У Ізраілі 11 дзён ідзе вайна. Яна пачалася ранкам 7 кастрычніка з інтэнсіўных ракетных удараў з сэктару Газа, заходу баевікоў руху ХАМАС на тэрыторыю Ізраілю, забойства цывільных жыхароў і захопу закладнікаў.
Вечарам 17 кастрычніка ў лякарні ў Аль-Ахлі ў сэктары Газа адбыўся выбух. Ізраіль і групоўка ХАМАС абвінавачваюць у гэтым адзін аднаго.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Двое паліцыянтаў, адзін генэрал арміі. Расказваем пра ўраджэнцаў Беларусі, якія загінулі ці пацярпелі ў выніку нападу ХАМАС на Ізраіль«Ніхто не чакаў такога дзікунства, такой жорсткасьці»
Алесь (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы. — РС) пераехаў зь Беларусі ў Ізраіль яшчэ школьнікам. Тут ён адслужыў абавязковую тэрміновую службу, затым служыў вайскоўцам на кантракце. У 2022 годзе вырашыў ехаць ва Ўкраіну. «Я разумею, што гэтая вайна — падзея сусьветнага маштабу, і калі іх, расейцаў, не спыніць цяпер — яны прыйдуць у Эўропу і далей пойдуць. Таму я ня мог сядзець на месцы, тым больш маючы вайсковы досьвед», — тлумачыў Алесь у інтэрвію Свабодзе ў жніўні 2022 году.
Пасьля ён мусіў па сямейных абставінах вярнуцца ў Ізраіль. Ранкам 7 кастрычніка ён прачытаў навіны пра напад ХАМАС і вечарам быў у сваёй частцы. Алесь кажа, што ён камандзір узводу, цяпер вайсковая адзінка мае розныя задачы. Найперш яны працуюць як мабільная група па эвакуацыі і перакіданьні сілаў.
«Як кожны грамадзянін Ізраілю, я адчуваў, што напад можа здарыцца. Але ўсё адно гэта было нечакана. І ніхто не чакаў такога дзікунства, такой жорсткасьці», — кажа Алесь.
Ён зьвяртае ўвагу, што з боку цывільнага насельніцтва і валянтэраў ізраільскія вайскоўцы маюць вялікую падтрымку. «У нас на базе ёсьць сталоўка. Але мы яшчэ ніводнага разу там ня елі. Бо мясцовыя і валянтэры прывозяць шмат ежы, сродкаў гігіены. У нас ня тое каб нечага бракавала — у нас многага зашмат», — кажа вайсковец.
Чым адрозьніваюцца войны ва Ўкраіне і Ізраілі
Ён бачыць пэўныя адрозьненьні паміж вайной ва Ўкраіне і тут, у Ізраілі.
«Тут проста рэлігійныя фанатыкі. Расейцы рэдка даходзілі да такіх зьверстваў, як яны. Тут, у Ізраілі, мы маем справу з рэлігійнымі фанатыкамі, а не бязвольнымі рабамі-расейцамі, як было ва Ўкраіне», — тлумачыць Алесь.
Ён зазначыў, што ХАМАС вывучаў мэтады вайны ва Ўкраіне і «шмат чым скарыстаўся».
«Разам з тым у нас вялікія перавагі. У тым ліку, натуральна, што тычыцца тэхналягічнага прагрэсу. Мы ворага зьнішчым. Будзе гэта праз пару дзён ці тыдняў. І тэрыторыя наша будзе нашай, 100%. Наша задача цяпер — як мага менш сваіх людзей загубіць і як мага менш зачапіць цывільных зь іхнага боку», — кажа ўраджэнец Беларусі.
Ва Ўкраіне, па ягоных назіраньнях, задача была «проста выжыць і як мага менш тэрыторыі аддаць ворагу».
«Вайна была поўнай нечаканасьцю»
Захар (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы) — адзін зь вядоўцаў блогу «Шма Ісраэль» («Слухай, Ізраіль». — РС). Пра сябе ён расказаў Свабодзе, што паходзіць з магілёўскіх габрэяў, нарадзіўся і жыў у Менску. У 90-х рэпатрыяваўся з бацькамі ў Ізраіль.
«Я ізраільскі габрэй зь Беларусьсю ў сэрцы», — кажа пра сябе Захар. У Беларусі ў яго засталіся некаторыя сваякі. А сябры дзяцінства цяпер у Польшчы.
Захар працуе інжынэрам, мае жонку і траіх дзяцей. 7 кастрычніка, у сьвята Сімхат Тора, ягоная сям’я прачнуліся ад гукаў паветранай трывогі.
«Гэта было поўнай нечаканасьцю. Я нават падумаў, што спрацавала фальшывая трывога ці гэта нейкае вучэньне, ці што, але ў бамбасховішча схаваліся. Мы прывыклі да таго, што час ад часу праходзіць так званы „сэвэў“, то бок раўнд. Яны бамбяць нас, мы пазьбіваем іхныя ракеты „Жалезным купалам“, трохі пабамбім іх. І ўсё вернецца ў звычайны стан», — успамінае Захар.
Ён прызнае, што ня быў гатовы, як і многія, да сур’ёзнай вайны. Бо спадзяваліся на моцную выведку.
«Гэта наш агульны грэх, бо мы амаль дваццаць гадоў запар думалі, што можна мірна жыць, калі ў цябе на мяжы пануе тэрарыстычная арганізацыя, якая марыць нас зьнішчыць. Раніцай у суботу прачнуліся ад трывогі, і паступова пачалі атрымліваць нейкія фантастычныя паведамленьні: пра захоп вайсковых частак, паліцэйскіх участкаў, цэлых гарадоў. Шматлікіх забітых, палонных. Такога ў нас не было ніколі. Нейкі фільм жахаў адбываўся на нашых вачах. Тэлеграм напоўніўся жахлівымі кадрамі, як катуюць і забіваюць дзяцей, жанчын, цэлыя семʼі. Шчыра кажучы, дагэтуль не ўспрымаецца да канца, што гэта адбылося насамрэч», — расказвае Захар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У большасьці забітых агнястрэльныя раненьні». Беларусы ў Ізраілі расказваюць пра сытуацыю ў краіне«Мы больш ня зможам існаваць з тэрарыстамі поруч»
7 кастрычніка Захар, як і ўсе рэзэрвісты па ўсёй краіне, атрымаў загад аб мабілізацыі, сабраў рэчы і паехаў да вайсковай базы. Рэзэрвіст кажа, што думкі адмовіцца ад мабілізацыі ці зьбегчы ў яго і іншых не было, «пра гэта нават ня думаў ніхто».
«Нашых дзяцей забіваюць, разумееце? Самае горшае, што магло адбыцца, ужо адбылося. Сёньня няма такой сямʼі, дзе няма блізкага, ці знаёмага, брата, сяброўкі, сына суседа настаўніцы ў школе, якога забілі ці скралі ў палон. Думаць цяпер пра ўласную бясьпеку нават неяк няёмка», — кажа Захар.
Ягоную вайсковую адзінку адправілі на поўнач, на мяжу зь Лібанам, на выпадак, калі прыйдзецца ваяваць і там. Бо на поўдні Лібану таксама існуе пагроза — з боку «Хэзбалы». Захар кажа пра вялікую падтрымку ад цывільных жыхароў Ізраілю.
«Нас закідалі ўсім, што толькі можна сабе ўявіць. Адзеньне, цёплыя рэчы, ежа, намёты. Жыхары памежных кібуцаў (сельскія грамады. — РС) і паселішчаў проста пакідалі свае дамы адчыненымі і зьехалі хто куды, каб жаўнерам было дзе памыцца і адпачыць. Ёсьць адчуваньне, што краіна сьціснулася ў кулак», — дзеліцца вайсковец.
Ён кажа, што ведае, якая будучыня патрэбная Ізраілю.
«Мы больш ня зможам існаваць з тэрарыстамі поруч. Людзі ня вернуцца ў кібуцы і машавы, якія мяжуюць з Газай, калі ня будзе зьнішчаны ХАМАС. Семʼі, што пакінулі ў страху Ізраіль, ня вернуцца, калі ня будзе зьнішчана пагроза. Таму асабіста я гатовы ваяваць да поўнага зьнішчэньня ХАМАСу і Хэзбалы», — кажа Захар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Да ўроку гісторыі можна не рыхтавацца, настаўнік пайшоў на фронт». Беларуска расказвае, што цяпер адбываецца ў Ізраілі