Эпідэмія хатняга гвалту ў Беларусі не заціхае. Новая трагедыя здарылася ў Вялейскім раёне — там мужчына два тыдні піў і біў жонку, якая праз стан здароўя фізычна не магла пайсьці ад яго. І біў ён яе, пакуль не забіў.
Яго, вядома ж, асудзяць і нават, хутчэй за ўсё, пасадзяць на некалькі гадоў, але ці зьменяць улады нешта ў пляне прафіляктыкі такіх жудасных злачынстваў? Ці, як і заўжды, успомняць, што Лукашэнка супраць закону аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту, і зробяць выгляд, што сыстэмнай праблемы няма?
Я на сто адсоткаў упэўнена, што яны паводле старой нядобрай традыцыі схаваюць галаву ў пясок, таму што так у цяперашняй сыстэме ім самім прасьцей і бясьпечней. Любы адыход ад агульнай палітыкі партыі можа прывесьці да таго, што пасадзяць ужо саміх прадстаўнікоў улады. І, верагодна, прыблізна на той жа тэрмін, што атрымліваюць забойцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Азараў пра забойства дзіцяці ў Слуцку: што зьменіць расстрэл і як беззаконьне рэжыму разьвязвае рукі гвалтуІ не, я, вядома ж, не апраўдваю бязьдзейнасьць мясцовых уладаў рознага ўзроўню. Я так дэманструю лёгіку, якая дазваляе ім заставацца часткай сыстэмы. Яны павінны клапаціцца не пра дабрабыт людзей, на якіх, па сутнасьці, яны мелі б працаваць, а забясьпечваць цэласнасьць і аднароднасьць самой сыстэмы.
Зьмяняць у сыстэме нічога нельга, бо так яны прызнаюць, што раней працавалі неяк няправільна. Таму трэба стаяць на сваім і максымальна факусавацца ў сваёй працы на пошуку і пакараньнях палітычна ненадзейных элемэнтаў. А ўсё астатняе пачакае, нікуды не дзенецца. А калі і дзенецца на іншы сьвет, дык няма чалавека — няма праблемы.
Вядома, вы можаце сказаць, што нельга прадбачыць кожнае злачынства, і будзеце мець рацыю. Але ёсьць вялікая розьніца паміж сыстэмай, якая працуе на прафіляктыку, і сыстэмай, якой увогуле пляваць на пэўную злачынную сфэру. А цяперашнім беларускім уладам відавочна пляваць на дабрабыт жанчын у цэлым і бясьпеку іх (нас) у сем’ях у прыватнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінпрацы Беларусі: летась па абарону ад хатняга гвалту зьвярнуліся больш як 12 тысяч грамадзянШто мы маем у канкрэтнай гісторыі зь Вялейскага раёну? Жанчыне было дужа цяжка перасоўвацца, таму яна фізычна не магла пайсьці ад мужа, які біў яе падчас запою даўжынёй у два тыдні. Няўжо вясковы ўчастковы ня ведаў, хто на ягоным участку мае праблемы з алькаголем? Мусіў ведаць, вядома ж. Няўжо ён ня ведаў, што гэты мужчына ў запоі і што зь ім жыве жанчына, якая ня можа самастойна пайсьці і знаходзіцца ў асабліва ўразьлівым стане? Таксама мусіў ведаць. Калі б была адпаведная сыстэма, накіраваная на падтрымку людзей, дык участковы мусіў бы перадаць інфармацыю пра гэтую крызісную сытуацыю сацыяльнай службе, якая магла б дапамагчы жанчыне ці хоць бы праверыць, ці ўсё зь ёй у парадку.
Але ніхто ёй не дапамог.
І гэта не асобная сумная гісторыя, а частка вялікага трагічнага беларускага наратыву, у якім міліцыя так занятая масавымі затрыманьнямі за палітычна няправільныя камэнтары ў інтэрнэце, што не пасьпявае альбо ня хоча займацца сваімі непасрэднымі абавязкамі — ахоўваць парадак і абараняць грамадзян і грамадзянак. Ёй не хапае для добрай працы ці то жаданьня, ці то часу, ці то кампэтэнцыі, ці то ўсяго адразу. Але ў любым выпадку вынік адзін, і ён катастрафічны. І няма ніводнага намёку на тое, што сытуацыя можа хоць трошкі палепшыцца.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.