13:22 — Міністар абароны Ізраіля Яаў Галант аддаў загад аб «поўнай аблозе Газы». У анкляў, які з трох бакоў акружаны Ізраілем і Эгіптам, ня будзе пастаўляцца электрычнасьць, ежа, паліва і вада.
«Мы змагаемся з барбарамі і адкажам адпаведным чынам», — сказаў Галант.
Раней у Ізраілі заяўлялі, што Газа мае вялікую запазычанасьць па аплаце за гэтыя паслугі.
13:03 — З паласы Газы абстралялі Ашкелон і Ашдод. Выпушчана 120 ракет.
12:32 — У Тэль-Авіве і Ерусаліме аб'явілі паветраную трывогу. З Газы запусьцілі новыя ракеты.
12:23 — У ноч на 9 кастрычніка ААН правяла тэрміновае пасяджэньне сваёй Рады Бясьпекі. Яно праходзіла ў закрытым рэжыме і завяршылася без ухваленьня заявы аб сытуацыі на Блізкім Усходзе.
Прадстаўнік Ізраіля ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Гілад Эрдан заявіў аб немагчымасьці перамоў з арганізацыяй ХАМАС. У шэрагу дзяржаў ХАМАС прызнаны тэрарыстычнай арганізацыяй, але не ў Беларусі.
Тым часам Армія абароны Ізраіля заявіла, што вярнула кантроль над усімі населенымі пунктамі вакол Газы. Пакуль не вядома, ці будзе Ізраіль праводзіць наземную апэрацыю ў Газе — на тэрыторыю Ізраіля пранікалі новыя падразьдзяленьні баевікоў ХАМАС, акрамя таго, у Газу вывезьлі дзясяткі закладнікаў — ізраільцян (у тым ліку высокапастаўленых афіцэраў) і замежных грамадзян.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ніякіх перамоў. У Ізраілі заявілі аб неабходнасьці зьнішчэньня арганізацыі ХАМАС12:13 — Армія абароны Ізраіля: кантроль над усімі населенымі пунктамі вакол Газы вернуты
Паміж войскамі Арміі абароны Ізраіля і ХАМАС унутры Ізраіля больш не вядуцца баявыя дзеяньні, і ЦАХАЛ вярнуў кантроль над усімі населенымі пунктамі вакол паласы Газы. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар ЦАХАЛу контр-адмірал Даніэль Хагары, піша CNN.
Аб’ява прагучала больш чым праз 48 гадзін пасьля таго, як ХАМАС пачаў нечаканую атаку тысячамі ракет і накіраваў сваіх байцоў празь мяжу ў выніку ўварваньня, якога Ізраіль ня бачыў паўстагодзьдзя.
12:00 — Ізраільскія войскі ўсё яшчэ змагаюцца за свае гарады з баевікамі ХАМАС, прызнаючы, што бітва заняла больш часу, чым чакалася, больш чым праз два дні пасьля таго, як баевікі прарваліся праз агароджу з Газы. Баявыя дзеяньні ўсё яшчэ ішлі ў сямі-васьмі месцах у Ізраілі, захопленых палестынцамі, якія забілі 700 ізраільцян і захапілі дзясяткі закладнікаў у выніку нападу, які падарваў рэпутацыю непераможнасці Ізраіля, піша Reuters.
«Цана, якую заплаціць паласа Газы, будзе вельмі высокай, яна зьменіць рэчаіснасьць на пакаленьні», — сказаў міністар абароны Яаў Галант у Афакіме, адным з гарадоў, які быў адбіты ў ХАМАС. Баевікі арабскай арганізацыі раней уварваліся ў горад, забіваючы мірных жыхароў і сышлі з закладнікамі.
Варыянт наступу, агучаны прэм’ер-міністрам Біньямінам Нэтаньягу, нанесьці ўдар па ХАМАС, які кантралюе Газу, і дзе пражывае 2,3 мільёна палестынцаў, могуць быць абмежаваныя праз занепакоенасьць вялікай колькасьцю ізраільцян, захопленых баевікамі падчас рэйду. Поўнамаштабнае ўварваньне ў Газу, якога Нэтаньягу пазьбягаў доўгія гады знаходжаньня ва ўладзе, можа паставіць пад пагрозу жыцьцё закладнікаў.
У сваёй заяве ВПС Ізраіля заявілі, што за апошнія 20 гадзін яны скінулі на Газу каля 2000 боепрыпасаў і больш за 1000 тон бомбаў, нацэленых на больш чым 8000 аб’ектаў у Газе. Сярод цэляў былі тры ракетныя ўстаноўкі, накіраваныя на Ізраіль, мячэт, дзе дзейнічалі баевікі, і 21 шматпавярховы будынак, які абслугоўваў баевікоў.
З суботы па меншай меры 436 чалавек забіты, у тым ліку 91 дзіця і 61 жанчына, і больш за 2270 чалавек атрымалі раненьні, паведаміла Міністэрства аховы здароўя Газы.
«Вайсковыя напады сыянісцкага праціўніка і бамбаваньне дамоў, дзе жывуць жанчыны і дзеці, мячэтаў і школ у Газе, складаюць ваенныя злачынствы і тэрарызм», — заявіў афіцыйны прадстаўнік ХАМАСу Ізат Рэшык.
Прэс-сакратар ізраільскіх войскаў у адстаўцы падпалкоўнік Джонатан Конрыкус заявіў, што Ізраіль прызваў каля 100 000 салдат.
«Наша задача ў тым, каб пераканацца, што ў канцы гэтай вайны ў ХАМАС больш ня будзе ніякіх ваенных магчымасьцяў пагражаць мірным жыхарам Ізраіля, і ў дадатак да гэтага мы таксама павінны пераканацца, што ХАМАС ня будзе кіраваць паласой Газы», — сказаў падпалкоўнік Конрыкус.
Галоўны міжнародны хаўрусьнік ХАМАСу — Іран — павіншаваў арганізацыю з нападам, але яго місія ў ААН заявіла, што адмаўляе ўдзел Тэгерану ў апэрацыі. За межамі блякаванай Газы ізраільскія сілы і лібанскае апалчэньне «Хезбала», якое падтрымліваецца Іранам, абмяняліся артылерыйскім і ракетным агнём. Заходнія краіны, якія ў асноўным падтрымліюць у канфлікце Ізраіль, заклікаюць бакі да стрыманасьці і дээскаляцыі.
10:41 — На відэа і фота, што распаўсюджваюцца ў сацыяльных сетках, відаць ўруйнаваныя мячэты і жылыя будынкі ў Газе. Колькасьць загінулых на гэтай тэрыторыі ў панядзелак вырасла як мінімум да 436 чалавек.
ЦАХАЛ заявіў, што за ноч атакаваў 500 аб'ектаў ХАМАС і Палестынскага ісламскага джыхаду.
Міністэрства ўнутраных спраў Палестыны заявіла, што большасьцю цэляў сталі «вежы, жылыя дамы, цывільныя і службовыя аб'екты, а таксама мноства мячэтаў».
08:36 — ЦАХАЛ па-ранейшаму змагаецца супраць ХАМАС на поўдні Ізраілю, заявіў у панядзелак вайсковы прэс-сакратар, больш чым праз 48 гадзін пасьля таго, як палестынская ўзброеная групоўка пачала нечаканую атаку на краіну.
«Мы ўсё яшчэ змагаемся. Сем-восем адкрытых месцаў вакол Газы, дзе ў нас усё яшчэ ёсьць ваяры, якія змагаюцца з тэрарыстамі», — сказаў падпалкоўнік Рычард Хехт.
«Гэта займае ў нас больш часу, чым мы чакалі... Мы думалі, што сёньня раніцай становішча для нас будзе лепшым».
Таксама магчыма, што баевікі ХАМАС усё яшчэ перасякаюць тэрыторыю Ізраілю з Газы, сказаў ён, дадаўшы, што ізраільскія авіяўдары наносяцца па месцах, дзе баевікі зьбіраюцца для перасячэньня мяжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У большасьці забітых агнястрэльныя раненьні». Беларусы ў Ізраілі расказваюць пра сытуацыю ў краіне08:17 — Некалькі міжнародных авіяперавозьнікаў прыпынілі палёты з Тэль-Авівам у сувязі з нападам ХАМАС на Ізраіль, заявіўшы, што чакаюць паляпшэньня ўмоў бясьпекі, перш чым аднавіць рэйсы. Пра гэта піша агенцтва Reuters.
Амэрыканскія авіяперавозьнікі United Airlines, Delta Air Lines і American Airlines заявілі, што прыпынілі прамыя рэйсы, як і Air France. Авіякампаніі ЗША звычайна выконваюць прамыя рэйсы з буйных гарадоў, такіх як Нью-Ёрк, Чыкага, Вашынгтон, акругі Калюмбія і Маямі. У заяве United заявіла, што выканала два заплянаваныя рэйсы ў ЗША з Ізраілю позна ў суботу і ў пачатку нядзелі, але прыпыніла паслугі, «пакуль умовы не дазволяць іх аднавіць».
Hainan Airlines, адзіная кітайская авіякампанія, якая выконвае рэйсы паміж Кітаем і Ізраілем, у панядзелак скасавала рэйсы паміж Тэль-Авівам і Шанхаем, спасылаючыся на сытуацыю зь бясьпекай у Ізраілі. Яна таксама выконвае рэйсы паміж Пэкінам і Тэль-Авівам, а таксама паўднёвым тэхналягічным цэнтрам Шэньчжэнь і Тэль-Авівам. Авіякампанія заявіла, што будзе карэктаваць будучыя пляны палётаў у залежнасьці ад сытуацыі.
Кампанія Cathay Pacific заявіла, што таксама скасавала свой рэйс паміж Ганконгам і Тэль-Авівам у аўторак, яна павінна прадаставіць дадатковыя абнаўленьні аб наступным рэйсе ў чацьвер.
Кампанія Korean Air заявіла, што скасавала рэйс у панядзелак паміж партовым горадам Інчхон і Тэль-Авівам і чакае, што будучыя рэйсы будуць нерэгулярнымі.
7:56 — Сама меней чацьвёра мірных жыхароў, схопленых ХАМАСам у закладнікі, забітыя. Гэта адбылося ўсяго за некалькі мэтраў ад месца, дзе ўзброеныя баевікі суправаджалі іх каля мяжы з Газай. На гэта паказваюць відэа, атрыманыя і геалякаваныя каналам CNN.
На адным відэа з кібуцу Бээры на поўдні Ізраілю паказаныя ўзброеныя байцы са спаленымі аўтамабілямі і бульдозэрам на заднім пляне. Бліжэй да канца відэа, якое было апублікаванае на тэлеграм-канале, зьвязаным з ХАМАС, можна ўбачыць чатыры целы на зямлі.
Яшчэ адно відэа, раней геалякаванае CNN, паказала пяць ізраільскіх мірных жыхароў, узятых у палон баевікамі амаль у тым самым месцы. Аналіз відэазапісаў CNN паказаў, што асобы мелі аднолькавую вопратку і прычоскі. Што здарылася зь пятым закладнікам, пакуль невядома.
Бээры знаходзіцца ўсяго за тры мілі ад усходняй мяжы Газы.
7:40 — Ізраіль «сур’ёзна пагоршыў магчымасьці» палестынскай ваяўнічай групоўкі ХАМАС. Авіяўдары па Газе працягваліся да пачатку панядзелка, заявілі ў Арміі абароны Ізраіля (ЦАХАЛ). Там адзначылі, што нацэліліся на структуру, у якой разьмяшчаліся апэратыўнікі ХАМАС і некалькі апэратыўных камандных цэнтраў групоўкі, у тым ліку трохпавярховы камандны цэнтар.
ЦАХАЛ таксама заявіў, што нацэлены на:
- Камандны цэнтар, які належыць высокапастаўленаму апэратыўніку вайскова-марскіх сіл ХАМАС Махмаду Кашту;
- Апэратыўны атрад ХАМАС у мячэту ў горадзе Джабалія;
- Атрад выведкі і дадатковыя атрады, якія выкарыстоўваюцца ХАМАСам.
Раніцай 7 кастрычніка палестынская радыкальная групоўка ХАМАС атакавала Ізраіль. З паласы Газы прарваўся дэсант, які пачаў захопліваць паселішчы, браць закладнікаў і расстраляў многа людзей проста на вуліцах. 8 кастрычніка да атакі падключыліся радыкальныя ісламісты зь Лібану.
Уварваньне з тэрыторыі Газы адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
8 кастрычніка ХАМАС атакаваў ракетамі Сдэрот і Ашкелон. Стала вядома, што баевікі забілі каля 260 чалавек на музычным фэстывалі, што праходзіў каля мяжы з Газай. Колькасьць афіцыйна прызнаных ахвяр вайны склала звыш 700 чалавек з боку Ізраіля, уключна з цывільнымі, у тым ліку замежнымі грамадзянамі, і 400 палестынскіх арабаў.
Ізраіль афіцыйна аб’явіў стан вайны. Адпаведнае рашэньне прыняў Надзвычайны кабінэт, увёўшы ў дзеяньне так званы «параграф 40-Алеф» (Алеф /א/ - першая літара габрэйскага альфабэту). Мінулы раз гэты параграф уводзілі ў дзеяньне 50 гадоў таму — падчас вайны Суднага дня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля нападу ХАМАС на краіну Ізраіль афіцыйна аб’явіў стан вайны, чаго не было 50 гадоў