У стужцы «Зялёная мяжа» апавядаецца гісторыя сырыйскай сям’і, якая спрабуе перайсьці мяжу Беларусі і Польшчы, каб трапіць да сваякоў у Швэцыю. Таксама, як тысячы мігрантаў любой цаной спрабуюць трапіць у Эўропу нелегальна, а на мяжы сутыкаюцца з варожым стаўленьнем з боку беларускіх і польскіх памежнікаў. Паказалі ў фільме і актывістаў, якія спрабуюць дапамагчы ўцекачам.
«Зялёная мяжа» ўжо атрымала спэцыяльны прыз журы 80-га Вэнэцыянскага міжнароднага кінафэстывалю.
Павал Гарадніцкі, Алег Гарбуз і Дзяніс Тарасенка ў ролях беларускіх памежнікаў
У «Зялёнай мяжы» здымалася інтэрнацыянальная каманда актораў. Агнешка Голянд запрасіла і некалькіх беларусаў: купалаўца Алега Гарбуза, актораў «Свабоднага тэатру» зь вядомага гурту «РСП» («Разьбітае сэрца пацана») — Паўла Гарадніцкага і Дзяніса Тарасенку.
Гарадніцкі перакананы, што ў многім рэкляму і піяр фільму зрабілі менавіта польскія ўлады.
«Іх неадназначныя выказваньні, іхны хэйт у бок Агнешкі Голянд зацікавілі людзей. Фільм выклікаў такія дыскусіі таму, што ён неадназначны. Там паказана, што ня толькі беларускія памежнікі дрэнныя, палякі таксама. А мігранты апынуліся паміж молатам і кавадлам. І туды нельга, і сюды нельга.
Фільм складаны. Гэта клясна, калі мастацтва не дае прамога адказу, што рабіць. І ў мяне няма адназначнага адказу, як у такой сытуацыі сябе паводзіць.
Фільм вельмі важны: каб задумаліся людзі пра тое, што адбываецца насамрэч літаральна побач, што на мяжы людзі гінуць. Ну і тое, што ён выклікаў такую рэакцыю ў палітычным асяродзьдзі, таксама важны паказчык: фільм ударыў па балючым, у Польшчы зараз адбываюцца ня вельмі добрыя працэсы», — кажа беларускі актор Павал Гарадніцкі.
Ён расказаў, як беларусы трапілі да Агнешкі Голянд. У варшаўскі «Новы тэатар» на спэктакль «1,8 м», заснаваны на рэальных гісторыях палітвязьняў зь Беларусі, прыйшла агент рэжысэркі. Яна выбрала Паўла Гарадніцкага і Алега Гарбуза. Яшчэ ў фільме здымаўся Дзяніс Тарасенка.
«Мы ўтрох ігралі памежнікаў беларускіх. Працаваць з рэжысэркай такога ўзроўню было цікава. Можна залічыць сабе гэта ў дасягненьне, бо я бачыў, як працуе такая слынная, вядомая рэжысэрка, я сам паўдзельнічаў у працэсе.
А сам працэс быў вельмі файны, вельмі спакойны. Пані Агнешка ведае, чаго хоча, дамагаецца гэтага, нават калі ў актора не атрымліваецца, яна можа 10-20 дубляў зрабіць. У яе ёсьць бачаньне карціны ў цэлым», — разважае Павал.
Сам Гарадніцкі ня лічыць, што ягоная роля выбітная, ён толькі крычаў, у фільме чуваць ягоны голас. Была такая сцэна: ён як беларускі памежнік павінен быў гнаць мігрантаў у бок Польшчы.
«Мы прыяжджалі на квадрацыклах, усё адбывалася вельмі хутка, дынамічна. Да мяне падышла Агнешка і спытала: «На якой мове беларускія памежнікі гналі б мігрантаў, на беларускай?». Я адказаў: «Не, вядома. Па-расейску». Яна кажа: «Я так і думала. Тэксту дакладнага ў цябе няма, імправізуй, мацюкайся, раві, крычы — задача загнаць іх на той бок плоту», — успамінае актор.
Да ролі Павал асабліва не рыхтаваўся, ня быў і на беларускай мяжы. Але меў досьвед затрыманьня АМАПам.
«Думаю, што памежнікі дзейнічалі, як і амапаўцы, — жорстка гналі сваіх ахвяраў. Абыходжаньне, як з быдлам. Ці складана было граць? Не, гэта мая прафэсія. Мне, дарэчы, больш падабаецца граць адмоўных пэрсанажаў», — прызнаецца Павал Гарадніцкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фільм пра мігранцкі крызіс на беларускай мяжы атрымаў спэцыяльную ўзнагароду Вэнэцыянскага кінафэстывалю
Ці пакажуць «Зялёную мяжу» ў Беларусі?
У дзяржаўнай «СБ. Беларусь сегодня» днямі выйшаў артыкул былога прэсавага сакратара Памежнага камітэту Беларусі Аляксандра Цішчанкі з загалоўкам «Пра фільм, які ў Польшчы назвалі нацысцкім». Аўтар піша:
«Фільм унікальны ўжо тым, што здымалі яго падпольна. Глядзець, падобна, будуць таксама. Самае цікавае, што колькасьць крытыкаў расьце хутчэй, чым колькасьць праглядаў. Можна нават сказаць дакладней: гэта фільм, які мала хто глядзеў, але абмяркоўваюць усе».
Ці бачыў «Зялёную мяжу» сам Цішчанка, дакладна не вядома. Стужкі ў вольным доступе няма. У Польшчы «Зялёная мяжа» ідзе з аншлягамі ў буйных кінатэатрах.
Павал Гарадніцкі мяркуе, што наўрад ці фільм пакажуць у Беларусі.
«Яго маглі б паказаць, выразаўшы сцэны зь беларускімі памежнікамі. Каб толькі паказаць, якія палякі дрэнныя, адпраўляюць назад гэтых няшчасных мігрантаў. Выкарыстаць гэта ў мэтах прапаганды. Але тут ня выражаш ніяк. Так што цалкам фільм не пакажуць, я перакананы на 100%. Але хто захоча, той знойдзе ў інтэрнэце, неўзабаве ён зьявіцца ў сеціве», — кажа актор Гарадніцкі.
Спроба гібрыднай агрэсіі
Кінааглядальнік Тарас Тарналіцкі адным зь першых паглядзеў «Зялёную мяжу». На яго думку, тэма ўцекачоў палітызаваная, сама зьява зь міграцыйным крызісам штучная і была створана, каб Эўразьвяз быў калі не шакаваны, то дэстабілізаваны.
«Тое, што адбывалася ў 2021 годзе на беларуска-польскай мяжы — спроба гібрыднай агрэсіі, як яе называе і Агнешка Голянд. Гэта прамаўляе і адзін з кіраўнікоў памежнай службы. Палітызацыяй скарысталася кіроўная партыя Польшчы PiS („Права і справядлівасьць“).
Мне здаецца, фільм атрымаўся такім жа палітызаваным. Яго прэм’ера была прымеркаваная да выбараў у Польшчы. „Мэдыйны замес“ распачаўся яшчэ да выхаду фільму, а цяпер ператварыўся ледзь не ў цкаваньне рэжысэркі Агнешкі Голянд з боку „Права і справядлівасьці“.
Але палітычная пазыцыя рэжысэркі ў фільме відаць — яна праз пэрсанажаў кпіць з правячай партыі. Гэта няроўная барацьба кінамастака з палітыкамі. Але я б сказаў, што гэта элемэнт палітычнай барацьбы», — кажа Тарас Тарналіцкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галівуд вяртаецца ў Беларусь. Незразумела толькі, наколькі законнаВыпрабаваньне для польскага грамадзтва
Праблема крызісу на мяжы дагэтуль існуе, і распрацаваная яна была Лукашэнкам і Пуціным. Калі чалавек не ў кантэксьце, можа паверыць, што гэтыя людзі прыехалі на мяжу і іх сілком запіхвалі на польскі бок, працягвае спадар Тарналіцкі.
«Але мігранты ведалі, куды яны едуць і што будуць нелегальна пераходзіць мяжу. Гэта была своеасаблівая агрэсія з боку Беларусі — перапраўляць уцекачоў за мяжу. Але гэта не апраўдвае польскіх памежнікаў, якія таксама дзейнічалі жорстка і брутальна. Такога выпрабаваньня польскае грамадзтва не прайшло. Агнешка Голянд робіць акцэнт выключна на польскі бок, нібыта людзі прыехалі, а іх польскія памежнікі не пусьцілі. Я б не сказаў, што яны паказаныя такімі нацыстамі, у асноўным яны ў такой „шэрай зоне“ паказаныя: ёсьць добрыя, ёсьць і дрэнныя.
Хаця ёсьць адзін з галоўных герояў, польскі памежнік, у якога жонка вось-вось народзіць. Ён вельмі вагаецца і пераходзіць у канцы фільма на бок людзей, якія спрабуюць усё ж такі перацягнуць мігрантаў у Польшчу і трапіць у Эўразьвяз. У палякаў ёсьць надзея на добрае разьвязаньне сытуацыі. У беларусаў — няма», — мяркуе спадар Тарналіцкі.
Сама рэжысэрка Агнешка Голянд у інтэрвію Радыё Свабода перад прэм’ерай прызналася, што ў фільме добрых беларусаў няма.
«На жаль, пры ўсёй маёй сымпатыі да беларускага народу, у фільме мы бачым толькі прадстаўнікоў рэжыму. Гэта вельмі жорсткія і карумпаваныя памежнікі, сілавікі на мяжы. На жаль, у фільме мы ня бачым добрых беларусаў, пра гэта трэба было б зрабіць іншы фільм», — кажа спадарыня Голянд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пры ўсёй маёй сымпатыі да беларускага народу ў фільме няма добрых беларусаў». Агнешка Голянд зьняла кіно пра сытуацыю на мяжыКінааглядальнік Тарас Тарналіцкі зазначае, што агулам беларускія памежнікі ў «Зялёнай мяжы» паказаныя як нацысты: яны б’юць людзей, яны перакідваюць трупы церазь мяжу, бо людзі паміраюць, яны прадаюць ваду мігрантам за 50 эўра.
«Магчыма, гэта мастацкі прыём, згушчэньне фарбаў. Фільм, хоць і супярэчлівы, але ўсё ж нясе гуманістычны пасыл польскаму грамадзтву, якое павінна зьмяніць сваё стаўленьне да мігрантаў.
У канцы фільма ёсьць такая аптымістычная сцэна, дзе польская моладзь размаўляе зь цемнаскурай моладзьдзю па-француску, яны разам чытаюць рэп — і паміж імі няма бар’ераў. Усе гэтыя межы, пра якія расказвае спадарыня Голянд, існуюць насамрэч вельмі штучна», — выказвае надзею беларускі кінааглядальнік Тарас Тарналіцкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выкінуць зусім не маглі, дык заблюрылі твар». Як у сэрыяле пра «Песьняроў» схавалі беларускага актора«Агідны пасквіль»
Вобразы польскіх памежнікаў і паліцыі выклікалі вялікую хвалю крытыкі. Польскія ўлады абвінавачваюць рэжысэрку ў тым, што яна ставіць пад сумнеў годнасьць польскіх функцыянэраў. У фільме яны не праяўляюць чалавечнасьці да мігрантаў, якія часам знаходзяцца на мяжы жыцьця і сьмерці, сілай выпіхваюць людзей на беларускі бок.
«Гэты фільм робіць з нас, палякаў, прымітыўную банду людзей, якія не заслугоўваюць павагі. Спадарыня Голянд хоча гэтым фільмам адначасова паказаць, што мы расісты, што мы не прынялі мігрантаў пад свой дах толькі таму, што іх культура не падобная да нашай. Не. Мы разумеем геапалітыку. Палякі разумеюць вагу вайны ва Ўкраіне», — гаворыць прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі.
Прэс-сакратарка Памежнай службы Польшчы, лейтэнант Ганна Міхальская, заявіла, што «Зялёная мяжа» скажае сапраўдны вобраз службоўцаў на польска-беларускай мяжы.
«Не было зроблена ніводнай спробы кансультацыі з намі наконт гэтых падзей. Я са зьдзіўленьнем прачытала, што аўтары кажуць, што гэта фільм з пэрспэктывы Памежнай службы. Там няма ніякай пэрспэктывы Памежнай службы і няма нічога супольнага з сапраўднымі падзеямі», — заявіла Ганна Міхальская.
Прадстаўніца Памежнай службы запэўніла, што яе супрацоўнікі дапамагаюць мігрантам.
Намесьнік кіраўніка МУС Польшчы Блажэй Пабожы заявіў на прэс-канфэрэнцыі, што ў фільме «Зялёная мяжа» шмат няпраўды.
«Я доўга шукаў слова, каб апісаць свае супярэчлівыя эмоцыі што да гэтай карціны, і лічу, што лепшае за ўсе — гэта агідны пасквіль», — заявіў ён.
На ягоную думку, у фільме Агнешкі Голянд «надзвычай несправядлівым, несанкцыянаваным спосабам паказаныя функцыянэры памежнай службы, жаўнеры, усе тыя, хто абараняе польскую мяжу, рызыкуючы сваім здароўем і жыцьцём. Фільм няславіць добрае імя польскага памежніка, паліцыянта, жаўнера. Нават жыхары памежных гарадоў былі паказаныя там вельмі некарэктна і недазволена», — сказаў Блажэй Пабожы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Скандалы, крымінальныя справы, палітрукі. Што было на «Беларусьфільме» раней і чаго чакаць пры новым дырэктаруМігранцкі крызіс — 2021. Асноўнае
- У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
- Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
- Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
- У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
- Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
- Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
- Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
- 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
- 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
- На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
- 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
- У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
- 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
- 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
- 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
- Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
- 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
- Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
- 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
- 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
- На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
- На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
- За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
- Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.