Чарнігаўскі суд абвясьціў грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыку, якога абвінавачваюць у шпіянажы, у міжнародны вышук.
Беларус, якога 4 кастрычніка 2019 году абмянялі на асуджанага ў Беларусі ўкраінскага журналіста Паўла Шаройку, больш за тры гады не зьяўляўся на судовыя пасяджэньні, дзе мусіла разглядацца ягоная справа. Спачатку ён тлумачыў немагчымасьць прыезду ва Ўкраіну абмежаваньнямі праз пандэмію каранавірусу, потым праз баявыя дзеяньні ва Ўкраіне і адсутнасьць транспартнага злучэньня між Украінай і Беларусьсю.
Адной з умоў абмену ў 2019 годзе быў ягоны абавязковы ўдзел у пасяджэньнях суда, паколькі Паўло Шаройка ўжо атрымаў на той момант вырак у Беларусі.
У Палітыкі новы адвакат
Цяпер у Юрыя Палітыкі зьмяніліся адвакаты — Тарас Герэлюк паведаміў аб заканчэньні дамовы аб прадстаўленьні інтарэсаў беларуса, а прызначаная на бясплатнай аснове Валянціна Рагавец пасьля пачатку вайны выехала ў адну з эўрапейскіх краін і паведаміла суду, што не падтрымлівае сувязі з абвінавачаным у шпіянажы беларусам.
Суд прызначыў «беларускаму шпіёну» новага адваката, які на судовым пасяджэньні папрасіў калегію судзьдзяў разгледзець хадайніцтва Чарнігаўскай пракуратуры аб абвяшчэньні Юрыя Палітыку ў міжнародны вышук «з улікам матэрыялаў крымінальнай справы і адпаведна закону».
Пакуль невядома, хто будзе перакладаць судовы працэс на беларускую мову. Спачатку гэта рабіла этнічная беларуска Алена Беляванцава. У 2020 годзе яна памерла ад каранавірусу. Яе пахавалі побач з сынам Уладзімірам Блізьнюком, які загінуў, абараняючы ўкраінскі Данбас ад расейскай агрэсіі ў 2014 годзе.
За паўгода да абмену перакладчыкам на гэты працэс запрасілі Ягора Дзёбіка, беларуса паходжаньнем, які жыве ў Луцку.
На час вышуку Юрыя Палітыка крымінальнае вядзеньне спынілі.
Што папярэднічала
Беларускага грамадзяніна Юрыя Палітыку затрымалі праз падазрэньне ў шпіянажы ў чэрвені 2017 году на ўкраінскім памежным пераходзе «Новыя Ярылавічы», што на мяжы зь Беларусьсю. Ён адседзеў у сьледчым ізалятары Чарнігава да кастрычніка 2019 году, пакуль яго не абмянялі на ўкраінскага журналіста Паўла Шаройку, затрыманага ў Беларусі па аналягічным абвінавачаньні і асуджаным на 8 гадоў пазбаўленьня волі.
Падчас затрыманьня ў тэлефоне Юрыя Палітыка знайшлі зашыфраваны файл з мапай разьмяшчэньня вайсковых падразьдзяленьняў у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе і плянам наступальнай апэрацыі «Шторм». Паўгода да затрыманьня спэцслужбы Ўкраіны сачылі за ўсімі кантактамі і перамяшчэньнямі Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве.
Пасьля абмену справу супраць Юрыя Палітыкі не закрылі, і заплянавалі на 2022 год адразу некалькі пасяджэньняў, на якіх плянавалі прадоўжыць разгляд справы. Судовыя пасяджэньні не адбыліся ні ў 2022-м, ні ў 2023-м, паколькі Юры Палітыка не зьяўляўся.
Юрыя Палітыку абвінавачваюць паводле часткі 1 артыкулу 114 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (шпіянаж). Гэтыя дзеяньні караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з або без канфіскацыі.