«Нядружалюбныя дзеяньні ў дачыненьні да Беларусі адбіліся на дзейнасьці фармпрадпрыемстваў, асабліва на першым этапе», — заявіў на прэс-канферэнцыі 11 кастрычніка ў Менску першы намесьнік генэральнага дырэктара прадпрыемства «Кіруючая кампанія холдынгу «Белфармпрам» Пятро Вараб’ёў. Яго цытуе Bpn-info.online.
«З лекамі заўсёды складана — каб замяніць ампулу або плястык, неабходны шэраг выпрабаваньняў, — сказаў ён. — Аднак нашы прадпрыемствы ня проста выстаялі, а паказалі, што могуць вельмі шмат. За 2021 і 2022 гады прыйшлося ўнесьці зьмяненьні ў 300 лекавых сродкаў у частцы ўпакоўкі, дапаможных матэрыялаў, сыравіны.
Так, былі перабоі, мы гэта прызнаем, аднак цяпер усе прадпрыемствы працуюць стабільна. Можна сказаць, справіліся. Разьлічваем, што ў далейшым на нас ня моцна будзе адлюстроўвацца [санкцыйны ціск], у нас шмат альтэрнатыўных варыянтаў, шмат распрацовак».
Паводле слоў Варабʼёва, зараз у Беларусі выпускаецца каля 870 міжнародных найменьняў лекаў. З 2015 года ў вартасным выражэньні не менш як 50% прэпаратаў на рынку — беларускай вытворчасьці, адзначыў ён.
Прадстаўнік «Белфармпрама» паведаміў, што ў параўнаньні з 2018 годам абʼём вытворчасьці павялічыўся ў 1,8 раза, экспарт — у 1,5 раза, у апошнія гады ён складае каля 200 млн даляраў. 70% прадукцыі ідзе ў Расею.
Субстанцыі для вытворчасьці практычна ўсіх беларускіх лекаў закупляюцца за мяжой.
Да гэтага прадстаўнікі сыстэмы аховы здароўя выказвалі супярэчлівыя меркаваньні наконт санкцый. Міністар аховы здароўя Дзьмітры Піневіч 16 траўня 2022 года заявіў, што перабояў з пастаўкамі замежных мэдыкамэнтаў няма. Разам з тым раней ён заклікаў Сусьветную арганізацыю здароўя садзейнічаць пастаўкам у Беларусь лекаў і мэдыцынскага абсталяваньня, а таксама працягваць аказваць міжнародную тэхнічную дапамогу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: для Паўла Мажэйкі ў СІЗА не прынялі лекаў19 чэрвеня 2022 года першая намесьніца міністра аховы здароўя Алена Краткова прызнала праблемы з пастаўкамі замежных лекавых прэпаратаў з прычыны складанасьці лягістыкі і аплаты, павелічэньня тэрмінаў дастаўкі.
Праз некалькі месяцаў, 25 кастрычніка 2022, старшыня камітэту па ахове здароўя Менскага гарвыканкама Алена Богдан (у 2020 годзе была намесьніцай міністра аховы здароўя, да кастрычніка 2021-га — першай намесьніцай міністра) заявіла, што санкцыі зьяўляюцца выклікам для сыстэмы аховы здароўя, яны нібыта прыводзяць да ўтварэньня «доўгіх лягістычных ланцужкоў паставак запчастак і абсталяваньня, лекавых сродкаў». Рашэньне праблемы, лічыць Багдан, заключаецца ў «пераарыентацыі на Ўсход і ўласнай імпартазамяшчальнай вытворчасьці».
Прадстаўнік ініцыятывы «Белыя халаты» у інтэрвію BPN раней зьвярнуў увагу на праблемы арганізацыі мэддапамогі, якія ўлады часта тлумачаць санкцыямі супраць Беларусі:
«Санкцыі на мэдыцынскае абсталяваньне або мэдпрэпараты ня ўводзіліся, хаця менавіта імі Міністэрства аховы здароўя рэгулярна тлумачыць праблемы. Іх крыніца — у злачыннай халатнасьці, а часам і ў злым намеры людзей, якія ўтрымліваюць уладу, а таксама ў бяздарным кіраўніцтве сыстэмай аховы здароўя. Прыцягваць за вушы гісторыю з санкцыямі — зусім маніпулятыўны ход прапаганды».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта катастрофа для канкрэтнага чалавека, але не для дзяржавы». Пацыенты і лекар пра недахоп лекаў у шпіталях ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: «1000 дзён за кратамі без нагі». Што адбываецца з Уладзімерам ГундарамСанкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне
Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.
Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».
26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.
28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.
Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.
У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.
Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.
Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.
5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.
6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».
8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».
Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.
Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.
Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.
Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.
9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.
22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.
28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.
20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.