Больш як дзьве тысячы чалавек падпісаліся ў абарону беларускай мовы ў ліцэях Падляшша

Яўген Вапа

Старшыня беларускага саюзу ў Польшчы Яўген Вапа ад імя сямнаццаці беларускіх і праваслаўных арганізацый у Польшчы падаў скаргу міністру адукацыі і навукі Польшчы Пшэмыславу Чарнэку на дзеяньні Падляскага куратара асьветы Барбары Пятрушкі.

Яе паведамляе Радыё Рацыя, прычынай была зьмена статусу навучаньня беларускай мове ў агульнаадукацыйных беларускіх ліцэях у Бельску Падляшскім і Гайнаўцы. У выніку гэтых зьменаў беларуская мова ў згаданых ліцэях і здача іспытаў на атэстат сталасьці па беларускай мове былі б неабавязковымі. Зь цягам часу гэта ўвогуле пагражае ліквідацыяй беларускіх ліцэяў.

Старшыня беларускага саюзу ў Польшчы Яўген Вапа наступным чынам пракамэнтаваў скаргу:

"Нас вельмі ўзрушыў факт, што 27 верасьня гэтага году, зусім нядаўна, Падляская куратарка асьветы, спадарыня Барбара Пятрушка накіравала ліст у адрас дырэктара Гайнаўскага Беларускага Ліцэя Ігара Лукашука, у якім дамагаецца таго, каб ён скасаваў актуальны статут школы, і абавязкова даваў згоду ўсім тым, хто жадае вучыцца ў гэтай школе без навучаньня беларускай мовы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму дзеці мігрантаў зь Беларусі ня могуць вывучаць беларускую мову ў польскай школе? Размова зь беластоцкай настаўніцай Алінай Ваўранюк

Агульнаадукацыйныя ліцэі з дадатковым навучаньнем беларускай мове ў Бельску Падляскім і Гайнаўцы — гэта школы ў якіх вучні вывучалі беларускую мову і здавалі па ёй іспыт для атрыманьня атэстату сталасьці.

Гэтую сытуацыю з мінулага навучальнага года спрабуюць зьмяніць некаторыя бацькі вучняў з бельскага ліцэю, якіх падтрымлівае куратарка асьветы Падляшша. Пад пэтыцыяй у абарону навучаньня беларускай мове ў бельскім і гайнаўскім ліцэях падпісаліся больш за 2200 асобаў, у большасьці выпускнікі згаданых школаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Першыя месяцы рабіла зь імі ўсе ўрокі». Як дзеці беларускіх палітуцекачоў вучацца ў польскай школе, расказвае маці дзьвюх дачок