Новазаводзкі раённы суд Чарнігава прыпыніў разгляд справы, якую завялі ў чэрвені 2017 году супраць грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі паводле падазрэньня ў шпіянажы, а ў 2019 годзе яго абмянялі на ўкраінскага журналіста Паўла Шаройку, асуджанага паводле аналягічнага абвінавачаньня ў Беларусі.
У судовым рашэньні не адзначаецца дакладна, на які тэрмін спынілі разгляд. Фармальна працэс спынілі на час міжнароднага вышуку Юрыя Палітыкі. Пра вышук абвясьцілі 29 чэрвеня 2023 году, бо з 2019 году Палітыка ігнараваў усе выклікі на судовыя пасяджэньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна абвясьціла ў міжнародны вышук беларуса Палітыку, якога тры гады таму абмянялі на ўкраінскага журналістаАбвінавачваньне прасіла суд дазволіць ажыцьцяўляць над беларусам завочны працэс, але суд адмовіў, бо атрымаў у жніўні 2023 году заяву, у якой Юры Палітыка паведаміў, што «ня мае магчымасьці зьявіцца на судовае пасяджэньне ў сувязі з баявымі дзеяньнямі на тэрыторыі Ўкраіны, абстрэламі Чарнігаўскай вобласьці і горада Чарнігаў расейскімі войскамі».
Юры Палітыка патлумачыў, што гэтыя абстрэлы ствараюць непасрэдную пагрозу ягонаму жыцьцю і здароўю, апроч таго, транспартнае злучэньне паміж Беларусьсю і Ўкраінай адсутнічае. Суд прызнаў гэтыя прычыны паважнымі для няяўкі ў суд.
Сёлета 25 ліпеня суд пастанавіў аб завочным арышце Юрыя Палітыкі.
Гісторыя шпіёнскага скандалу
Грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыку затрымалі ў чэрвені 2017 году на ўкраінскім памежным пераходзе «Новыя Ярылавічы», што на мяжы зь Беларусьсю. Падчас затрыманьня ў ягоным тэлефоне знайшлі зашыфраваны файл з мапай разьмяшчэньня вайсковых падразьдзяленьняў у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе і плянам наступальнай апэрацыі «Шторм».
Паўгода да затрыманьня спэцслужбы Ўкраіны сачылі за ўсімі кантактамі і перамяшчэньнямі Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве. Суд пачаў разглядаць ягоную справу па сутнасьці ў красавіку 2018 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускага «шпіёна» прывезьлі ва ўкраінскі суд з траўмамі, абаронцы заявілі аб катаваньняхУкраінскага журналіста Паўла Шаройку затрымалі ў Менску 25 кастрычніка 2017 году, празь некалькі месяцаў пасьля затрыманьня Юрыя Палітыкі ва Ўкраіне. Яго абвінавацілі ў стварэньні ў Беларусі шпіёнскай сеткі зь ліку грамадзян краіны, «якія за грашовае ўзнагароджаньне выконвалі ягоныя заданьні па зьбіраньні зьвестак выведнага характару ў вайскова-палітычнай сфэры».
23 траўня 2018 году Вярхоўны суд Беларусі прысудзіў украінскаму журналісту Паўлу Шаройку 8 гадоў пазбаўленьня волі. Ён адбываў пакараньне ў бабруйскай калёніі № 2 да 4 кастрычніка 2019 году, пакуль яго не абмянялі на Юрыя Палітыку перад візытам Аляксандра Лукашэнкі ва ўкраінскі горад Жытомір, дзе адбылася адзіная сустрэча Лукашэнкі з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Беларусь і Ўкраіна мяняліся «шпіёнамі». Эксклюзіўныя падрабязнасьці