Хроніка перасьледу 4 кастрычніка: ГУБАЗіК затрымаў трактарыста за вымпел з Пагоняй

Беларускія сілавікі, архіўнае фота

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

ГУБАЗіК затрымаў трактарыста за нацыянальную сымболіку ў кабіне

Кіроўцу трактара УП «Зелянбуд» затрымалі па даносе аб тым, што ў тэхніцы, якая прыбірае вуліцы, вісіць бел-чырвона-белая сымболіка.

Трактарыста прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці, зь ім таксама запісалі відэа.

Данос на яго напісалі ў чат-бот ГУБАЗіКу. «Неабыякавага грамадзяніна» абурыў невялікі сьцяжок з Пагоняй у кабіне кіроўцы.

Гэтую атрыбутыку ў кабіне разьмясьціў кіроўца, сьцяжок застаўся з часу масавых пратэстаў 2020 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 3 кастрычніка: ГУБАЗіК затрымаў блогера Лінскага; 20 гадзін грамадзкіх работ за лайк у Instagram Радыё Свабода

Чарговая аблава сілавікоў у Ваўкавыску

Сама меней шэсьць чалавек былі затрыманыя падчас аблавы ў Ваўкавыску, якая працягвалася з 25 верасьня па 1 кастрычніка, вынікае з паведамленьня набліжанага да ГУБАЗіК тэлеграм-каналу.

Сілавікі назвалі рэйд «спэцыяльным комплексным мерапрыемствам „Правапарадак“». Затрыманьні праводзілі супрацоўнікі ГУБАЗіК разам з байцамі АМАП.

Мяркуючы па апублікаваным «пакаяльным» відэа, затрымалі сама меней 6 чалавек. Ім ставяць у віну распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.

Раней набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал ужо двойчы паведамляў пра затрыманьні ў Ваўкавыску. У абодвух выпадках былі затрыманыя сама меней чатыры чалавекі.

У Гомлі асудзілі прадпрымальніка па «экстрэмісцкіх» артыкулах

Гомельскі абласны суд вынес прысуд па справе прадпрымальніка Валянціна Штэрмера. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім) і ч. 1 арт. 130 КК (распальваньне варожасьці). Справу ў закрытым рэжыме разглядаў судзьдзя Сяргей Багінскі, паведамляе «Вясна».

Валянціна, паводле праўладных тэлеграм-каналаў, затрымалі 9 чэрвеня за «8 камэнтароў на тэму расейскай агрэсіі з абразамі грамадзян Расеі», чым ён нібыта «паспрабаваў распаліць нацыянальную варожасьць». Таксама паведамлялі пра пакінутыя ў камэнтарах абразы ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі.

Шляхам частковага складаньня суд канчаткова прызначыў Валянціну Штэрмеру пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін 5 гадоў з адбываньнем у папраўчай калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы паведамілі, што ў Сьветлагорскім РАУС зьбілі чалавека

Двое віцяблян падчас стрыму прыгразілі «п****ць» міліцыянтаў — пасьля здымак да іх уварваліся сямёра сілавікоў

У Віцебску затрымалі двух жыхароў гораду, якія падчас стрыму прыгразілі сілавікам фізычным гвалтам. Пра гэта паведаміў 4 кастрычніка набліжаны да МУС тэлеграм-канал, заўважыла «Зеркало».

Мужчыны трансьлявалі сваё застольле ў асабістым YouTube-канале. Падчас стрыму адзін зь іх сказаў, што беларускую міліцыю будзе «п*****ь» (біць. — рэд.). Празь некаторы час у кватэру аднаго зь іх уварваліся сямёра сілавікоў. З адным з удзельнікаў стрыму запісалі «пакаяльнае» відэа.

Прапагандысцкі тэлеграм-канал паведаміў, што ў дачыненьні да затрыманых склалі пратаколы. Аднаму зь іх суд прызначыў 15 дзён арышту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былога вайскоўца Кучынскага судзяць за «здраду дзяржаве» і яшчэ паводле шасьці артыкулаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Горадзенскага сьвятара аштрафавалі за падпіску на інстаграм журналіста Кулевіча і забралі тэлефон