Групы школьнікаў у загадным парадку фармуе «Магілёўаблтурыст», паведамляе Mayday.team.
Маршрут экскурсіі (Магілёў — Шклоў — Александрыя — Горкі) зьвязаны з жыцьцём Лукашэнкі да таго, як ён пайшоў у палітыку. Першымі яе наведнікамі сталі навучэнцы магілёўскіх сярэдніх школаў № 19 і № 25.
З Магілёва, дзе Лукашэнка атрымліваў першую вышэйшую адукацыю ў пэдагагічным інстытуце (цяпер унівэрсытэт), школьнікаў павезьлі ў Шклоў, дзе ён працаваў, адтуль у Александрыю, дзе знаходзіцца школа, у якой вучыўся Лукашэнка, потым — у Горкі, у сельгасакадэмію — там дзецям паказалі аўдыторыю № 1020 у першым корпусе БДСГА, дзе Лукашэнка слухаў лекцыі. Наведваньне аўдыторыі суправаджаюць апавяданьнем пад назвай «О Времени и о Человеке, Личность которого вписана в Историю современной Беларуси» (артаграфія захаваная). Таксама дзяцей адвялі ў корпус № 10 і паказалі старонку «кнігі ведаў», у якой Лукашэнка пакінуў сваё пажаданьне ў 1995 годзе.
Паведамляецца, што «абласны маратон» працягнецца да 10 лістапада. Калі ідэалягічную навінку палічаць удалай, дзяцей гэтым маршрутам павязуць і зь іншых рэгіёнаў.
Апошнім часам рэжым Лукашэнкі актыўна ўзяўся за «патрыятычнае выхаваньне» дзяцей: у школах увялі пасаду адмысловага вайскова-патрыятычнага выхавальніка, для дзяцей ствараюць вайскова-патрытычныя клюбы.
Дашкольныя навучальныя ўстановы таксама актыўна займаюцца «патрыятычным выхаваньнем» дзяцей: праводзяць сустрэчы дзяцей з праваслаўнымі сьвятарамі і водзяць іх у цэрквы, ладзяць «патрыятычныя мерапрыемствы», у тым ліку з удзелам БРСМ, міліцыі, АМАПу, пракурорскіх работнікаў і вайскоўцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бэнэфіцыяр расейскага крызісу. Як Лукашэнка скарыстаў падзеі кастрычніка 1993-га ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Помнік першаму прэзыдэнту? Толькі пасьля маёй сьмерці». Чаму Лукашэнка адмаўляецца ад некаторых атрыбутаў дыктатуры