Былы кіраўнік таварыства беларускай культуры ў Іркуцку Алег Рудакоў і ягоная жонка Вольга выйшлі на волю пасьля 30 сутак арышту, піша BPN.
«Алега і Вольгу адпусьцілі некалькі дзён таму, але сказалі рыхтавацца да суду аб экстрадыцыі ў Расею», — сьцьвярджае суразмоўца агенцтва.
Мужа і жонку Рудаковых затрымалі 24 жніўня ў Полацкім раёне (Віцебская вобласьць) і асудзілі па арт. 19.11 КаАП (распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Затрыманьне адбылося ў доме Рудаковых у вёсцы Бязьдзедавічы:
«Міліцыя сказала, што іх адвязуць у горад на размову гадзіны на тры, таму яны ня бралі з сабой зьменных рэчаў і сродкаў гігіены».
Алег Рудакоў нарадзіўся ў Беларусі. Больш за 30 гадоў пражыў у Расеі, стварыў і на працягу 17 гадоў узначальваў у Іркуцку Таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага.
У 2020 годзе канчаткова вярнуўся ў Беларусь. Яго жонка Вольга вядзе майстар-клясы па традыцыйным беларускім гафце ў полацкім Музэі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я.
У красавіку 2010 году ўказам Аляксандра Лукашэнкі Рудакоў быў узнагароджаны мэдалём Францыска Скарыны «за заслугі ва ўмацаваньні культурных сувязей паміж Беларусьсю і Расеяй, вялікі асабісты ўклад у захаваньне традыцый беларускай культуры».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Полацкім раёне затрымалі вядомага дзеяча беларускай дыяспары Алега Рудакова разам з жонкай ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былога кіраўніка таварыства беларускай культуры ў Іркуцку Алега Рудакова і ягоную жонку Вольгу арыштавалі на 30 сутак ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рупліўца беларускай культуры Алега Рудакова ўзнагародзілі мэдалём БНР-100 ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кожны, хто зьехаў, урэшце павінен вярнуцца». Беларус з Байкала Алег Рудакоў праз 35 гадоў наноў абжываецца ў бацькоўскай хаце