Пра гэтае жудаснае здарэньне мы пагаворым сёньня ў нашым эфіры. Госьць «Свабоды Premium» — кіраўнік ByPol і былы супрацоўнік МУС Аляксандар Азараў.
Азараў кажа, што за 21 год працы ў МУС не прыгадвае такога жорсткага здарэньня зь дзіцем. Ён кажа, што беларусы народ ня жорсткі і таму ў большасьці ня здольны на такія жорсткія ўчынкі.
Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафмарце на Youtube.
З судовых матэрыялаў вынікае, што паталёгія ў сям’і Таратуты цягнулася доўга. І выхавацелі з садка зьвярталі ўвагу на тое, што там адбываецца нешта нядобрае, і мэдсястра спрабавала раней агледзець дзіця, але яе выгналі з кватэры. Суседзі чулі крыкі за сьцяной, але не рэагавалі. Чаму гэтая сыстэма аказалася такой неэфэктыўнай?
«Ва ўсім вінаваты 2020 год, выбары прэзыдэнта, незаконны захоп улады Лукашэнкам. Людзі згубілі давер да праваахоўных органаў і ўжо ў большасьці сваёй не зьвяртаюцца ў міліцыю, нават калі яны бачылі здарэньні ў суседзяў. Міліцыя цяпер настроеная на барацьбу з так званым экстрэмізмам, яны працягваюць выяўляць беларусаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах або прытрымліваюцца дэмакратычных каштоўнасьцяў. Нават калі нехта і зьвяртаўся, то гэтыя справы пакідалі на канец, адкладалі, а займаліся найперш з вальнадумствам у Беларусі». — кажа Аляксандар Азараў.
Як расказала праваабаронцам «Вясны» былая сукамерніца Анастасіі Таратуты, маці забітага хлопчыка, пасьля затрыманьня ў слуцкім аддзеле Сьледчага камітэта яе білі агалённым электрапровадам з патрабаваньнем даць прызнальныя паказаньні. Потым яна заявіла, што агаварыла сябе падчас дачы паказаньняў. Азараў сумняецца ў яе словах.
«Пра такія выпадкі я ня чуў. Калі я служыў і ня было. Але цяпер магчыма ўсё. Цяпер сілавікі прымяняюць катаваньні, але гэта датычыць найперш палітычных справаў. Ня варта выключаць, што абвінавачаныя сябе апраўдваюць і кажуць няпраўду, што іх катавалі, прымушалі сьведчыць пад ціскам. Гэта ня рэдкасьць, у большасьці выпадкаў яны сябе так і паводзяць», — гаворыць Азараў.