Ідэя стварэньня службы «Адно акно» належыць прадстаўніцы Кабінэту ў сацыяльнай палітыцы Вользе Гарбуновай і яе камандзе.
Як зазначыла сама Вольга, запуск такой маштабнай інфармацыйна-кансультацыйнай плятформы — працяг гісторыі аб’яднаньня, асновай якому паслужыў усебеларускі онлайн-маратон салідарнасьці «Нам ня ўсё адно!».
Тэставую вэрсію «Аднаго акна» запусьцілі ў пятніцу, 27 кастрычніка. Працаваць яно будзе на расейскай мове на плятформе Zendesk.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BySol выплаціў палітвязьням амаль 50 тысяч эўра, сабраных на маратоне «Нам ня ўсё адно»Паводле Гарбуновай, сёньня ў Кабінэт паступае шмат запытаў на дапамогу ад беларусаў, што пацярпелі ад хатняга гвалту ці палітычных рэпрэсій, і стварэньне плятформы «Аднаго акна» можа спрасьціць працэс іх разгляду і выбудаваць зразумелую сыстэму працы кансультацый.
«Людзі часта кажуць, што ня ведаюць, куды зьвяртацца, адчуваюць сябе адзінокімі ў такой праблеме і ня ведаюць, дзе атрымаць дапамогу, — зазначыла прадстаўніца Кабінэту. — Мы паспрабуем запусьціць такі экспэрымэнт [„Адно акно“], каб быць карыснымі людзям. І паспрабуем дапамагчы ў кожным кейсе».
Вольга Гарбунова таксама заклікала дыяспары, арганізацыі, народныя пасольствы дзяліцца ўсімі магчымымі дапаможнікамі і кантактамі, якія былі б карыснымі ў працы праекту.
На гэты момант у інфармацыйнай базе службы сабрана 245 арганізацый з адкрытых крыніц, якія ў Беларусі і за яе межамі аказваюць дапамогу беларусам альбо адказваюць за вырашэньне шматлікіх сацыяльных пытаньняў (уключаючы дзяржаўныя арганізацыі ў Рэспубліцы Беларусь, беларускія НДА ў выгнаньні і мясцовыя ініцыятывы ў іншых краінах).
Фэмактывістка Наста Базар патлумачыла, што зьвяртацца па дапамогу можна праз:
- тэкставы чат з апэратаркай плятформы онлайн;
- самастойнае вывучэньне пытаньня на сайце;
- званок апэратарцы;
- фізычны ліст і электронны ліст;
- мэсэнджары і сацыяльныя сеткі.
Вольга Гарбунова падкрэсьліла, што калі будзе добрая зваротная сувязь і плятформа будзе разьвівацца ў тэхнічным пляне, «Адно акно» можа стаць нацыянальнай гарачай лініяй пасьля надыходу дэмакратычных перамен у краіне, калі тысячы людзей, якія выехалі за мяжу, вернуцца на радзіму і запатрабуюць кансультацый у новых абставінах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ня спынімся, пакуль ня вернем нашу краіну». Дэмсілы Беларусі прапануюць альтэрнатыву парлямэнцкім выбарам