Паводле ведамства, уначы 11 кастрычніка берасьцейскія памежнікі пабачылі, як бесьпілётнік «самалётнага тыпу» лётае «ў межах памежнай паласы».
«Каля адной з памежных вёсак Берасьцейскага раёну знайшлі дваіх жыхароў Берасьця, адзін зь якіх і кіраваў бесьпілётнікам, — гаворыцца ў паведамленьні. — На месцы затрыманьня знаходзіліся два аўтамабілі, абсталяваныя прыладай запуску БЛА. Пры іх аглядзе выявілі сам бесьпілётнік, два GPS-трэкеры, ноўтбук і пульт дыстанцыйнага кіраваньня, акумулятарныя батарэі».
На мужчын завялі адміністрацыйную справу, кожнаму зь іх пагражае штраф да 50 вазавых велічынь (1850 рублёў). Бесьпілётнік адправілі на экспэртызу, якая, як сьцьвярджаецца, «дазволіць высьветліць магчымыя іншыя факты супрацьпраўнай дзейнасьці на дзяржаўнай мяжы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ўхвалілі законапраект, які забараняе выкарыстоўваць няўлічаныя бесьпілётнікі- У Беларусі забаронена выкарыстоўваць бесьпілётнікі ў прымежнай зоне без апавяшчэньня памежнай службы.
- Акрамя гэтага, паводле ўказу Лукашэнкі ад 25 верасьня ў Беларусі фізычным асобам забаранілі ўвоз, захоўваньне, абарот, эксплюатацыю і выраб грамадзянскіх дронаў. Выкарыстаньне беспілётнікаў цяпер дазволенае толькі арганізацыям і індывідуальным прадпрымальнікам у мэтах іх прадпрымальніцкай і прафэсійнай дзейнасьці з шэрагам абмежаваньня, прадугледжаных указам.