Навіны палітвязьняў: Мацкевіч ачуўся ад апэрацыі і піша кнігу па філязофіі

Палітвязень Уладзімер Мацкевіч, архіўнае фота

Па стане на 18 кастрычніка ў Беларусі 1485 палітвязьняў прызнаныя праваабарончай супольнасьцю. Паводле іншых падлікаў, колькасьць палітвязьняў можа быць большай.

Пасьля перанесенай у жніўні апэрацыі палітвязень, вядомы філёзаф і мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч акрыяў і пачуваецца лепей.

«Шмат чытае, карыстаецца турэмнай бібліятэкай. Самае галоўнае, што вярнуўся да навуковай дзейнасьці — піша кнігу па філязофіі. Значыць, у псыхалягічным сэнсе захоўвае ўстойлівасьць», — паведаміла пра стан Уладзімера Мацкевіча дасьведчаная крыніца.

Восьмы месяц стваральніка навучальнай арганізацыі «Лятучы ўнівэрсытэт», філёзафа Ўладзімера Мацкевіча ўтрымліваюць у турме № 4 у Магілёве. Туды ён трапіў па рашэньні суду Шклоўскага раёну пасьля некалькіх тэрмінаў у ШЫЗА і трох месяцаў у ПКТ Шклоўскай калёніі. У выніку стан здароўя палітвязьня пагоршыўся, і ў жніўні ў Рэспубліканскім турэмным шпіталі ў Калодзішчах яму зрабілі паражнінную апэрацыю.

Турэмны рэжым азначае для зьняволенага шэраг дадатковых абмежаваньняў у параўнаньні з калёніяй, у тым ліку пастаяннае ўтрыманьне ў памяшканьні.

«Сядзіць не ў адзіночцы. Некалькі разоў памянялі камэру. Цяпер апынуўся ў нейкай малой камэры, дзе рухацца складана. Прагулкі ёсьць, але званкоў няма», — падзялілася зьвесткамі абазнаная крыніца і працытавала словы самога Ўладзімера Мацкевіча пра ўмовы, у якіх ён апынуўся.

«Ён жартліва казаў пра сябе: „Трэба навучыцца жыць расьлінным жыцьцём“. Але на колькі яго хопіць? Інтэлектуальна на шмат, а вось фізычна? Уявіць цяжка», — пракамэнтавала сытуацыю са здароўем Уладзімера Мацкевіча крыніца.

Уладзімеру Мацкевічу 67 гадоў. Яго арыштавалі ў жніўні 2021 году і зьмясьцілі ў СІЗА на Валадарскага ў Менску. У лютым наступнага году Ўладзімер Мацкевіч цягам 13 дзён трымаў галадоўку пратэсту супраць незаконнага, як ён лічыў, арышту. У чэрвені 2022 году філёзаф быў асуджаны на 5 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Мацкевіча прызналі вінаватым паводле артыкулаў аб стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня, абразе Лукашэнкі і групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Праваабаронцы прызналі Ўладзімера Мацкевіча палітвязьнем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязень філёзаф Мацкевіч — у шпіталі пасьля апэрацыі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто і як дапамагае палітзьняволеным беларусам і іх родным. Гайд па асноўных арганізацыях