Сьцісла:
- Траўма і ўрокі 2020 году былі надта балючымі для Лукашэнкі.
- Шмат якія дзеяньні выглядаюць выключна як прыватная вендэта Лукашэнкі, рэалізацыя ягоных комплексаў.
- Немагчыма ўявіць, што «інфаказачка» Бондарава можа стаць праблемай уласна для самога Лукашэнкі, выступіць супраць яго.
- У пэўны момант ва ўладным лягеры пачнецца гарачая бойка, усе будуць намагацца выйсьці з кругавой парукі.
— Улады пасьлядоўна скасоўваюць рэгістрацыю ўсіх беларускіх апазыцыйных партыяў. У палітычным полі, відавочна, застануцца толькі 4 праўладныя партыі — «Белая Русь», Камуністычная партыя, Лібэральна-дэмакратычная партыя і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці. Калі ў краіне зачышчаная любая публічная пратэставая актыўнасьць, навошта зьнішчаць усе апазыцыйныя партыі? Чаму б не пакінуць некаторыя зь іх для імітацыі шматпартыйнасьці?
— Траўма і ўрокі 2020 году былі надта балючымі для Лукашэнкі. Ня столькі для сыстэмы, як для самога Лукашэнкі. Тады ён дапусьціў Сьвятлану Ціханоўскую да ўдзелу ў выбарах, думаючы, што за яе ніхто не прагаласуе. Але народ мабілізаваўся, быў шалёны рост яе рэйтынгу, што вылілася ў нечуваную масавую падтрымку.
Таму яны баяцца ня столькі існаваньня партыяў, колькі таго, што ў гэтых партыяў зноў можа зьявіцца магчымасьць для ўплыву на сытуацыю. Пры тым, што нават узьнікае пытаньне, наколькі гэтыя партыі былі на самой справе апазыцыйнымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У менскім мэтро зрабілі паказальнікі на беларускай і расейскай мовах, без лацінкі. ФОТА— Улада сапраўды перастрахоўваецца. Але, можа, акрамя траўмы 2020 году, можна гаварыць і пра стратэгічнае імкненьне пабудаваць такую сыстэму, дзе ня будзе нават імітацыі апазыцыі, дзе ўсё грамадзтва павінна падпарадкоўвацца і актыўна дэманстраваць ляяльнасьць? Па-вашаму, яны ўсур’ёз вырашылі ператварыць Беларусь у Паўночную Карэю ці ГДР?
— Гэта лукашэнкаўская мара — стварыць ва ўмовах Беларусь нейкае падабенства ідэяў чучхэ. Для гэтага яны спрабуюць выхоўваць дзяцей у адпаведным духу з малых гадоў. Аднак мне здаецца, што ў кантэксьце апошніх падзеяў гэта не глябальны стратэгічны падыход, а найперш адгалоскі той самай траўмы 2020 году. Шмат якія дзеяньні выглядаюць выключна як прыватная вэндэта Лукашэнкі, рэалізацыя ягоных комплексаў. Маўляў, адзін раз я ўжо памыліўся, дазволіў лібэралізацыю, другі раз не хачу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такая «ябацька» Сьвятлана Вараніца, якая крытыкуе Азаронка і Бондараву— Я не выпадкова згадаў ГДР, бо там таксама існавалі 4 кантраляваныя ўладай партыі, а ня толькі асноўная. Магчыма, тое, што Лукашэнка хоча пабудаваць, больш падобна не на Паўночную Карэю, а на ГДР? І, дарэчы, навошта ім 4 партыі, чаму было б не пакінуць адну толькі Белую Русь?
— Дзеля імітацыі нейкага выбару. Лукашэнка часам выдае даволі дзіўныя прамовы — мабыць, яму баліць, што ён апынуўся ў такім куце. Таму ён дае такія нібыта сыгналы: «А давайце размаўляць, давайце шукаць шляхі да згоды». Тут і пэўныя спробы кантактаў з прадстаўнікамі Эўразьвязу. Магчыма, тут варта згадаць і знакаміты поціск рук Франака Вячоркі і міністра замежных справаў Алейніка. Але тут уладам «і хочацца, і колецца»: яны вельмі непасьлядоўныя.
— Сыгналы сыгналамі, але справы гавораць за сябе. Рэпрэсіі працягваюцца, саджаюць за падабайкі і перапосты. І чаму на фоне такога задушэньня ўсяго жывога ўладу так хвалююць парлямэнцкія выбары? Зьбіраюцца нарады, робяцца заявы, адбываецца ідэалягічная апрацоўка.
— Выбары набліжаюцца, трэба выдаваць імітацыю, гуляць у спробы дэмакратыі. Пры ўсім гэтым мне здаецца, што ліквідацыя партыяў мала хвалюе кагосьці — як у Беларусі, гэтак і ў Эўразьвязе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Галоўная даносчыца Беларусі». Хто такая Вольга Бондарава, якая змагаецца з Геніюш, Марзалюком і «Хагі-Вагі»— Тым часам унутры ўлады часам даволі востра адбываюцца розныя разборы, сутыкненьні. «Інфаказачка» Бондарава нападае нават на чыноўнікаў, і яны ёй адказваюць. Чаму такія рэчы адбываюцца, пра што гэта сьведчыць? Можа, такія маргінальныя асобы, як Бондарава, адчуваюць за сабой падтрымку Масквы, таму і не баяцца выступаць супраць чыноўнікаў?
— Яна, зразумела, адчувае за сабой «руку Масквы» і так ці інакш за яе трымаецца. Але мне думаецца, што для самога Лукашэнкі гэта выглядае як кантраляваная хімічная рэакцыя ў колбе. Ён назірае, як там усё бурліць, сквірчыць і разьлятаецца. Але ён ведае, што гэта ў колбе, і не выходзіць за яе рамкі. І калі Бондарава атакуе чыноўнікаў, то хай гэта робіць: ад гэтага нічога ня зьменіцца, пакуль сам Лукашэнка не захоча.
Немагчыма ўявіць, што Бондарава можа стаць праблемай уласна для самога Лукашэнкі, выступіць супраць яго. Таму гэта ўсё такая кантраляваная рэакцыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што яднае беларускіх прапагандыстаў і карыкатурных самураяў— У «Белую Русь» запісваюць (ці зганяюць) фактычна ўсіх чыноўнікаў, усіх асобаў хоць зь нейкай пасадай, пачынаючы ад дырэктараў школаў і загадчыкаў аддзяленьняў у шпіталях. Таму, як і ў КПСС, натуральна, там будуць сабраныя вельмі розныя людзі, з рознымі адценьнямі палітычных поглядаў. У СССР гэта ўсё праявілася з пачаткам перабудовы, калі з шэрагаў КПСС выйшлі і рэфарматары, і праціўнікі перабудовы. Ці могуць неяк праявіцца ідэйныя супярэчнасьці ўнутры Белай Русі? Ці, пакуль Лукашэнка кіруе, гэта не адбудзецца?
— Ідэйныя супярэчнасьці, відавочна будуць. Але пакуль Лукашэнка трымае ўладу, гэта ня выйдзе вонкі. А вось як толькі ён нейкім чынам адыдзе ад улады, там пачнецца зацятая барацьба: будуць друкаваць кампраматы, абвінавачваць у здрадзе — дзеля спробы выйсьці сухімі з вады. Бо гэтая партыя аб’ядноўвае вельмі розных людзей, якія пайшлі туды (альбо іх загналі), але адны зь іх у прынцыпе адданыя Беларусі, а іншыя — Расеі. І ў пэўны момант там пачнецца гарачая бойка, усе будуць намагацца выйсьці з кругавой парукі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бондарава: «Мне пад пагрозай валуна ў падваротні забаранілі крытыкаваць любых небажыхароў»