Арганізатары маратону салідарнасьці назвалі суму грошай, якія ўжо выплацілі палітвязьням і праваабарончым ініцыятывам

Рэкляма маратону салідарнасьці

Па стане на 5 кастрычніка выплачана 218 900 эўра, сабраных падчас маратону салідарнасьці «Нам ня ўсё роўна!»

Як паведаміла прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) па сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова, выплачана ўжо 218 900 эўра, сабраных падчас ліпеньскага онлайн-маратону салідарнасьці «Нам ня ўсё роўна!», піша pn-info.online.

Паводле яе інфармацыі, сродкі накіраваныя:

  • ініцыятывам «Беларуская Рада культуры» (9500 эўра),
  • «Анархічны Чорны крыж Беларусі» (13 500),
  • фонду дапамогі беларусам у Літве Razam (13 500),
  • дабрачыннай арганізацыі Littouwin LIONS CLUB (13 500),
  • праваабарончай ініцыятыве Diss (14 000),
  • дабрачыннаму фонду «Краіна для жыцьця» (18 000),
  • ініцыятыве ByHelp (36 900),
  • фонду беларускай салідарнасьці BySol (100 000).

На 4 кастрычніка 45 семʼяў палітвязьняў атрымалі 93 707 эўра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці замінае збор грошай вызваленьню палітвязьняў? Цапкалу адказалі пра маратон салідарнасьці

Усяго ініцыятары маратона сабралі 545.740,22 эўра і 12 тысяч эўра ў крыптавалюце (без уліку камісіі). Паступіла 14.135 ахвяраваньняў ад 11.208 чалавек з 86 краін, паведаміла Гарбунова. Найбольш сродкаў паступіла з Польшчы (200.563 эўра), ЗША (89.740), Літвы (55.130), ФРГ (39.131) і Вялікабрытаніі (25.790).

Прадстаўніца АПК адзначыла, што з меркаваньняў бясьпекі ня можа назваць усе краіны, адкуль паступілі грошы. «Мяне зьдзівіла шырыня геаграфіі ахвяраваньняў. Для нас было нечаканасьцю ўбачыць некаторыя краіны ў сьпісе тых, зь якіх ажыцьцяўляліся выплаты. Ахвяраваньні паступалі з усіх кантынэнтаў, з розных куткоў сьвету, з аддаленых астравоў», — сказала яна.

3 кастрычніка МУС і Сьледчы камітэт паведамілі аб узбуджэньні крымінальнай справы па ч. 2 арт. 3612 КК (фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці) у дачыненьні да арганізатараў і ўдзельнікаў маратону, ініцыятарамі якога названыя Гарбунова і беларускі дэмакратычны лідэр Сьвятлана Ціханоўская. Было заяўлена аб ідэнтыфікацыі «каля 60 датычных з ліку арганізатараў маратону і іх саўдзельнікаў», а таксама аб тым, што цяпер «устанаўліваюцца асобы, якія маюць дачыненьне да фінансаваньня экстрэмізму на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць удзельнікаў маратону салідарнасьці з палітзьняволенымі «Нам ня ўсё адно» завялі крымінальную справу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская: За тыдзень сабраныя на маратоне сродкі разьмяркуюць паміж 13 ініцыятывамі і фондамі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На маратоне салідарнасьці для палітвязьняў сабралі больш як паўмільёна эўра