Вярхоўны суд ліквідаваў партыю «Справядлівы сьвет»

На зьезьдзе Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет», у цэнтры яе лідэр Сяргей Калякін. Архіўнае фота

Вярхоўны суд 29 верасьня ліквідаваў Беларускую партыю левых «Справядлівы сьвет».

На думку чальцоў ліквідаванай арганізацыі, з гэтага моманту ў Беларусі «больш няма партыяў» з «адрозным ад дзейнай улады поглядам на становішча спраў у краіне», якія «прапануюць грамадзтву альтэрнатыўныя варыянты палітычнага і сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця дзяржавы».

Паводле інфармацыі BPN, найбліжэйшым часам чальцы «Справядлівага сьвету» зоймуцца «стварэньнем новай палітычнай партыі», якая будзе выступаць за «дэмакратычны і сацыялістычны шлях разьвіцьця дзяржавы і грамадзтва».

2 чэрвеня партыя падала дакумэнты на перарэгістрацыю без сьпісу чальцоў — зь меркаваньняў бясьпекі, 30 чэрвеня Мінюст ёй у рэгістрацыі адмовіў. 26 верасьня Вярхоўны суд адхіліў скаргу на адмову ведамства перарэгістраваць «Справядлівы сьвет».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд разглядае пазоў аб ліквідацыі «Справядлівага сьвету» — апошняй дэмакратычнай партыі Беларусі

Сёлета ўлетку і ўвосень былі ліквідаваныя яшчэ дзесяць палітычных структураў: Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя — БНФ, Беларуская патрыятычная партыя, Беларуская партыя «Зялёныя», партыя «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада», Рэспубліканская партыя, Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды, Партыя БНФ, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада».

Напачатку верасьня стала вядома, што Беларуская аграрная партыя знаходзіцца ў працэсе самаліквідацыі.

Перарэгістраваныя праўладныя Камуністычная партыя Беларусі, Лібэральна-дэмакратычная партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці. Акрамя таго, зарэгістраваная партыя «Белая Русь».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд не задаволіў скаргу на адмову Міністэрства юстыцыі перарэгістраваць партыю «Справядлівы сьвет»

Напрыканцы 2022 года Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «на палітычным полі краіны павінныя працаваць толькі тыя партыі, дзейнасьць якіх адпавядае асноўным прынцыпам унутранай і зьнешняй палітыкі».

У лютым 2023 году ён падпісаў закон, які ўзмацніў патрабаваньні да палітычных сілаў і абавязаў усе існыя партыі прайсьці працэдуру перарэгістрацыі. У канцы таго ж месяца міністар юстыцыі Сяргей Хаменка спрагназаваў, што колькасьць партыяў пасьля перарэгістрацыі паменшыцца да «трох-чатырох».