Ці прывядуць вынікі выбараў у Славаччыне да адмовы яе ад падтрымкі Ўкраіны і павароту да Расеі? Наколькі палітычны курс Браціславы пры новым урадзе можа стаць падобны да палітычнага курсу Будапэшту? Ці ўручыць амбасадар Славаччыны даверчыя лісты Лукашэнку, як гэта зрабіла вугорская амбасадарка? Ці сталі вынікі славацкіх выбараў індыкатарам стомы ад падтрымкі Ўкраіны ў заходніх краінах?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае віцэ-прэзыдэнтка міжнароднага аналітычнага цэнтру GLOBSEC у Браціславе Алена Кудзько.
— На парлямэнцкіх выбарах у Славаччыне адносную перамогу здабыла папулісцкая партыя Smer былога прэм’ер-міністра Робэрта Фіца: яна набрала 23% галасоў, на 5 адсоткавых пунктаў больш, чым лібэральная і праэўрапейская «Прагрэсіўная Славаччына».
Увагу Эўропы і сьвету выбары ў Славаччыне і іх вынікі прыцягнулі, напэўна, з прычыны выразнай прарасейскай пазыцыі Фіца і кіраванай ім партыі. Лідэр Smer падчас выбарчай кампаніі заяўляў, што зброя больш не паступіць ва Ўкраіну, паставіў пад сумнеў санкцыі ЭЗ супраць Расеі, казаў, што вайну выклікала NATO.
Чаму славакі падтрымалі партыю з такой пазыцыяй? Гэта стала нечаканасьцю?
— Сапраўды, увагу сьвету і Эўропы найперш прыцягнула тое, што казаў Фіца пра Ўкраіну і NATO. Але для мясцовых выбаршчыкаў гэта наўрад ці было самым галоўным пытаньнем. Славакаў турбавалі тыя ж праблемы, якія турбуюць людзей і ў іншых краінах — гэта перш за ўсё эканамічныя пытаньні: кошт электраэнэргіі, інфляцыя (яна ў Славаччыне адна з найвышэйшых у ЭЗ), кошт гіпатэкі і г.д. Фіца абяцаў простыя разьвязаньні гэтых праблемаў. Экспэртам было не зусім зразумела, як ён зьбіраецца кантраляваць рост цэнаў, але электарату гэта спадабалася.
Безумоўна, Фіца дапамог яго наратыў, што трэба тэрмінова спыніць вайну ва Ўкраіне. У Славаччыне традыцыйна высокая падтрымка Расеі, высокі ўзровень сымпатыяў да яе. Цяпер у апытаньнях толькі 40% славакаў кажуць, што адказнасьць за вайну ва Ўкраіне цалкам ляжыць на Расеі. Палова насельніцтва мяркуе, што адказныя за гэта NATO і Ўкраіна. Многія падзяляюць наратывы, што NATO пашыралася занадта хутка, а ва Ўкраіне ёсьць нацысты. Фіца прапанаваў прарасейскаму электарату мадэль сьвету, за якую яны маглі галасаваць.
Але былі і іншыя фактары. У апошнія 4 гады ў Славаччыне было шмат палітычнай турбулентнасьці, тры розныя прэмʼеры, тры розныя ўрадавыя кааліцыі. І было шмат пратэставага электарату, які быў гатовы галасаваць за Фіца, які прапаноўваў лёзунг «Стабільнасьць і парадак». Што нагадвае некаторых лідэраў у іншых краінах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прарасейская папулісцкая партыя лідзіруе на выбарах у Славаччыне— Вы прывялі дадзеныя апытаньняў на тэму адказных за вайну ва Ўкраіне. А як яны зьмянілася ў параўнаньні зь мінулым годам?
— Мы праводзілі апытаньні ўвесну 2022 і ўвесну 2023 году — за год рост прарасейскіх настрояў прыкладна на 10–15 адсоткавых пунктаў. Цяпер больш людзей кажуць, што ня ўсё так адназначна ва Ўкраіне. Падтрымка пазыцыі Расеі вырасла прыкладна на 10 адсоткавых пунктаў, і пры гэтым прыкладна на столькі ж зьнізілася падтрымка Эўразьвязу і NATO.
Выбарчая кампанія пачалася яшчэ летась, калі стала відавочным, што будуць датэрміновыя выбары. І кампанія ўплывала на грамадзкую думку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Славаччына: вынікі выбараў, якія ўвасабляюць стомленасьць ад Украіны— Калі Фіца стане на чале ўраду, ці зможа і ці захоча ён кардынальна зьмяніць зьнешнепалітычны курс краіны — адмовіцца ад падтрымкі Ўкраіны, зблізіцца з Масквой, падарваць палітыку санкцыяў адносна РФ? Фіца ўжо тройчы ўзначальваў урад Славаччыны, і ніякага кардынальнага развароту палітыкі краіны тады не адбывалася. Але ўсё некалі здараецца ўпершыню. Ці імаверна, што ў Славаччыне здарыцца такое зараз?
— Дакладна цяжка адказаць: невядома нават, якія партыі ўвойдуць ва ўрадавую кааліцыю. Але відавочна, што прынамсі для хатняга электарату Фіца трэба будзе працягваць рыторыку, якой ён карыстаўся на пачатку выбарчай кампаніі. Але ён вялікі прагматык. Ён сапраўды ўжо тройчы быў прэмʼерам. Ён тады падтрымліваў вельмі добрыя стасункі з Расеяй, але пры гэтым ухваляў усе рашэньні ЭЗ па Расеі, у прыватнасьці, падтрымліваў санкцыі за анэксію Расеяй Крыму.
Таму ёсьць меркаваньне, што ён будзе працягваць прагматычную палітыку і ў тым выпадку, калі стане прэмʼерам чацьвёрты раз. Партыя Smer у сваёй перадвыбарчай кампаніі казала, што кардынальнага развароту ў зьнешняй палітыцы ня будзе.
Шмат што будзе вызначаць склад кааліцыі. У любы ўрад увойдзе партыя «Голас», якая заняла трэцяе месца на выбарах у мінулыя выходныя. Гэтая партыя, яе лідэр Петэр Пэлігрыні, таксама былы прэмʼер) выступае за праэўрапейскую палітыку. Яны значна менш прарасейскія. Для іх адмова ад падтрымкі Ўкраіны не была кардынальным пытаньнем. І таму яны могуць карэктаваць пазыцыю Фіца ў новым урадзе.
Тут таксама варта ўлічваць, што Славаччына вельмі інтэграваная ў супольную эканоміку ЭЗ. І няма вялікіх выгад для яе ствараць сабе ворагаў сярод краінаў Эўропы. Славацкі бізнэс хоча ўдзельнічаць у аднаўленьні Ўкраіны, будуць выгаднымі інфраструктурныя і лягістычныя праекты з Украінай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вугоршчына стала першай краінай Эўразьвязу, амбасадар якой уручыў даверчыя лісты Лукашэнку пасьля 2020 году— Важная дыпляматычная падзея ў Беларусі апошняга часу — упершыню з 2020 году даверчыя лісты Аляксандру Лукашэнку ўручыла амбасадарка краіны ЭЗ — Вугоршчыны. Як вы мяркуеце, пры прэмʼеру Фіца амбасадар Славаччыны таксама ўручыць даверчыя лісты Лукашэнку?
— Ня думаю, што ў партыі Smer ёсьць нейкая выразная пазыцыя адносна Беларусі. Мяркую, што рашэньні будуць прымацца сытуацыйна. Ці даручаць амбасадару ўручыць даверчыя лісты Лукашэнку — 50 на 50. Шмат што будзе залежаць ад пазыцыі іншых краінаў ЭЗ і ад таго, хто ўзначаліць МЗС Славаччыны ў новым урадзе. Калі гэта будзе карʼерны дыплямат, даверчых лістоў ад амбасадара Славаччыны Лукашэнка не дачакаецца.
Для Вугоршчыны ўручэньне Лукашэнку даверчых лістоў — гэта дэманстрацыя партнэрам па ЭЗ, што Вугоршчына — іншая, чым астатнія чальцы Зьвязу. Будапэшт спрабуе займець імідж перамоўніка паміж ЭЗ і краінамі за яго межамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Вугоршчыны заявіў аб жаданьні заставацца кіраўніком нацыянальнага ўраду цягам яшчэ 11 гадоў— Фіца часта параўноўваюць з вугорскім лідэрам Віктарам Орбанам — enfant terrible эўрапейскай палітыкі. Гэтае параўнаньне слушнае? Фіца-прэмʼер пойдзе шляхам вугорскага калегі?
— Наагул кажучы, не. Хаця б таму, што ў Орбана пераважная большасьць у парлямэнце. А калі Фіца нават складзе кааліцыю, у яе будзе толькі простая большасьць галасоў. Таму кардынальна зьмяніць дэмакратычныя інстытуты ў Фіца не атрымаецца нават пры самым спрыяльным для яго раскладзе. Ну, і Славаччына будзе зараз у цэнтры ўвагі Эўразьвязу. Славаччына атрымлівае шмат сродкаў з фондаў ЭЗ. І тут будзе пэўны балянс інтарэсаў Браціславы і Брусэлю.
Славакаў заўсёды турбавала карупцыя ў краіне. Фіца зараз пытаюцца, як ён будзе зь ёю змагацца. Ён ужо заявіў, што ня будзе кардынальна перафарматоўваць антыкарупцыйныя інстытуцыі.
У замежнай палітыцы рыторыка Орбана і Фіца адносна Ўкраіны даволі падобная. Але невядома, ці будзе падобнай іх практычная палітыка. Фіца падчас выбарчай кампаніі казаў, што прэзыдэнтка Славаччыны Зузана Чапутава — амэрыканская агентка. Ён таксама казаў, што варта ўсталяваць большую празрыстасьць у фінансаваньні недзяржаўных арганізацыяў. І тыя зь іх, якія атрымліваюць фінансаваньне з-за мяжы, паводле Фіца, варта пазначаць як «замежных агентаў».
Раней Фіца, калі быў прэмʼерам, вельмі шчыльна супрацоўнічаў у межах Вышаградзкай чацьвёркі — Вугоршчына, Славаччына, Польшча, Чэхія. Магчыма, і цяпер, калі ён стане прэмʼерам, то будзе імкнуцца працаваць у межах гэтай супольнасьці больш эфэктыўна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар Алейнік прыляцеў у Будапэшт, пакуль кіраўнік МЗС Вугоршчыны Сіярта гасьцюе ў Маскве— Орбана многія ў Эўропе папракаюць ня толькі за яго прарасейскую пазыцыю, але і за падрыў дэмакратычных інстытутаў, палітычных свабодаў. Ці абвінавачваюць у апошнім і Фіца і ці слушныя гэтыя абвінавачаньні? Падчас сваіх папярэдніх прэмʼерстваў ён спрабаваў падрываць дэмакратычныя інстытуты?
— Вельмі шмат адрозьненьняў. У Славаччыне даволі свабодныя мэдыя, ёсьць шмат розных СМІ, якія фінансуюцца і зарабляюць вельмі рознымі шляхамі. Інфармацыйная сфэра ў Славаччыне значна больш свабодная і крытычная да ўраду, чым у Вугоршчыне.
Сурʼёзная праблема — гэта карупцыя. Калі паглядзець на розныя індэксы, то традыцыйна Славаччына не дэманструе высокіх паказьнікаў у барацьбе з карупцыяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністры замежных спраў краін Эўразьвязу прыехалі на «гістарычны» саміт у Кіеў, Расея абстраляла Херсон і Харкаў— Учора міністры замежных справаў краінаў ЭЗ правялі нараду ў Кіеве, на якой засьведчылі нязьменнасьць падтрымкі Ўкраіны сваімі дзяржавамі. Але вынікі славацкіх выбараў — ці не індыкатар гэта зьніжэньня грамадзкай падтрымкі Ўкраіны, пэўнай стомы ад Украіны, і не адно ў Славаччыне, але і ва ўсім ЭЗ, а можа, і ў заходнім сьвеце ў цэлым? Ці назіраюцца падобныя тэндэнцыі ў іншых краінах Захаду, ці Славаччына, як той казаў, — выключэньне, якое пацьвярджае правіла?
— Стома сапраўды назіраецца, і дзіўна было б, калі б яе не было. І ва ўсіх краінах ЭЗ і Захаду ў цэлым нямала і звычайных людзей, і палітыкаў, якія сумняюцца, ці варта накіроўваць столькі дапамогі Ўкраіне, колькі накіроўвалі. Але гэта заўсёды было. Аднак пры гэтым уплыў такіх настрояў у розных краінах розны.
Скажам, у Баўгарыі таксама даволі моцны прарасейскі сантымэнт. Але баўгарскае кіраўніцтва вырашыла падтрымліваць супольныя рашэньні ЭЗ і не абавязкова адлюстроўваць у практычнай палітыцы ўсе грамадзкія меркаваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: І палякам, і ўкраінцам варта спыніць узаемную недружалюбную рыторыку, — польскі журналіст Міхал ПатоцкіВельмі важнымі будуць вынікі парлямэнцкіх выбараў у Польшчы. Яны важныя і для ўнутранай, і для зьнешняй палітыкі. Але я б нагадала, што падчас перадвыбарчых кампаніяў шмат жарсьцяў, шмат чаго заяўляецца. І не абавязкова палітыка пераможцаў на выбарах будзе цалкам адпавядаць іх рыторыцы падчас выбарчай кампаніі. Я думаю, што ў Польшчы застанецца моцная падтрымка Ўкраіны. А тыя непаразуменьні, якія зараз ёсьць паміж Варшавай і Кіевам, будуць палагоджаныя.
Шмат што будзе залежаць ад вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША ў наступным годзе. Калі ЗША зьменяць сваю палітыку адносна Ўкраіны, гэта будзе мець значна большы эфэкт, чым зьмена палітыкі Славаччыны ці іншых невялікіх краінаў Эўропы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна зноў у цэнтры ўвагі палітыкі ЗША. На гэты раз стаўкі вышэйшыя