Ва Ўкраіне суд завочна ўзяў пад варту грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыку, якога тры гады таму абмянялі на ўкраінскага журналіста, а месяц таму абвясьцілі яго міжнародны вышук праз ігнараваньне судовых пасяджэньняў.
Беларус, якога 4 кастрычніка 2019 году абмянялі на асуджанага ў Беларусі ўкраінскага журналіста Паўла Шаройку, больш за тры гады не зьяўляўся на судовыя пасяджэньні, дзе мусіла разглядацца ягоная справа. Спачатку ён тлумачыў немагчымасьць прыезду ва Ўкраіну абмежаваньнямі праз пандэмію каранавірусу, потым праз баявыя дзеяньні ва Ўкраіне і брак транспартнага злучэньня між Украінай і Беларусьсю.
Адной з умоваў абмену ў 2019 годзе быў ягоны абавязковы ўдзел у пасяджэньнях суду, бо Паўло Шаройка ўжо атрымаў на той момант вырак у Беларусі.
Нядаўна стала вядома, што ягоны адвакат Тарас Герэлюк, які абараняў беларуса паводле камэрцыйнае дамовы і кантактаваў зь беларускімі дыпляматамі ў Кіеве, пасьля расейскага ваеннага ўварваньня зьехаў з Украіны і цалкам адмовіўся ад юрыдычнай дзейнасьці. Цяпер ён займаецца харчовым бізнэсам у Вялікай Брытаніі.
Другая адвакатка, прызначаная Юрыю Палітыку на бясплатнай аснове, Валянціна Рагавец, пасьля пачатку вайны выехала ў адну з эўрапейскіх краін і паведаміла суду, што не падтрымлівае сувязі з абвінавачаным у шпіянажы беларусам.
Суд прызначыў «беларускаму шпіёну» новага адваката, які пагадзіўся з абвяшчэньнем міжнароднага вышуку Юрыя Палітыкі «з улікам матэрыялаў крымінальнай справы і адпаведна закону».
Што папярэднічала
Беларускага грамадзяніна Юрыя Палітыку затрымалі праз падазрэньне ў шпіянажы ў чэрвені 2017 году на ўкраінскім памежным пераходзе «Новыя Ярылавічы» на мяжы зь Беларусьсю. Ён адседзеў у сьледчым ізалятары Чарнігава да кастрычніка 2019 году, пакуль яго не абмянялі на ўкраінскага журналіста Паўла Шаройку, затрыманага ў Беларусі паводле аналягічным абвінавачаньні і асуджанага на 8 гадоў пазбаўленьня волі.
Падчас затрыманьня ў тэлефоне Юрыя Палітыка знайшлі зашыфраваны файл з мапай разьмяшчэньня вайсковых падразьдзелаў у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе і плянам наступальнай апэрацыі «Шторм». Паўгода да затрыманьня спэцслужбы Ўкраіны сачылі за ўсімі кантактамі і перамяшчэньнямі Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве.
Пасьля абмену справу супраць Юрыя Палітыкі не закрылі, і заплянавалі на 2022 год адразу некалькі пасяджэньняў, на якіх плянавалі прадоўжыць разгляд справы. Судовыя пасяджэньні не адбыліся ні ў 2022-м, ні ў 2023-м, бо Юры Палітыка на іх не зьяўляўся.
Юрыя Палітыку абвінавачваюць паводле часткі 1 артыкулу 114 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (шпіянаж). Гэтыя дзеяньні караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй або безь яе.