Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Толькі 6,8% бацькоў мелі права абраць беларускую мову выхаваньня ў садку. Вынікі новага дасьледаваньня


Аўтарка кнігі «Мова 404» Аліна Нагорная апытала 482 чалавек ва ўзросьце ад 15 да 72 гадоў, якія карыстаюцца беларускай мовай у Беларусі.

У фокусе апытаньня была даступнасьць адукацыі, інфармацыі і абслугоўваньня на беларускай мове, паведамляе «Наша Ніва».

Акрамя статыстыкі, дасьледаваньне ўтрымлівае кароткія аповеды ўдзельнікаў пра розныя праблемы і жыцьцёвыя сытуацыі, зьвязаныя з выкарыстаньнем беларускай мовы, а таксама зьвесткі пра сытуацыю зь беларускай мовай у розных сфэрах.

Толькі кожны пяты з апытаных адзначыў, што не сутыкаецца зь перашкодамі пры карыстаньні беларускай мовай. Пры гэтым, калі разглядаць розныя жыцьцёвыя сытуацыі, то найчасьцей (58,9%, або тры зь пяці апытаных) людзі сутыкаліся з асаблівым стаўленьнем да сябе (як пазытыўным, так і нэгатыўным) за размовы па-беларуску зь незнаёмцамі.

Амаль кожны другі (48,8%) адчуў такое стаўленьне ў сфэры паслугаў, кожны трэці — з боку дзяржавы (36,9%) ці ў сфэры адукацыі (35,5%), кожны чацьвёрты — з боку сям’і (26,1%), у сфэры аховы здароўя (26,3%) і на працы (27,4%).

У дасьледаваньні прыводзяць зьвесткі пра адукацыю і выхаваньне рэспандэнтаў. Так, у дзіцячым садку на беларускай мове выхоўвалася 7,5%. Пры гэтым толькі 6,8% адзначылі, што бацькі мелі права абраць беларускую мову выхаваньня ў садку.

Што да вышэйшай і сярэдняй спэцыяльнай адукацыі, то толькі 7,1% апытаных адзначылі, што навучаліся па-беларуску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG