У Беларусі забаранілі вучыцца на мовах нацыянальных мяншыняў. Польскія і літоўскія школы перайшлі на расейскую мову. Настаўнікі польскай мовы перакваліфікаваліся на беларускую або расейскую. Але дзеці па-ранейшаму плянуюць выяжджаць зь Беларусі.
Дазволілі адзін урок польскай мовы і літаратуры
Яшчэ нядаўна ў Беларусі было чатыры школы, дзе вучыліся на мове нацыянальных мяншыняў. Усе прадметы там выкладалі па-польску або па-літоўску. Іх наведвалі больш за тысячу дзяцей. Усе чатыры ўстановы месьціліся на Горадзеншчыне:
- Горадня, польская мова, школа № 36, 620 вучняў;
- Ваўкавыск, польская мова, школа № 8, 250 вучняў;
- Пеляса Воранаўскага раёну, літоўская мова, 127 вучняў;
- Рымдзюны Астравецкага раёну, літоўская мова, 82 вучні.
У ліпені 2023 году ў Беларусі скарэктавалі закон «Аб мовах» і скасавалі права вучыцца на мовах нацыянальных мяншыняў. Былыя польскія і літоўскія школы перавялі на расейскую мову навучаньня яшчэ ў мінулым навучальным годзе. Польскую мову і літаратуру дазволілі вывучаць па адной гадзіне на тыдзень.
Школу ў Пелясе ўвогуле закрылі ў верасьні 2022 году нібыта за невыкананьне правілаў пажарнай бясьпекі. Дзяцей перавялі ў іншыя ўстановы. Тады ж улады прымусова закрылі і Польскае школьнае таварыства («Polska Macierz Szkolna»), самую буйную польскамоўную грамадзкую школу ў Горадні, якую дзеці наведвалі пасьля заняткаў у сярэдняй школе.
На месца ў польскіх школах раней быў вялікі конкурс. Бацькі першаклясьнікаў начавалі пад школай у чэргах, каб запісаць туды сваё дзіця. Многія вучні ішлі туды, каб потым паступіць ва ўнівэрсытэты Польшчы.
Бацькі аддавалі туды дзяцей і дзеля захаваньня сваёй нацыянальнай ідэнтычнасьці. Гэтыя школы былі вядомыя лепшымі ўмовамі: невялікія па памеры і колькасьці вучняў, добра абсталяваныя за эўрапейскія грошы. У школе нацыянальных меншасьцяў дбайна захоўвалі традыцыі, адзначалі нацыянальныя сьвяты, вучылі песьні і танцы краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палова біялёгіі — чарвякі, а матэматыкі непатрэбныя. 7 цытатаў Лукашэнкі пра адукацыю
«Зьнікла ўсё, што напісана лацініцай, нават глёбусы»
Ганна, маці аднаго з вучняў, які наведвае школу № 36 у Горадні (імёны зьмененыя дзеля бясьпекі суразмоўцаў. — РС) расказала Свабодзе, што польская мова і літаратура цалкам зьнікла са школы. Няма нават факультатываў, хоць яны дазволеныя законам. Але школу ў народзе ўсё адно называюць «польскай».
«Зьнікла ўсё, што напісана лацініцай, нават глёбусы. Ні-чо-га няма», — камэнтуе Ганна.
Па словах суразмоўцы, настаўнікі, якія раней вялі польскую мову, засталіся працаваць у школе. Яны перакваліфікаваліся і вядуць расейскую і беларускую мовы.
«Працуюць. Любяць школу і ня хочуць пакідаць. Хаця б маглі зарабляць добрыя грошы прыватна», — кажа Ганна.
Зь ейных словаў, пасьля зьменаў кіраўніцтва школы не зьмянялася, звольнілі толькі адну намесьніцу дырэктара.
Дзяцей, з назіраньняў Ганны, менш ня стала, хаця шмат сем’яў выехалі за мяжу. Аднак і шмат новых вучняў прыйшло.
«Шмат прыйшло, бо нарэшце ў прыгожую школу можна хадзіць бяз польскай мовы. Грандзічы (малады мікрараён Горадні паблізу ад школы № 36. — РС) ж будуюцца», — кажа яна.
Магчымасьць вучыць польскую мову ў Горадні застаецца: працуюць прыватныя курсы, рэпэтытары. Многія дзеці, якія раней хадзілі ў польскую школу, са словаў Ганны, усё гэтак жа плянуюць паступаць у Польшчу. Іхныя намеры ад зьменаў у беларускім заканадаўстве не перамяніліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Rzeczpospolita: Польскія школы ў Беларусі пераводзяць на расейскую мову«Усе кнігі па-польску вывезьлі»
Эмілія, абазнаная ў сытуацыі школы № 8 у Ваўкавыску, расказала Свабодзе, што летась у школе яшчэ заставаўся факультатыў польскай мовы раз на тыдзень. Сёлета нават яго адмянілі, польскай мовы няма зусім.
«Усю бібліятэку і ўсе якія-кольвек кнігі па-польску вывезьлі, каб не засталося ніякіх успамінаў пра польскасьць», — кажа суразмоўца.
Дзеці ў гэтай маленькай школе раней вучыліся ў адну зьмену, цяпер ходзяць у дзьве.
Паводле Эміліі, атмасфэра ў школе, якая раней была вядомая сваёй дэмакратычнасьцю, стала аўтарытарнай. Зьявіліся вайскова-патрыятычныя клясы.
Са словаў суразмоўцы, дзеці не пакідалі школу пасьля зьменаў, бо спадзяваліся, што польская мова ўсё адно застанецца. Цяпер у першыя клясы былой польскай школы набіраюць паводле месца прапіскі. Калі застаюцца вольныя месцы, дабіраюць зь іншых раёнаў.
Ахвотных вучыцца ў школе № 8, паводле яе, па-ранейшаму шмат. Школа невялікая, сучасная, добра абсталяваная дзякуючы ранейшым польскім інвэстыцыям.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каб не капаць бульбу». Чаму беларускія дзеці ідуць вучыцца ў польскія школы?