У Беларусі ў першым чытаньні прынялі новы закон «Аб свабодзе сумленьня», які дазоліць прасьцей ліквідаваць цэрквы і рэлігійныя грамады

Галадоўка вернікаў царквы «Новае жыцьцё» на знак пратэсту супраць перасьледу ўладаў, 2017 год

У Беларусі на заканадаўчым узроўні пашыраюць пералік прычынаў, на падставе якіх ліквідуюць рэлігійныя арганізацыі.

Упаўнаважаны ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Беларусі Аляксандар Румак 11 кастрычніка выступіў з дакладам у Палаце прадстаўнікоў. Папраўкі да старога закону ўлады назвалі «сучаснымі падыходамі ва ўзаемадзеяньні дзяржавы з рэлігійнымі арганізацыямі».

Палата прыняла папраўкі да гэтага закону ў першым чытаньні.

Закон дзейнічае з 1992 году. Выданьне «Зеркало» вывучыла тэкст дакумэнту, які мае дапамагчы ўладам яшчэ шчыльней кантраляваць рэлігійную сфэру.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хрысьціянская візія»: З красавіка Сьвята-Лізавецінскі манастыр мог паўдзельнічаць у набыцьці 7 аўтамабіляў для расейскіх вайскоўцаў

Тэрміналёгія і статус кіраўніка

Зьменена вызначэньне тэрміну «рэлігія» на «гістарычны тып сьветапогляду і форма грамадзкай сьвядомасьці, а таксама адпаведныя ім паводзіны і спэцыфічныя дзеяньні, заснаваныя на веры... у звышнатуральнае і ў магчымасьць узаемадзеяньня зь ім».

Таксама ўводзяцца паняцьці манастыра, манаскай грамады, паломніцкай і місіянэрскай дзейнасьці, рэлігійнай асьветы, нядзельнай школы, духоўнай навучальнай установы і іншыя.

Рэлігійнымі арганізацыямі (далей — РА) будуць прызнавацца толькі грамады і аб’яднаньні, зарэгістраваныя ў якасьці юрыдычнай асобы. Яны мусяць мець статут. Дзейнасьць РА без рэгістрацыі забараняецца. Таксама будзе забаронена іх рэарганізацыя.

Уводзяцца абмежаваньні для кіраўнікоў. У старым законе адзінае патрабаваньне да кіраўніка — быць грамадзянінам Беларусі. Зараз кіраўнік павінен будзе ўвесь час жыць у Беларусі. Нельга быць кіраўніком або заснавальнікам больш чым адной арганізацыі. Кіраўнікамі або заснавальнікамі РА ня могуць быць фізычныя асобы, прадпрымальнікі, арганізацыі, уключаныя ў пералікі тых, хто мае дачыненьне да экстрэмісцкай або тэрарыстычнай дзейнасьці.

Новы закон забараняе РА «займацца палітычнай дзейнасьцю, удзельнічаць у дзейнасьці палітычных партыяў і аказваць ім фінансавую і іншую падтрымку».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менгарвыканкам падаў у суд пазоў аб ліквідацыі царквы «Новае жыцьцё»

Сымболіка

Зьмяняецца забарона на выкарыстаньне староньняй сымболікі ў месцах багаслужбаў. Раней пад забаронай была толькі дзяржаўная, а цяпер — усякая, акрамя той, якая адносіцца да адпаведнай канфэсіі.

Таксама рэлігійным арганізацыям забаранілі разьмяшчаць тэксты і выявы, накіраваныя «на прапаганду вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасьці, іншай экстрэмісцкай дзейнасьці, у тым ліку той, якая абражае рэлігійныя пачуцьці грамадзян».

Варта адзначыць, што Сьвята-Елісавецінскі манастыр, што пад Менскам, ня раз быў заўважаны ва ўхваленьні расейскай ваеннай атакі на Ўкраіну, прадстаўнікі манастыра таксама зьбіралі грошы расейскім вайскоўцам.

У ранейшым законе быў артыкул «Адказнасьць за парушэньне заканадаўства Рэспублікі Беларусі аб свабодзе сумленьня, веравызнаньня і рэлігійных арганізацыях». Ён забараняў уцягваць непаўналетніх у рэлігійныя арганізацыі, навучаць непаўналетніх рэлігіі насуперак іх волі і бяз згоды бацькоў. Аднак цяпер, як прыкмецілі журналісты, такой забароны ўжо няма. Варта дадаць, што РПЦ ня раз заўважалі ў працы зь беларускімі дзецьмі на розных сэмінарах і ў адмысловых лягерах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Манашкі Сьвята-Елісавецінскага манастыра кінуліся ў бойку з музыкамі ў Віцебску. ВІДЭА

Ліквідацыя цэркваў

Артыкул «Дзяржава і рэлігія» ў новай вэрсіі закону значна пашыраны — цяпер ён пералічвае падставы ліквідаваць цэрквы. Забараняецца дзейнасьць рэлігійных арганізацыяў, іх органаў і прадстаўнікоў, накіраваная:

  • супраць сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусі, асноўных кірункаў унутранай і замежнай палітыкі Рэспублікі Беларусі, яе канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды;
  • на дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусі, прапаганду вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай, расавай варожасьці, іншай экстрэмісцкай дзейнасьці, прыніжэньне нацыянальнага гонару і годнасьці;
  • на перашкоды рэалізацыі грамадзянамі іхных правоў і выкананьню імі іхных дзяржаўных, грамадзкіх, сямейных абавязкаў;
  • на нанясеньне шкоды здароўю і маральнасьці грамадзян;
  • на перашкоды атрыманьню абавязковай агульнай сярэдняй адукацыі;
  • на прымус чальцоў і пасьлядоўнікаў РА і іншых асобаў да адчужэньня прыналежнай ім маёмасьці на карысьць РА;
  • на перашкоды выхаду грамадзяніна з РА пагрозай прычыненьня шкоды жыцьцю, здароўю, маёмасьці, іншага гвалту, калі меліся падставы баяцца яе ажыцьцяўленьня, іншымі супрацьпраўнымі дзеяньнямі.

Пры парушэньні гэтых забаронаў арганізацыю могуць зьліквідаваць, прычым адразу: улады без папярэджаньня падаюць пазоў у суд, і той выносіць рашэньне. Раней для пазову аб ліквідацыі трэба было дапусьціць ня менш як два парушэньні гэтага закону цягам году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два беларускія сьвятары, якія выехалі з краіны празь перасьлед, перайшлі пад юрысдыкцыю Канстантынопалю

Набажэнствы, місіянэрства, рэлігійная літаратура

Рэлігійная асьвета мусіць адбывацца толькі на дзяржаўных мовах, гэта значыць беларускай і расейскай.

Новая рэдакцыя закону дазваляе праводзіць багаслужбы, цырымоніі, абрады «ў месцы жыхарства грамадзян на іх просьбу» пры ўмове захаваньня правілаў карыстаньня жылымі памяшканьнямі. Ранейшая ўмова, што такія службы «не павінны мець масавага і сыстэматычнага характару», выдаленая з тэксту.

Місіянэрскую дзейнасьць у жылых памяшканьнях забаранілі. Ёй у новай рэдакцыі прысьвяцілі асобны артыкул. Пры місіянэрстве, напрыклад, забараняецца прапаганда адмовы ад мэдычнай дапамогі з рэлігійных матываў.

Да рэлігійных матэрыялаў закон становіцца крыху мякчэйшым. Так, пры ўвозе рэлігійнай літаратуры, відэа-, аўдыё-, друкаваных і іншых матэрыялаў у Беларусь больш ня будзе абавязковай рэлігіязнаўчай экспэртызы. Увозячы іх, РА павінна будзе зьвярнуцца да ўпаўнаважанага ў справах рэлігій, а той ужо вырашыць, ці патрэбная экспэртыза ў гэтым выпадку.

Рэлігійныя матэрыялы і кнігі можна раздаваць толькі на тэрыторыі рэлігійных арганізацыяў, на адмысловых кірмашах і фэстывалях, а вось у жылых дамах, інтэрнатах, у транспарце забаронена.

Зараз РА змогуць па ўзгадненьні з рэгіянальнымі ўладамі ствараць дзіцячыя дамы пры манастырах. Якраз у апошнія месяцы ўлады загаварылі аб ідэі аддаваць дзяцей-сірот на выхаваньне ў манастыры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада БНР: Расейская праваслаўная царква — галоўная крыніца міжрэлігійнай напружанасьці ў Беларусі

Абыходжаньне з храмамі

Зьмяняюцца некаторыя палажэньні права ўласнасьці рэлігійных арганізацый. За імі захоўваецца пераважнае права на перадачу ад дзяржавы культавых будынкаў. Выняткам застаюцца будынкі, якія выкарыстоўваюцца як аб’екты культуры. Аб’екты фізычнай культуры і спорту з выняткаў у новай вэрсіі выкрасьлілі.

Для РА ўводзіцца абавязак утрымліваць перададзеныя ім ва ўласнасьць будынкі, у тым ліку аб’екты гісторыка-культурнай каштоўнасьці, «у належным стане ў адпаведнасьці з заканадаўствам». Гэты пункт рэлігійныя арганізацыі раней выконвалі не заўжды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Слонімскую сынагогу зноў спрабуюць прадаць. Мінулая ўладальніца адмовілася ад праекту з пачаткам вайны ва Ўкраіне

Перарэгістрацыя

Закон абавязвае ўсе рэлігійныя арганізацыі пасьля ўступленьня ў сілу новай рэдакцыі закону цягам аднаго году прывесьці статуты ў адпаведнасьць з папраўкамі і падаць дакумэнты на перарэгістрацыю РА: заяву, пратакол пасяджэньня кіраўніцтва, статут у арыгінале і ў новай рэдакцыі, дакумэнт, які пацьвярджае права разьмяшчацца па ўказаным адрасе.

Арганізацыі, якія ня здолеюць прайсьці перарэгістрацыю, дзяржава зьліквідуе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Абсалютны рускамірац». Што вядома пра беларускага сьвятара, якога выслалі з Баўгарыі