Сям’ю Ігара Случака і Аліны Нагорнай эвакуавалі зь Беларусі

Ігар Случак і Аліна Нагорная, архіўнае фота

Кіраўнік фонду BySol Андрэй Стрыжак паведаміў пра пасьпяховы выезд з краіны вядомых абаронцаў беларускай мовы разам з дваімі іхнымі дзецьмі.

У сваім допісе ў фэйсбуку Андрэй Стрыжак згадаў «складаныя і драматычныя рашэньні», якія спадарожнічалі вывазу Аліны Нагорнай і Ігара Случака з краіны.

«Гэта была асаблівая эвакуацыя са складанымі і драматычнымі рашэньнямі. Складаная яшчэ і тым, наколькі шмат Аліна і Ігар змаглі зрабіць, знаходзячыся ў Беларусі дагэтуль(!). Іх расповед пра жыцьцё апошніх трох гадоў — гэта драматычны прыгодніцкі трылер, і гэты расповед варты асобнай кнігі», — напісаў Стрыжак, апублікаваўшы сумесны здымак.

Аліна і Ігар знаходзіліся ў Беларусі да апошняга моманту, працягваючы займацца праваабарончай дзейнасьцю ўнутры краіны. У іх двое дзяцей.

«Але кола вакол іх звузілася настолькі і справа стала такой небясьпечнай, што яны былі вымушаныя выехаць», — напісаў Стрыжак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стрыжак: пачалі затрымліваць беларусаў, якія вярнуліся ў краіну па новы пашпарт

Сям’я цяпер знаходзіцца ў Вільні, ім таксама патрэбная дапамога на пару гадзін у дзень у доглядзе дзяцей, каб у дарослых была магчымасьць наладзіць побыт і пачаць працаваць. Акрамя таго, патрабуюцца некаторыя рэчы.

Аліна Нагорная — аўтарка кнігі «Мова 404» пра факты дыскрымінацыі за беларускую мову ў Беларусі.

Ігар Случак — юрыст, аўтар тысяч зваротаў у дзяржаўныя і прыватныя ўстановы з просьбай паважаць і выкарыстоўваць беларускую мову ў справаводзтве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да Дня роднай мовы выйшла аўдыёкніга «Мова 404» Аліны Нагорнай
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларус дамогся, каб беларуская мова зьявілася на бутэльках Pepsi
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Моўны навігатар у сеціве: беларуская мова ў Facebook
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Толькі 6,8% бацькоў мелі права абраць беларускую мову выхаваньня ў садку. Вынікі новага дасьледаваньня