Беларусы сёлета набралі рэкордны аб'ём спажывецкіх крэдытаў

Грошы. Ілюстрацыйнае фота

У жніўні 2023 году абʼём выдачы спажывецкіх крэдытаў беларускімі банкамі ўстанавіў новы рэкорд, дасягнуўшы 967,3 млн рублёў. Выдача крэдытаў на фінансаваньне нерухомасьці таксама паскорылася.

Пра гэта піша выданьне «Беларусы і рынак» з спасылкай на select.by.

Паводле зьвестак Нацыянальнага банку Беларусі, прыведзеных у Статыстычным бюлетэні за жнівень 2023 году, у параўнаньні зьліпенем банкі далі насельніцтву крэдытаў на 78,1 млн рублёў (на 8,8%) больш, чым у ліпені гэтага года, і прыкладна ў паўтара раза больш, чым у жніўні 2022 году.

Па выніках студзеня–жніўня 2023 фізычныя асобы ўзялі ў банках крэдытаў на спажывецкія патрэбы на 6 742,7 млн рублёў — прыкладна на 2,26 млрд рублёў больш, чым за аналягічны леташні пэрыяд.

Крэдытаў на фінансаваньне нерухомасьці ў беларускіх рублях банкі выдалі фізычным асобам у жніўні на 287,5 млн рублёў, што перавысіла аналягічны паказчык за ліпень прыкладна на траціну.

Магчыма, людзі сьпяшаліся ўзяць крэдыт на будаўніцтва да таго часу, пакуль цэны на кватэры не выраслі ў сувязі з ростам курсу даляра, мяркуе выданьне. За 8 месяцаў 2023 году гэтыя крэдыты склалі 1551,1 млн рублёў — на 57,6% больш, чым год таму.

Такая бурная выдача крэдытаў прыводзіць да хуткага росту велічыні запазычанасці насельніцтва перад банкамі. У прыватнасьці, па спажывецкіх крэдытах яна павялічылася за жнівень на 259,9 млн рублёў — да 6 181,2 млн рублёў. А запазычанасць на фінансаваньне нерухомасьці ў беларускіх рублях вырасла на 259,9 млн рублёў — да 12 734,3 млн рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы ўвайшлі ў топ-3 пакупнікоў кватэр у Польшчы сярод замежнікаў

У жніўні павялічыліся тэмпы росту і крэдытнай запазычанасьці юрыдычных асоб камэрцыйным банкам. У прыватнасьці, доўг дзяржаўных камэрцыйных прадпрыемстваў у беларускіх рублях вырас у параўнаньні зь ліпенем на 258,3 млн рублёў — да 14 756,2 млн рублёў.

У цэлым рублёвая і валютная крэдытная запазычанасьць фізычных і юрыдычных асоб у жніўні вырасла ў параўнаньні з ліпенем на 1,9 млрд рублёў — да 68 427,1 млн рублёў. За год яна павялічылася на 8,9 мільярда рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбываецца зь беларускім рублём. Меркаваньне эканамісткі Лузгіной
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Агенцтва Fitch панізіла крэдытны рэйтынг беларускага «Банка разьвіцьця» да пераддэфолтнага