На пачатку паседжаньня дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што 2 кастрычніка быў узгоднены пратакол па ўзаемадзеяньні паміж Каардынацыйнай радай і Аб’яднаным пераходным кабінэтам (АПК).
Пасьля яе выступу кожны з чальцоў кабінэту выказваўся пра наступныя крокі ў сваёй дзейнасьці на рэшту году.
Прадстаўніца АПК па сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова заявіла, што сёньня працягваецца дапамога як сем’ям палітвязьняў, так і былым палітзьняволеным, якіх ужо больш за тысячу. Гарбунова таксама зазначыла, што «ўразьлівых грамадзян, якія сутыкнуліся з пэўнымі сацыяльнымі праблемамі, зьвяртаецца ў Кабінэт вельмі шмат».
Аліна Коўшык, прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні, сярод асноўных прыярытэтаў сваёй дзейнасьці вылучыла наступнае:
- пытаньне інфармацыйнай палітыкі і працы зь людзьмі, якія застаюцца ў Беларусі;
- супрацьдзеяньне прапагандзе і «рускаму сьвету»,
- разьвіцьцё беларускай культуры, навукі і пэўных праектаў, прысьвечаных адукацыі.
«Важна, каб мы мелі магчымасьць даносіць сапраўдную інфармацыю пра тое, што адбываецца ў Беларусі, ня толькі тым людзям, якія ўжо падтрымліваюць перамены, але і тым, якія вагаюцца і знаходзяцца па-за нашым інфармацыйным уплывам», — падкрэсьліла Аліна Коўшык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьехаць і не вярнуцца. Хто з эмігрантаў зьбіраецца вяртацца на радзіму — аналіз сацыёляга КоршунаваВалера Сахашчыка, прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту па абароне і нацыянальнай бясьпецы, замяшчала яго прэс-сакратарка Лізавета Кохман. Яна адзначыла, што прадстаўніцтва наладжвае новыя сувязі з парамілітарнымі арганізацыямі.
Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) па транзыце ўлады Павал Латушка, у сваю чаргу, абазначыў два галоўныя кірункі сваёй дзейнасьці. Гэта:
- пытаньне санкцыйнай палітыкі (галоўная мэта працы — раскрыцьцё мэханізмаў абыходу санкцый і супрацьдзеяньне ім);
- раскол эліт (сярод асноўных падыходаў — неабходнасьць выданьня ордэру на арышт Лукашэнкі за злачынствы, якія ён рабіў разам з сваімі паплечнікамі).
Кіраўнік Прадстаўніцтва дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі Ўладзімер Астапенка расказаў пра праект пашпарта «Новай Беларусі».
«Ужо падрыхтаваныя дамовы на камэрцыйны заказ фізычных блянкаў пашпарта, якія патрэбныя для больш эфэктыўнага працягу пытаньня прызнаньня гэтага дакумэнту», — заявіў Астапенка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэс-сакратарка Ціханоўскай расказала пра невядомыя падрабязнасьці выбараў 2020 году і РасеюПасьля справаздачы чальцоў Кабінэту яго кіраўніца Сьвятлана Ціханоўская выступіла перад дэлегатамі Каардынацыйнай Рады.
Яна акрэсьліла 7 прыярытэтаў для дэмакратычных сілаў Беларусі:
- Візуалізацыя Новай Беларусі, а менавіта распрацоўка адказаў на пытаньні: «Што будзе пасьля Лукашэнкі? Па якой Канстытуцыі будуць адбывацца новыя выбары? Як будуць выглядаць рэформы ў эканоміцы?»
- Падтрымка рэпрэсаваных (праца над стварэньнем міжнароднага фонду дапамогі рэпрэсаваным).
- Прыцягненьне вінаватых у рэпрэсіях да адказнасьці.
- Дапамога беларусам у выгнаньні.
- Умацаваньне нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусаў.
- Інфармацыйна-асьветная праца.
- Абарона незалежнасьці Беларусі («працуем над тым, каб арганізаваць слуханьні ў Радзе бясьпекі ААН»).
Ціханоўская таксама падкрэсьліла, што прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасьці Беларусі ня спыняцца, «пакуль ня вернуць сваю краіну». Яна таксама зьвярнулася да беларусаў унутры краіны: «...Захоўвайце баявы дух. Толькі разам мы зможам давесьці да канца тое, што пачалі ў 2020-м...».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нямеччыне і Нарвэгіі распавялі, як будуць разглядаць заявы беларусаў з пратэрмінаванымі пашпартаміКіраўніца Пераходнага кабінэту заявіла, што сёньня «выбары ў Каардынацыйную раду могуць стаць альтэрнатывай выбарам у псэўдапарлямэнт, якія праводзіць рэжым.
«Мы ў выбарах Лукашэнкі ня ўдзельнічаем — яны незаконныя. Але мы павінны скарыстацца гэтым як нагодай расказаць пра сваю альтэрнатыву. Правесьці грамадзка-асьветную кампанію, прасоўваць сваё бачаньне Новай Беларусі, паказаць кантраст з тым, што прапаноўвае рэжым».
Менавіта выбарам у Каардынацыйную Раду аддаў у сваім выступе асноўную ўвагу сьпікер структуры Андрэй Ягораў.
«Важна, каб у выбарах змаглі ўдзельнічаць усе прадстаўнікі Беларусі, дзе б яны ні знаходзіліся», — зазначыў Ягораў.
На яго думку, такі працэс пашырыць легітымнасьць дэмсілаў.
«Выбары — школа дэмакратыі (...) і самы просты варыянт забесьпячэньня адказнасьці. Калі нас ня выберуць — значыцца, наша палітычная праграма не зьяўляецца рэлевантнай», — сказаў Ягораў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дэлегацыя рэжыму зьмірылася, што страціла манаполію на прадстаўленьне Беларусі ў ААН». Інсайды візыту Ціханоўскай у Нью-Ёрк ад КавалеўскагаПаседжаньне Кабінэту праходзіла ў Музэі Вольнай Беларусі ў Варшаве 2 кастрычніка. Звычайна такія мерапрыемствы праводзяцца плянава раз на тыдзень у онлайн-фармаце, бо сябры кабінэту жывуць у дзьвюх розных краінах.
Што такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі
На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:
- Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
- Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
- Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
- Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
- І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.
У складзе Кабінэту пад кіраўніцтвам Ціханоўскай сярод іншых працуюць:
- Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
- Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
- Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
- Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
- Вольга Гарбунова — прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях;
- Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.
Аб’яднаны пераходны кабінэт Ціханоўскай заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту пляну «Перамога».
Аб’яднаны пераходны кабінэт патрабуе і будзе дабівацца безумоўнага вываду ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі.
Аб’яднаны пераходны кабінэт заснаваў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі і накіраваў свайго прадстаўніка ў Кіеў.