Паводле першага намесьніка старшыні Прэзыдыюма НАН Сяргея Чыжыка, 70% дэталяў у вопытных мадэлях, прадстаўленых на выставе, — беларускай вытворчасьці.
«Цяпер ідзе прапрацоўка пытаньня аб тым, каб паставіць гэтыя аўтамабілі на масавую вытворчасьць. І калі гэта адбудзецца, доля айчынных кампанэнтаў павялічыцца», — сказаў ён.
Паводле начальніка навукова-інжынірынгавага цэнтру Аб'яднанага інстытута машынабудаваньня НАН Аляксандра Бялевіча, вага аўтабіля больш за 1 тону, пакуль ён дасягае максымальнай хуткасьці за 6 сэкундаў, але навукоўцы маюць на мэце скараціць гэты час да 4 сэкундаў. Праўда, пра якую менавіта хуткасьць ідзе гаворка, не ўдакладняецца.
15 жніўня Аляксандру Лукашэнку на заводзе «Мотавела» паказалі «навінку беларускай вытворчасьці» — праўда, потым высьветлілася, што гэта матацыкл францускай кампаніі і кітайскай вытворчасьці Mash X-Ride 650.
А падчас «адкрытага ўроку» са школьнікамі 1 верасьня Лукашэнка прадэманстраваў «унікальную распрацоўку» — першы «беларускі кампутар», адзначыўшы, што ў ім «каля 12% беларускага, да канца года будзе 30%».