У Армэніі ратыфікавалі Рымскі статут, краіна далучаецца да суду, які выдаў ордэр на арышт Пуціна

Пасяджэньне парлямэнту Армэніі 3 кастрычніка 2023

Міністэрства замежных спраў Расеі накіравала Армэніі ноту пратэсту пасьля таго, як армянскі ўрад накіраваў Рымскі статут у парлямэнт для ратыфікацыі.

Парлямэнт Армэніі ратыфікаваў Рымскі статут, на падставе якога дзейнічае Міжнародны крымінальны суд.

Як паведаміла армянскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва ArmenPress, законапраект аб ратыфікацыі ў парлямэнце рэпрэзэнтаваў прадстаўнік Армэніі ў міжнародных прававых пытаньнях Егішэ Кіракасьян.

«Гэта ў некаторай ступені гарантуе, што любое сур’ёзнае злачынства, учыненае на тэрыторыі Рэспублікі Армэнізі, будзе знаходзіцца ў юрысдыкцыі Міжнароднага крымінальнага суду, а для тых, хто мае намер зрабіць такое злачынства, гэта будзе мець як мінімум стрымальны эфэкт. Мяркую, што гэта не малая нагода для абмеркаваньня пытаньня ратыфікацыі. Улічваючы той факт, што ўзброеныя фармаваньні Азэрбайджану знаходзяцца на сувэрэннай тэрыторыі Армэніі, ратыфікацыя статуту таксама апраўдана», — сказаў Егішэ Кіракасьян.

Перад галасаваньнем у парлямэнце Канстытуцыйны суд Армэніі прызнаў адпаведнасьць нацыянальнай Канстытуцыі абавязаньняў, прадугледжаных Рымскім статутам Міжнароднага крымінальнага суду.

Міжнародны крымінальны суд сёлета выдаў міжнародны ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Гэта азначае, што краіны, якія ратыфікавалі Рымскі статут, павінны арыштаваць расейскага прэзыдэнта, калі ён будзе знаходзіцца на іхнай тэрыторыі.

Міністэрства замежных спраў Расеі накіравала Армэніі ноту пратэсту пасьля таго, як армянскі ўрад накіраваў Рымскі статут у парлямэнт для ратыфікацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея абвінаваціла Армэнію ў «недружалюбных кроках». У чым Ерэван «правініўся» перад Масквой

З моманту дзеяньня Рымскага статут Міжнародны крымінальны суд выдаў чатыры ордэры на арышт дзейных кіраўнікоў дзяржаваў — тры на прэзыдэнтаў афрыканскіх краін, чацьверты — на расейскага лідэра Ўладзіміра Пуціна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Міжнародным крымінальным судзе заявілі, што Расея перашкаджае прыцягненьню Пуціна да адказнасьці

13 верасьня Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю «Аб дачыненьнях зь Беларусьсю», у якой Аляксандра Лукашэнку прызналі саўдзельнікам злачынстваў Расеі ва Ўкраіне і заклікалі Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на ягоны арышт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапарлямэнт заклікаў Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на арышт Лукашэнкі