Сябра АПК Гарбунова: Каля 18% сабраных на маратоне салідарнасьці сродкаў разьмеркавалі паміж профільнымі арганізацыямі

Вольга Гарбунова, архіўнае фота

Паміж профільнымі арганізацыямі разьмеркавана 104 тысячы эўра з сабраных падчас маратону салідарнасьці 574 406 тысяч (18,1%).

Пра гэта паведаміла BPN прадстаўніца ў сацыяльнай палітыцы Абʼяднанага пераходнага кабінэта (АПК) Вольга Гарбунова.

Паводле яе, частку сродкаў ужо атрымалі семʼі палітвязьняў згодна з крытэрамі, якія выпрацавала назіральная рада: грошы павінны выдаткоўвацца на аплату паслуг адваката, перадачы ў калёніі і СІЗА, падтрымку сямʼі.

Чакалася, што сродкі перададуць хутчэй, адзначыла Гарбунова, удакладніўшы, што няма падставаў гаварыць пра зацягваньне тэрмінаў разьмеркаваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Празь месяц пасьля маратону салідарнасьці з палітвязьнямі «Нам ня ўсё адно!» улады прызналі яго «экстрэмісцкім»

«Гэта зьвязана з шэрагам прычын, у тым ліку з памерам сумы, якая была сабраная ў рамках маратону. Мы сабралі ў разы больш, чым разьлічвалі. Пры пералічэньні сродкаў звыш пэўнай сумы патрабуецца натарыяльнае завярэньне дамоваў з фондамі, што павялічвала тэрміны рэалізацыі сабранай дапамогі», — сказала прадстаўніца АПК.

«У будучыні пэрыяд выплатаў зойме значна менш часу, таму што праца па адбудоўваньні працэсу, які ўжо зразумелы, дасьць вынік», — падкрэсьліла Гарбунова.

Яна заявіла пра абсалютны давер арганізацыям, якія будуць перадаваць сродкі семʼям палітвязьняў, і заклікала ставіцца да іх працы з удзячнасьцю. Усе грошы, удакладніла прадстаўніца кабінэта, пойдуць на дапамогу семʼям палітвязьняў, за вылікам камісіяў плацежнай сыстэмы Stripe і банкаўскіх пераводаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Раней мне хапала 800 рублёў, цяпер трэба 1200-1500». Як інфляцыя павялічвае кошт перадач для вязьняў

Ніводная арганізацыя, якая іх разьмяркоўвае, запэўніла Гарбунова, ня будзе пакрываць свае адміністрацыйныя выдаткі з сабраных грошай.

«Усе сродкі кантралююцца назіральнай радай. Рашэньні па разьмеркаваньні паміж 12 фондамі і праваабарончымі ініцыятывамі прымаюцца шляхам галасаваньня», — адзначыла суразмоўца BPN.

«Мы разумеем, што патрэбы семʼяў палітвязьняў велізарныя, гэта вялікі фінансавы цяжар. Калі ведаеш, што ў Менску дзень працы адваката каштуе ад 500 рублёў, а судовых пасяджэньняў могуць быць дзясяткі, разумееш, што сямʼя мае патрэбу ў вялікай падтрымцы. Сабраная сума — гэта, па сутнасьці, адзін-два месяцы падтрымкі палітвязьняў», — сказала прадстаўніца АПК.

Пасьля канчатковага разьмеркаваньня сродкаў, нагадала яна, пройдзе аўдыт на падставе распрацаванай працэдуры. Каналы перадачы дапамогі ня будуць названыя, а падчас праверкі справаздачнасьці кожны правяраючы падпіша пагадненьне аб невыдаваньні пэрсанальных дадзеных, ня зможа весьці фота- і відэаздымку справаздачнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская: За тыдзень сабраныя на маратоне сродкі разьмяркуюць паміж 13 ініцыятывамі і фондамі

Маратон салідарнасьці «Нам ня ўсё адно!» прайшоў 28–30 ліпеня.

Памер данатаў — ад 5 да 10 000 эўра. Папулярнай была сума 23 эўра 34 цэнты — у папярэдняй (да сакавіка 2021 году) рэдакцыі Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях артыкул «Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў» меў нумар 23.34.