Пачатковая цана аб’екту — 129 тысяч рублёў (€ 40 тыс.). Інфармацыю апублікавала Беларуская ўнівэрсальная гандлёвая біржа.
Будынак былой сынагогі плошчай 673 кв.м. разьмяшчаецца ў цэнтры Слоніма на вуліцы Савецкай. Аб’ект можна перарабіць пад музэйны комплекс, пункт грамадзкага харчаваньня альбо краму.
Рэканструкцыю, паводле ўмоваў аўкцыёну, трэба будзе правесьці за 5 гадоў ад моманту заключэньня дамовы куплі-продажу аб’екту.
Раней сынагогу неаднойчы спрабавалі прадаць, але спробы часта сканчваліся няўдала. У канцы 2020 году яе набыла дзіцячая пісьменьніца Іяанна Рыўз (сапраўднае імя — Ілона Караваева). Яна заплаціла за будынак каля 30 тысяч рублёў. Каб набыць сынагогу, яна прадала сваю кватэру ў Менску.
Аднак у чэрвені 2022 году Караваева ліквідавала фонд «Ратуючы спадчыну», які зьбіраў сродкі на рэканструкцыю. Аднаўленьню сынагогі перашкодзілі санкцыі і вайна ва Ўкраіне.
Цяпер будынак належыць Слонімскаму райвыканкаму.
Кароткая гісторыя Слонімскае сынагогі
- Слонімская сынагога — адна з найстарэйшых у Беларусі. Яе пабудавалі ў 1642 годзе ў стылі барока.
- Яна ўваходзіць у Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
- У 1881 годзе будынак моцна пацярпеў падчас вялікага пажару, але быў адбудаваны на ахвяраваньні гараджан.
- Дзейнічала да 1940 году, а пасьля ІІ сусьветнай вайны камуністы зрабілі ў сынагозе склад і гандлёвыя памяшканьні.
- Цэнтар габрэйскага мастацтва пры Габрэйскім унівэрсытэце ў Ерусаліме ўключыў слонімскую сынагогу ў лік сямі найбольш важных гістарычных сынагог Эўропы, якім пагражае небясьпека.