У Адзіным дзяржаўным рэестры судовых рашэньняў Украіны зьявілася некалькі вэрдыктаў рэгіянальных судоў, паводле якіх грамадзян Беларусі пазбавілі дазволаў на жыхарства ва Ўкраіне на падставе таго, што «іхныя дзеяньні пагражаюць нацыянальнай бясьпецы Ўкраіны».
Два выпадкі, калі рашэньні абскардзілі
У адным выпадку ішлося пра сям’ю беларусаў, якім скасавалі дзейны дазвол на жыхарства і нават не папярэдзілі. Яны даведаліся, што іхныя дакумэнты нядзейныя, пасьля затрыманьня і афармленьня на іх адміністрацыйнага пратаколу аб парушэньні правілаў знаходжаньня іншаземцаў ва Ўкраіне. Суд прысудзіў ім штраф і забараніў на тры гады наведваць Украіну.
Свабода мае прозьвішчы гэтых грамадзян Беларусі, але яны не захацелі называць сябе і абнародаваць дэталі сваёй гісторыі. Як высьветлілася, рашэньне скасаваць дазволы на жыхарства ўхваліла Адэскае рэгіянальнае ўпраўленьне Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны на падставе «паведамленьня» ўкраінца.
Пасьля дадатковага разбору ім дакумэнты аднавілі і нават скасавалі рашэньне суду аб адміністрацыйным пакараньні за парушэньне міграцыйнага заканадаўства.
Яшчэ адной грамадзянцы Беларусі (яна на той момант жыла ў Хмяльніцкім), скасавалі дазвол на часовае жыхарства ва Ўкраіне на падставе ліста Галоўнага ўпраўленьня супрацьдзеяньня сыстэмным пагрозам кіраваньня дзяржаваю дэпартамэнту абароны нацыянальнай дзяржаўнасьці Службы бясьпекі Ўкраіны. Гэтая структура адмаўлялася падаць суду дакладную інфармацыю аб падставах скасаваньня дазволу на жыхарства, спасылаючыся на «дзяржаўную таямніцу».
Як можна зразумець зь ліставаньня паміж судом і дэпартамэнтам СБУ, у лісьце паведамлялася, што дзеяньні беларускі ёсьць пагрозаю нацыянальнай бясьпецы Ўкраіны. Беларуска аспрэчвала рашэньні міграцыйнай службы 7 месяцаў і ў выніку дабілася, што суд прызнаў супрацьпраўнымі рашэньні міграцыйных органаў аб скасаваньні дазволу на жыхарства і адмове ў выдачы новага і абавязаў іх паўторна разгледзець заяву беларускі.
Свабода зьвярнулася з афіцыйнымі запытамі ў Дзяржаўную міграцыйную службу і Службу бясьпекі Ўкраіны, каб высьветліць маштабы такой зьявы, як адмова або скасаваньне дзейнага дазволу на жыхарства грамадзянам Беларусі на падставе прызнаньня іхных дзеяньняў пагрозай нацыянальнай бясьпецы Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве патлумачылі, чаму беларусу адмовілі ў міжнароднай абароне ў сувязі «паляпшэньнем стану» з правамі чалавека ў БеларусіСілавыя структуры: сьпісу беларусаў, якія нясуць пагрозу нацыянальнай бясьпецы Ўкраіны, няма
У Службе бясьпецы Ўкраіны ня сталі ўдакладняць, якім чынам прымаецца рашэньне аб прызнаньні таго ці іншага грамадзяніна «пагрозаю нацыянальнай бясьпецы Ўкраіны».
«Паведамляем, што пытаньні праўнага статусу іншаземцаў, якія знаходзяцца ва Ўкраіне, у тым ліку прадоўжаньне і скарачэньне тэрміну часовага перабываньня іншаземцаў на тэрыторыі Ўкраіны, рэгулюецца законам „Аб праўным статусе іншаземцаў і асобаў без грамадзянства“ і іншымі нарматыўна-прававымі актамі», — адказвае СБУ на запыт Свабоды.
Крыніцы ў іншых праваахоўных органах Украіны паведамілі Свабодзе, што міграцыйныя органы могуць ухваліць рашэньне аб скасаваньні дзейнага дазволу на жыхарства на падставе інфармацыі якога-хаця праваахоўнага органу — Нацыянальнай паліцыі і СБУ, іхных рэгіянальных упраўленьняў.
«Няма адзінага пераліку грамадзян Беларусі, у якім іх вызначаюць пагрозаю нацыянальнай бясьпецы Ўкраіны. То бок інфармацыя пра іншаземцаў, якім скасавалі дазволы на жыхарства, мусіць знаходзіцца ў Дзяржаўнай міграцыйнай службе», — кажа суразмоўца Свабоды.
Суразмоўца Свабоды таксама зьвяртае увагу, што працэдуры скасаваньня дазволаў на жыхарства ва Ўкраіне і забарона ўезду — увогуле розныя працэсы. Як ён патлумачыў, у поле зроку праваахоўных органаў могуць трапляць грамадзяне, якія ніколі не зьвярталіся па дазвол на жыхарства ва Ўкраіне, але займаліся ці займаюцца «падрыўной дзейнасьцю супраць Украіны». Менавіта такой катэгорыі грамадзян забараняюць уезд ва Ўкраіну на падставе пастановаў СБУ і іншых праваахоўных органаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У міграцыйнай службе Ўкраіны паведамілі, колькі беларусаў прымусілі выехаць з украінскай тэрыторыіМіграцыя: «Не зьбіраем інфармацыю аб падставах скасаваньня дазволаў на жыхарства»
У Дзяржаўнай міграцыйнай службе (ДМС) Ўкраіны паведамілі, што на 31 ліпеня 2023 году на ўліку стаяць 10 472 грамадзяніны Беларусі, якія жывуць на падставе дазволаў на сталае жыхарства, і 7 949 — на падставе дазволаў на часовае жыхарства (для параўнаньня — у 2018 годзе іх было адпаведна 9029 і 2 314).
«За сем месяцаў 2023 году 13 грамадзянам Рэспублікі Беларусі адмовілі ў афармленьні дазволу на сталае жыхарства, 16 — на часовае жыхарства. Пры гэтым інфармуем, што інфармацыю пра скасаваньне дазволу на часовае жыхарства ў ДМС зьбіраюць і абагульняюць без дэталізацыі падставаў для ўхваленьня такіх рашэньняў. З увагі на гэта падаць інфармацыю, якую запыталі, ня лічым магчымым», — адзначаецца ў адказе на пытаньне Свабоды, колькім грамадзянам Беларусі скасавалі дазволы на жыхарства на падставе прызнаньня іх пагрозаю нацыянальнай бясьпецы Ўкраіны.
Пры гэтым у міграцыйнай службе зьвярнулі ўвагу, што касуюць дазвол на жыхарства ў наступных выпадках:
- калі скасавалі дазвол на іміграцыю ва Ўкраіну;
- атрымалі зьвесткі з баз дадзеных Рэестру, адпаведных аўтаматызаваных інфармацыйных і даведачных сыстэмаў, рэестраў і базаў іншых дзяржаўных органаў аб інфармацыі ад Нацыянальнай паліцыі, СБУ, іншага дзяржаўнага органу, які ў межах яго паўнамоцтваў забясьпечвае выкананьне патрабаваньняў заканадаўства аб праўныым статусе іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, інфармацыі аб тым, што дазвол на жыхарства выдадзены на падставе непраўдзівых зьвестак, падробленых ці нядзейных дакумэнтаў;
- у іншых выпадках, прадугледжаных законам.
У Дзяржаўнай міграцыйнай службе Ўкраіны не ўдакладнілі колькасьць грамадзянаў Беларусі, якія за апошні год атрымалі ўкраінскае грамадзянства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі беларусаў пераехалі ва Ўкраіну за даваенны год. Лічбы ад Укрстату