Дацкі банк электронных плацяжоў «Nets Denmark» не павінен вяртаць замарожаныя сродкі беларускаму санаторыю «Беларусь».
Такое рашэньне вынес Вярхоўны суд Літвы пасьля разгляду скаргі санаторыя, піша выданьне 15min.lt. Банк скасаваў кантракт зь «Беларусьсю» ў 2022 годзе з прычыны ягоных сувязяў з адміністрацыяй Лукашэнкі.
У выніку суд пастанавіў, што дацкі банк законна адмовіўся перавесьці 12,4 тысячы эўра, аплачаных картамі кліентаў санаторыя «Беларусь» у лістападзе 2021 году, а ў сакавіку 2022 законна скасаваў дамову на аплату карткамі, падпісаную з кампаніяй у верасьні 2021 году.
«Пазоўнік не падаў ні адказьніку, ні суду дастатковых зьвестак, якія разьвеялі б сумневы ў сувязях з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, магчымасьці выкананьня дамовы з боку адказчыка былі аб’ектыўна абмежаваныя санкцыямі, ужытымі Эўразьвязам», — гаворыцца ў пастанове суду.
Такім чынам, Вярхоўны суд Літвы адхіліў скаргу «Беларусі» і пакінуў бязь зьмены рашэньне Віленскага акруговага суду ад сьнежня 2022 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскія спэцслужбы не камэнтуюць затрыманьня былога галоўнага доктара санаторыя «Беларусь» у ДрускенікахСанаторый «Беларусь» у Друскеніках зазнаў санкцыі праз рэпрэсіі ў Беларусі і пэўны час не працаваў. 17 кастрычніка санаторый паведаміў Службе занятасьці Літвы, што неўзабаве звольніць каля 60 работнікаў. Цяпер санаторый абслугоўвае толькі пацыентаў з краін ЭЗ.
У канцы 2020 году Эўрапейскі Зьвяз увёў санкцыі ў дачыненьні да Галоўнага эканамічнага ўпраўленьня, якому падпарадкоўваецца санаторый. Гэтая структура знаходзіцца ў непасрэдным падпарадкаваньні Кіраўніцтва справаў Лукашэнкі. З гэтай прычыны Swedbank заблякаваў рахункі санаторыя, пачаліся цяжкасьці з выплатай заробкаў.
У ліпені 2021 году ўрад Беларусі вывеў кіраўніцтва справаў Лукашэнкі з заснавальнікаў санаторыя ў Літве, каб пазьбегнуць санкцый. Тады рахункі санаторыя разблякавалі. Функцыі заснавальніка санаторыя перадалі Рэспубліканскаму цэнтру аздараўленьня і санаторна-курортнага лячэньня насельніцтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі былога галоўнага доктара санаторыя «Беларусь». Падазраюць у шпіянажы на карысьць Літвы