Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хрысьціянская візія»: З красавіка Сьвята-Лізавецінскі манастыр мог паўдзельнічаць у набыцьці 7 аўтамабіляў для расейскіх вайскоўцаў


Міжканфэсійнае аб’яднаньне беларускіх хрысьціян «Хрысьціянская візія» вывучыла справаздачы аб дапамозе расейскім вайскоўцам у сацыяльных сетках і прыйшло да высновы, што за 4 месяцы валянтэры Сьвята-Лізавецінскага манастыра, верагодна, дапамаглі часткова ці цалкам пакрыць выдаткі на набыцьцё сама меней 7 аўтамабіляў для расейскіх вайскоўцаў.

Як піша «Хрысьціянская візія», кіраўніца валянтэрскай групы «Помощь братьям», расейская манашка Яўгенія рэгулярна паведамляе пра дапамогу, якую аказвае ёй партнэрская група са Сьвята-Лізавецінскага манастыра. Кіруе групай валянтэраў у беларускім манастыры манашка Аляксандра (Ляхава). Яе імя часта і згадвае ў сваіх справаздачах расейская кіраўніца. Публікуе свае справаздачы яна ў тэлеграм-групе пад назвай «Помощь братьям и мать Евгения».

Акрамя гэтага, манашка Яўгенія неаднойчы дзякавала за набытыя аўтамабілі «беларусам», без указаньня імёнаў ці арганізацый спонсараў. У «Хрысьціянскай візіі» лічаць, што і гэтыя падзякі таксама адрасаваныя Сьвята-Лізавецінскаму манастыру, бо:

  • кантэнт-аналіз матэрыялаў тэлеграм-групы «Помощь братьям и мать Евгения» не паказаў ніякіх іншых валянтэрскіх груп зь Беларусі;
  • лексыка, якая суправаджае гэтыя безназоўныя падзякі ў адрас «беларусаў», падобная да той, пры якой спонсараў называюць пайменна;
  • выразы падзякі часта паўтараюцца (за адну і тую ж машыну манашка Яўгенія можа дзякаваць некалькі разоў — пры куплі аўтамабіля, пасьля дастаўкі, пасьля рамонту і г. д.): у адным выпадку без імя, у іншым — зь імем, што дазваляе атаясаміць групу «беларусы» з валянтэрскай групай Сьвята-Лізавецінскага манастыра;
  • у выпадках безназоўнай падзякі «беларусам» на фатаздымках гуманітарнай дапамогі відаць налепкі ў выглядзе каляжу зь дзяржаўных сьцягоў Беларусі і РФ, якімі заўсёды суправаджаецца дапамога са Сьвята-Лізавецінскага манастыра.

Вывучыўшы фота ўсіх аўтамабіляў, якія фігуравалі ў паведамленьнях з падзякамі «беларусам» (аб'яднаньне прыводзіць усе скрыншоты такіх паведамленьняў), «Хрысьціянская візія» агулам налічыла сама меней 7 аўтамабіляў (УАЗ «Патрыёт», УАЗ СГР, УАЗ-469, ВАЗ-2131), прычым фота трох аўтамабіляў публікуюцца ў паведамленьнях са згадваньнямі манашкі Сьвята-Лізавецінскага манастыра Аляксандры.

Скрыншот з сайту «Хрысьціянскай візіі»: аўтамабілі, набытыя для расейскіх вайскоўцаў, падзяку за якія выказваюць валянтэрам Сьвята-Лізавецінскага манастыра або «беларусам», не называючы імёнаў
Скрыншот з сайту «Хрысьціянскай візіі»: аўтамабілі, набытыя для расейскіх вайскоўцаў, падзяку за якія выказваюць валянтэрам Сьвята-Лізавецінскага манастыра або «беларусам», не называючы імёнаў

Манастыр прапанаваў сваю дапамогу ў куплі аўтамабіляў у другой палове красавіка 2023 году — такія паведамленьні сталі зьяўляцца ў тэлеграм-групе ў гэты пэрыяд часу. Такім чынам, агулам за 4 месяцы валянтэрская група са Сьвята-Лізавецінскага манастыра, верагодна, паўдзельнічала ў частковым або поўным пакрыцьці куплі сама меней сямі аўтамабіляў для расейскіх вайскоўцаў, адзначаюць у аб’яднаньні.

У паведамленьнях валянтэрскай групы часьцей за ўсё фігуруе, што аўтамабілі дастануцца расейскаму атраду «Беркут». Яшчэ пералічваюцца выведнікі, штурмавікі і вайскоўцы тэрміновай службы, якія стаяць на мяжы Белгарадзкай вобласьці і Ўкраіны. Згодна з паведамленьнямі, у большасьці выпадкаў аўтамабілі прызначаныя для «вывазу параненых і транспартаваньня асабовага складу».

  • Сьвята-Лізавецінскі манастыр вядомы тым, што адкрыта падтрымлівае расейскую ваенную агрэсію ва Ўкраіне. Вернікам прапануюць падтрымліваць расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне: высылаць ім цёплыя рэчы, пералічваць грошы, пісаць лісты. Грошы зьбіраюць на рыштунак для расейскіх вайскоўцаў.
  • Сёлета 9 траўня на падворку Сьвята-Лізавецінскага манастыра правялі хрэсны ход з расейскім сьцягам зь літарай «Z».
  • Манастыр мае шчыльныя сувязі з Аляксандрам Лукашэнкам. 7 студзеня сёлета Лукашэнка дзякаваў манастыру за збор дапамогі расейскім вайскоўцам ва Ўкраіне.
  • Сьвята-Лізавецінскі манастыр знаходзіцца ў падпарадкаваньні Маскоўскага патрыярхату РПЦ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG