Беларусь далучылася да кітайска-расейскага праекту стварэньня Міжнароднай навуковай станцыі на Месяцы

Месяц

23 кастрычніка Нацыянальная акадэмія навук і Кітайская нацыянальная касьмічная адміністрацыя ў фармаце відэаканфэрэнцыі падпісалі сумесную дэклярацыю аб супрацоўніцтве.

Бакі «будуць разьвіваць супрацоўніцтва ў рамках кітайска-расейскага праекту ў стварэньні Міжнароднай навуковай Месячнай станцыі», гаворыцца ў падпісаным Беларусьсю і Кітаем дакумэнце.

«Напрамкамі супрацоўніцтва будуць зьяўляцца фундамэнтальныя і прыкладныя дасьледаваньні ў галіне тэхнікі і тэхналёгій касьмічнага прымяненьня, новых матэрыялаў і электроннай кампанэнтнай базы, падрыхтоўка і павышэньне кваліфікацыі навуковых кадраў і спэцыялістаў... Дасягнута дамоўленасьць аб распрацоўцы дарожнай мапы супрацоўніцтва паміж НАН Беларусі і Кітайскай нацыянальнай касьмічнай адміністрацыяй па канкрэтных навукова-тэхнічных праектах у рамках стварэньня і эксплюатацыі Міжнароднай навуковай Месячнай станцыі», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы НАНБ.

Рэалізацыя праекту пачалася ў 2021 годзе. Да яго далучыліся Азэрбайджан, ААЭ, Пакістан, ПАР, Азіяцка-Ціхаакіянская арганізацыя касьмічнага супрацоўніцтва, швайцарская авіякасмічная кампанія nanoSPACE AG.

Да 2028 году павінна быць створана базавая мадэль станцыі, якую адправяць на Месяц.

На 2031–2035 гады заплянавана пяць місій на Месяц.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Індыя запусьціла касьмічную абсэрваторыю для вывучэньня Сонца
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Акадэмія навук Беларусі прэзэнтавала «першы айчынны спартыўны электрамабіль». Фотафакт