Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд не задаволіў скаргу на адмову Міністэрства юстыцыі перарэгістраваць партыю «Справядлівы сьвет»


Вярхоўны суд. Ілюстрацыйнае фота
Вярхоўны суд. Ілюстрацыйнае фота

Вярхоўны суд 26 верасьня прыняў рашэньне адмовіць у задавальненьні скаргі Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» на рашэньне Міністэрства юстыцыі яе не перарэгістроўваць.

Дата разгляду пазову аб ліквідацыі гэтай партыі ў цяперашні час не прызначаная.

Партыя «Справядлівы сьвет» зьяўляецца апошняй з дэмакратычных, якая яшчэ пакуль не закрытая рашэньнем Вярхоўнага суду.

2 чэрвеня партыя падала дакумэнты на перарэгістрацыю бязь сьпісу сяброў (зь меркаваньняў бясьпекі), 30 чэрвеня Міністэрства юстыцыі ёй у гэтым адмовіла.

Улетку і ўвосень сёлета ўжо скасавалі рэгістрацыі дзесяці палітычных партый: Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, Беларускай патрыятычнай партыі, Беларускай партыі «Зялёныя», партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада», Рэспубліканскай партыі, Сацыял-дэмакратычнай партыя народнай згоды, Партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада».

У пачатку верасьня стала вядома, што Беларуская аграрная партыя знаходзіцца ў працэсе самаліквідацыі, у спісе зарэгістраваных палітычных сіл яе няма.

Перарэгістравалі праўладную Камуністычную партыю Беларусі, Лібэральна-дэмакратычную партыю, Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасьці. Акрамя таго, зарэгістравалі максымальна ляяльную Аляксандру Лукашэнку партыю «Белая Русь».

У канцы 2022 году Лукашэнка заявіў, што «на палітычным полі краіны павінны працаваць толькі тыя партыі, дзейнасьць якіх адпавядае асноўным прынцыпам унутранай і замежнай палітыкі». У лютым 2023-га ён падпісаў закон, які ўзмацніў жорсткасьць патрабаваньняў да палітычных сіл і абавязаў усе партыі, якія існуюць, прайсьці працэдуру перарэгістрацыі. У канцы таго ж месяца міністар юстыцыі Сяргей Хаменка спрагназаваў, што колькасьць партый пасьля перарэгістрацыі паменшыцца да «трох-чатырох».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG