На выставе экспануюцца некалькі дзясяткаў унікальных дакумэнтаў, пэрыядычных выданьняў і мэмарыяльных рэчаў, зьвязаных зь дзейнасьцю як Рады БНР, гэтак і асобных актывістаў беларускай дыяспары ў 1920–30-я гады.
Арганізатарамі выступілі Славянская бібліятэка, дырэктар якой Лукаш Бабка распачаў выставу ўступным словам, і Беларускі інстытут у Празе, які ўзначальвае гісторык Ніна Скеп’ян. А фармавалі экспазыцыю (пераважна яна складзеная з фондаў Славянскай бібліятэкі) аўтар кніг і публікацый на тэму беларускай прысутнасьці ў Чэхіі Сяргей Кнырэвіч і гісторык Павал Котаў.
У прывітальным слове на адкрыцьці выставы намесьнік міністра замежных спраў Чэскай Рэспублікі Ян Мар’ян зьвярнуў увагу на важнасьць падтрымкі дэмакратычных сілаў у сучаснай Беларусі.
Пра пераемнасьць традыцыі падтрымкі беларускага народу ў яго змаганьні за свабоду гаварылася і ў лісьце ад старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы.
«Падтрымка ўрадам Першай Чэхаславацкай рэспублікі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі мела надзвычай важнае значэньне, — напісала Івонка Сурвіла. — У час, калі беларускія землі былі акупаваныя маскоўскімі бальшавікамі, Рада БНР заставалася голасам беларускага народу, адстойвала яго права на незалежную дзяржаву. Чэхія дала прытулак сотням маладых беларусаў, якія ў 2020 годзе выйшлі на вуліцы Менску ды іншых гарадоў, каб абараніць сваё права выбіраць уладу. Яны падвергліся рэпрэсіям, параўнальным са сталінскімі. На вялікі жаль, рэпрэсіі ў Беларусі, якую дыктатар Лукашэнка здаў пад кантроль Пуціна, працягваюцца і сёньня».
Таксама старшыня Рады БНР прыгадала свае сустрэчы ў Празе з Васілём Быкавым, які быў вымушаны пакінуць радзіму і апошнія месяцы свайго жыцьця правёў у Празе, і з прэзыдэнтам Чэскай Рэспублікі Вацлавам Гавэлам.
На тое, што адкрыцьцё выставы супала з днём народзінаў Вацлава Гавэла, зьвярнула ўвагу кіраўніца Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі ў Празе Крысьціна Шыянок. Яна працытавала словы Гавэла: «Дзе будзе знаходзіцца Беларусь і якую будзе мець палітычную сыстэму, залежыць найперш ад грамадзянаў Беларусі. Асабіста я лічу, што Беларусь як мэнтальна, гэтак і геаграфічна належыць да сям’і эўрапейскіх дэмакратый, і быў бы рады раней ці пазьней сустрэцца зь беларускімі сябрамі на пляцоўцы Эўрапейскага Зьвязу».
Крысьціна Шыянок сказала пра «ўнікальную сытуацыю, калі мы маем Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, найстарэйшы за ўсе часы ўрад у выгнаньні, якую ад 1997 году ўзначальвае Івонка Сурвіла; адначасна з 2020-га маем абраную прэзыдэнтку Сьвятлану Ціханоўскую, якая была выдаленая зь Беларусі, аднак здолела сфармаваць Пераходны кабінэт, які дэ-факта дзейнічае ў выгнаньні; і да таго ж маем нелегітымнага дыктатара, які сілай захаваў уладу і зацягнуў нашу радзіму ў расейскую агрэсію ва Ўкраіне».
Сябра Прэзыдыюму Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Ўладзіслаў
Яндзюк падзяліўся з прысутнымі на адкрыцьці выставы сваімі развагамі пра тое, што сёньня азначаюць для беларусаў і як успрымаюцца словы «Жыве Беларусь!». Сваё майстэрства прадэманстраваў кампазытар Алесь Ясінскі, які выканаў некалькі імправізацый на тэмы беларускіх народных песьняў.
Як паведаміла Радыё Свабода старшыня Беларускага інстытуту ў Празе Ніна Скеп’ян, на пачатку лістапада ў Празе пройдзе навуковая канфэрэнцыя, прысьвечаная «чэскаму» пэрыяду Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, з удзелам гісторыкаў зь Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны і Чэхіі.