымалі разам з жонкай. У той жа дзень стала вядома, што іх адпусьцілі.
16 траўня Міністэрства аховы здароўя Беларусі прыпыніла ліцэнзію прыватнага цэнтру «Лодэ», з гэтага часу яны не маглі працаваць. Тады міністар аховы здароўя Піневіч заявіў, што ў мэдцэнтры выявілі каля 90 парушэньняў.
4 чэрвеня ў Міністэрстве аховы здароўя разгледзелі вынікі праверкі «Лодэ» і пастанавілі, што кампанія можа працаваць далей.
Таксама 16 траўня Мінздароўя прыпыніла дзейнасьць мэдычнага цэнтру «Клініка А1». У адрозьненьне ад «Лодэ», ліцэнзію цэнтру не вярнулі, узьнікла запазычанасьць па заробках, і цэнтар давялося проста закрыць. Па інфармацыі на чэрвень цэнтар быў у стадыі ліквідацыі.