Міністар замежных спраў Вэнэсуэлы Іван Хіль Пінта прыбыў у Беларусь, паведаміла ранкам 16 кастрычніка МЗС Беларусі.
«Насычаная праграма перамоваў» вэнэсуэльскага дыплямата, як адзначае МЗС на сваёй старонцы ў твітэры, пачнецца з сустрэчы зь яго беларускім калегам Сяргеем Алейнікам.
«Упэўнены, што ваш візыт паслужыць далейшаму ўмацаваньню і пашырэньню ўсяго комплексу нашых адносін, якія характарызуюцца вельмі моцнай сувязьзю сяброўства, узаемаразуменьня і даверу», — сказаў Сяргей Алейнік.
11 верасьня намесьнік кіраўніка МЗС Яўген Шастакоў абмеркаваў з амбасадарам Вэнэсуэлы ў Беларусі Франклінам Рамірасам Аракам, які таксама зьяўляецца намесьнікам міністра замежных спраў у дачыненьнях з Эўропай, пытаньні «арганізацыі і правядзеньня да канца 2023 году шэрагу сумесных мерапрыемстваў высокага ўзроўню».
Найбольш вядомая старонка адносін паміж краінамі — спроба Беларусі атрымаць пастаўкі вэнэсуэльскай нафты на пачатку 2010‑х гадоў, піша «Позірк». Пасьля скарачэньня паставак расейскай нафты ў 2010 годзе Менск пачаў шукаць альтэрнатыўных пастаўшчыкоў сыравіны для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. Тагачасны прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс тады абяцаў Аляксандру Лукашэнку паставіць 4 млн тон нафты ў 2010 годзе і 10 млн т — у 2011‑м.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь вінаватая Вэнэсуэле амаль 1,5 млрд даляраў, — матэрыялы расьсьледаваньняНафту для Мазырскага НПЗ пастаўлялі танкерамі праз порт Адэсы, а далей па ўкраінскай нафтаправоднай сыстэме. Для НПЗ у Наваполацку сыравіна дастаўлялася танкерамі ў эстонскі порт Мууга, далей накіроўвалася па чыгунцы.
1 ліпеня 2012 года Беларусь спыніла імпарт нафты з Вэнэсуэлы. Уладзімер Сямашка, які на той момант займаў пасаду першага намесьніка прэм’ер-міністра, заявіў журналістам, што Менску «таньней нафту купляць у Расеі». Характарызуючы праект у цэлым, чыноўнік заявіў, што «гэта была сяброўская дапамога, у пэўны момант пастаўкі былі выгадныя».
Увесну 2023 году Беларускі расьсьледніцкі цэнтар, вэнэсуэльскае выданьне Armando.Info і Цэнтар расьсьледаваньня карупцыі і арганізаванай злачыннасьці (OCCRP) выпусьцілі матэрыял, у якім сьцьвярджалася, што Беларусь дагэтуль не аддала Вэнэсуэле каля 1,5 млрд даляраў за нафту, купленую ў 2010‑х гадах.
Сёлета ў канцы чэрвеня супрацоўніцтва і пэрспэктывы «далейшага ўзаемадзеяньня ў нафтахімічнай сфэры» абмяркоўвалі на сустрэчы пасла Беларусі Андрэя Молчана зь міністрам нафты Вэнэсуэлы Пэдра Рафаэлем Тэлечэа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларуская дыпляматыя стала прыдаткам вайны». Вынікі году з Паўлам Сьлюнькіным