«Найбольш актыўнымі на польскім рынку нерухомасьці зрабіліся грамадзяне Ўкраіны, якім летась належала 6393 кватэры, што на 40% больш, чым у 2021 годзе. З пачаткам вайны гэтая лічба сыстэматычна павялічвалася», — цытуе «Белсат» Эміля Басту з офісу продажаў распрацоўніка WPBM «Mój Dom» S.A.
Другая паводле велічыні група замежнікаў, якія купляюць кватэры ў Польшчы, — гэта немцы: у 2022 яны годзе набылі каля 1,4 тысячы жылых памяшканьняў. Ім крыху саступаюць беларусы — летась яны набылі сама меней 1,3 тысячы кватэраў.
У Польшчы набыць кватэру можа любы замежны грамадзянін, які легальна жыве на тэрыторыі краіны (на падставе візы ці дазволу на жыхарства або ў статусе рэзыдэнта іншай краіны ЭЗ). Адмысловы дазвол у Міністэрстве замежных спраў Польшчы трэба атрымліваць толькі на набыцьцё прыватнага дому, але не кватэры.
Замежнікі з дазволам на жыхарства ў Польшчы могуць прэтэндаваць на крэдыты для набыцьця жытла або для іпатэкі. Стаўкі крэдытаў — 8–9% гадавых, але замежнікі могуць прэтэндаваць і на льготныя крэдыты для першага жытла пад 4% гадавых.
Сярэдняя цана за квадратны мэтар кватэры ў Варшаве — каля 3000 эўра: паводле адных зьвестак — 14 872 злотыя (або каля 3190 эўра), паводле іншых — 13 417 злотых (каля 2870 эўра). У іншых гарадах цэны вельмі розныя: напрыклад, у Кракаве цэны амаль варшаўскія, а ў Беластоку ці Лодзі сярэдняя цана — каля паловы ад варшаўскай.